viasna on patreon

Еўрасаюз не збіраецца ігнараваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

2015 2015-02-24T16:51:25+0300 2015-02-24T17:15:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік кіраўніка ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч распавёў пра змест сустрэчы з прадстаўнікамі знешнепалітычнага ведамства Еўрасаюза, якая праходзіла 24 лютага ў офісе Еўракамісіі ў Мінску.

Разам з прадстаўніком “Вясны”, арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі на сустрэчы прадстаўлялі Жанна Літвіна (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Дзмітрый Чарных (Беларускі Хельсінкскі камітэт), Сяргей Мацкевіч (Асамблея НДА), Андрэй Ягораў (Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі), Дзяніс Мельянцоў (Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў), Алена Красоўская-Каспяровіч (Платформа інавэйшн) і Аляксей Казлюк (Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend). З боку Еўрапейскай службы знешняй дзейнасці - намесніца генсакратара Хельга Шмідт, дырэктар Дэпартамента па сувязях з краінамі Усходняга партнёрства Гунар Віганд, а таксама кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора.

Еўрачыноўнікі праводзілі гэтую сустрэчу адразу пасля сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам. Як адзначыў па выніках Валянцін Стэфановіч, размова была хоць і непрацяглая, але дастатковая, каб абмеркаваць з прадстаўнікамі ЕС асноўныя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

“Нашую размову шаноўныя госці распачалі з таго, што на іх сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі прэзідэнт адзначыў, што Рэспубліка Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Украіны, але разам з тым былі абмеркаваныя пытанні датычныя не толькі ўкраінскага крызіса, але і правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Спадарыня Шмідт, у прыватнасці, адзначыла, што Еўрасаюз вітае пазіцыю кіраўніцтва Беларусі па Украіне, але гэта не азначае, што яны не будуць заўважаць тое, што адбываецца ў Беларусі, паколькі Еўрасаюз заўсёды грунтаваўся на каштоўнасным падыходзе ў пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі”, - распавёў праваабаронца.       

У размове Валянцін Стэфановіч адзначыў, што праваабаронцы таксама падтрымліваюць пазіцыю беларускіх уладаў у дачыненні да ўкраінскага крызісу, “але, як было абсалютна справядліва адзначана, гэта не азначае, што мы не павінны заўважаць і крытыкаваць сітуацыю, якую мы маем унутры краіны”.   

“Я выказаў занепакоенасць тым, што на жаль не так шмат пазітыўных момантаў і зменаў, якія б мы маглі адзначыць. Што асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы па-ранейшаму маюць досыць абмежаваны характар – як свабода асацыяцыяў, мірных сходаў, выказвання свайго меркавання. Што мы вельмі негатыўна, крытычна адзначылі апошнія змены ў закон аб сродках масавай інфармацыі…”, - прыгадаў змест свайго выступу Стэфановіч.

Увагу прадстаўнікоў Еўрасаюза праваабаронца засяродзіў на праблеме паітычных вязняў у Беларусі. “Я падкрэсліў, што мы прызнаем палітвязнямі шэсць асобаў, паколькі ёсць інфармацыя, што ў Еўрасаюзе вядуцца размовы толькі пра траіх. І асобна спыніўся на справе Мікалая Дзядка, суд у дачыненні да якога будзе адбывацца заўтра на тэрыторыі магілёўскай турмы, куды мы не зможам патрапіць; нагадаў, што гэты суд пагражае палітвязню яшчэ адным годам пазбаўлення волі па крымінальным артыкуле 411”.

Сярод вострых праблемаў Стэфановіч таксама адзначыў, што беларуская дзяржава дагэтуль выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, што ў мінулым годзе праваабаронцы зафіксавалі тры выпадкі казняў і па наяўнай інфармацыі адзін чалавек знаходзіцца ў камеры смяротнікаў у чаканні выканання прысуду. Датычна выбараў ён нагадаў, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя па выніках папярэдніх назіральніцкіх місій, застаюцца актуальнымі, што беларускія ўлады збольшага праігнаравалі гэтыя рэкамендацыі і праваабаронцы па-ранейшаму настойваюць на іх выкананні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства