Гродзенскі журналіст і праваабаронца абскарджвае пастанову суда
Журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч падаў у Гродзенскі абласны суд скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна (суддзя Алена Пятрова), які 25 лістапада аштрафаваў яго нібыта за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” на 35 базавых велічыняў.
Сябраў ГА “БАЖ” Міхала Карневіча і Уладзіміра Хільмановіча з Гродна палічылі вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў). “Правапарушэнне”, якое ім інкрымінуецца, адбылося 26 кастрычніка ў горадзе Свіслач Гродзенскай вобласці падчас цырымоніі ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага 1863 года.
Уладзімір Хільмановіч патлумачыў ГА “БАЖ” сваю пазіцыю:
- Я ўказваю ў сваёй касацыйнай скарзе на супярэчнасці, якія можна ўбачыць нават у матэрыялах судовай справы. Канешне, шанцаў выйграць касацыйны суд амаль ніякіх у сённяшняй сістэме, але будзем абскарджваць да ўзроўню Камітэта па правах чалавека ААН. Бо па сутнасці быў даказаны толькі факт нашай прысутнасці на Свіслаччыне. Ніякага актыўнага ўдзелу з транспарантамі, з лозунгамі, з сімволікай. Я даводжу таксама, што не было гэтага масавага мэрапрыемства – было ўшанаванне памяці паўстанцаў. Я таксама меў пры сабе журналісцкае пасведчанне, якое я мог прад’явіць. Ніхто да мяне не падыходзіў і не папярэдвжаў, што я нешта парушаю. Я маю права як журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” прысутнічаць у кожным месцы нашай краіны, дзе няма ніякага закрытага рэжыму.
За правядзенне дня памяці 26 кастрычніка ў горадзе Свіслач было асуджана каля дзесятка чалавек, частка з якіх атрымала штрафы ад 15 да 35 базавых велічыняў. Сярод іх – два сябры ГА “БАЖ”: Міхал Карневіч і Уладзімір Хільмановіч.
Міхал Карневіч падаў скаргу на свой прысуд 3 снежня.