viasna on patreon

Мікалай Статкевіч не спадзяецца на хуткае вызваленне

2015 2015-03-24T23:37:43+0300 2015-03-24T23:37:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vyrvich-list-statkevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітвязень Мікалай Статкевіч, апошні з кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, які застаецца за кратамі, не спадзяецца на сваё хуткае вызваленне. У лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча палітвязень, які зараз адбывае пакаранне ў Шклоўскай ПК №17, адзначае “чарговае абвастрэнне, і тэндэнцыі выглядаюць супрацьлеглымі. Але ж – не прывыкаць J”.

Барыс Вырвіч атрымаў ліст 24 сакавіка, які палітвязень даслаў з ПК-17 12 сакавіка.

Са станоўчых момантаў Мікалай Статкевіч адзначае тое, што з пачатку сакавіка ён нарэшце пачаў атрымліваць асноўныя дэмакратычныя газеты, і зараз у яго ёсць доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі. Палітвязень трымаецца вельмі мужна, з гумарам выказвае свае меркаванні, хоць з ліста добра зразумела, што ціск на яго з боку адміністрацыі калоніі пастаянна павялічваецца.

Таксама Мікалай Статкевіч у лісце робіць аналіз існуючай сітуацыі ў дэмакратычным асяроддзі краіны і ў чарговы раз выказвае меркаванне, што “у любым выпадку аб’яднанне дэм. сілаў неабходнае, каб хаця б аднавіць сваю суб’ектнасць на палітычным полі. Бо шмат ад будучай кампаніі ў такіх знешнепалітычных варунках чакаць цяжка”.

Нагадаем, што Мікалай Статкевіч быў узяты пад варту пасля падзей на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 19 лютага 2010 года. У траўні 2011 года быў асуджаны судом Ленінскага раёна г. Мінска да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, Мікалай Статкевіч быў пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. 12 студзеня 2015 года палітвязень быў зноў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў шклоўскую папраўчую калонію №17.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства