Алесь Бяляцкі: Пагаршэнне ўмоў утрымання палітзняволеных вельмі цесна звязана з перадвыбарчай сітуацыяй у краіне (відэа)
Падставаю для змены рэжыму ўтрымання і перавод у “крытую” турму палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча сталі шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку Шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ён адбываў пакаранне, і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва калоніі.
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, былы палітвязень Алесь Бяляцкі, каментуючы судовае рашэнне адзначае, што для ўзмацнення ціску на палітвязняў выкарыстоўваюцца часам дробныя прычыны, якія і парушэннямі назваць вельмі цяжка:
“Справа ў тым, што Працэсуальна-выканаўчы кодэкс, а таксама Правілы ўнутранага распарадку ў беларускіх калоніях вельмі шырока трактуюць абавязкі зняволеных і даюць магчымасць адміністрацыям калоній караць тых зняволеных, каго яны палічылі патрэбным.Прычым, такія прыёмы, як вынясенне спагнанняў за нязначныя парушэнні, вельмі часта выкарыстоўваюцца суб’ектыўна, без нейкіх ясных і аб’ектыўных крытэрыяў.
Вельмі часта, каб прынізіць годнасць і гонар зняволеных, для такіх пакаранняў выкарыстоўваюцца дробныя прычыны, якія і парушэннямі назваць вельмі цяжка. У выпадку з Міколам Статкевічам я проста перакананы, што былі выкарыстаныя якраз вось такія фармальныя парушэнні, прычым усё было зроблена ў вельмі кароткі тэрмін, мэтанакіравана, у выніку чаго яму быў заменены рэжым утрымання на больш цяжкі” – адзначае праваабаронца.
Пад час суда 4 траўня ў Шклоўскай калоніі Мікалай Статкевіч у сваім апошнім слове сказаў, што ні пры якіх умовах не будзе пісаць прашэнне аб памілаванні, чаго ад яго так доўга чакае кіраўніцтва Беларусі. Алесь Бяляцкі лічыць, што менавіта гэта і з’яўляецца “асноўнай прычынай, чаму на Мікалая Стакевіча працягвае аказвацца ціск. Улады знаходзяць вось такія пазазаконныя сродкі ціску, з тым каб прымусіць яго напісаць прашэнне аб памілаванні. Дзеля чаго гэта робіцца? Магчыма для таго, каб знішчыць ягоны пэўны аўтарытэт, знішчыць ягоную прынцыповую пазіцыю. І падобныя метады, дарэчы, актыўна практыкаваліся супраць савецкіх дэсідэнтаў яшчэ ў 70-80-я гады, калі з іх таксама выбівалі практычна такія ж прашэнні аб памілаванні”.
Праваабаронца, які сам асабіста правёў больш за тысячу дзён у калоніі, перакананы, што “ціск, які сёння аказваецца на палітычных зняволеных, гэты адкрыты і непрыхаваны сігнал, які разлічаны, як мне падаецца, у першую чаргу на беларускае грамадства, на актывістаў, на тых людзей, якія можа быць мяркуюць браць ўдзел у выбарчай кампаніі, што неўзабаве распачнецца, і пагаршэнне ўмоў утрымання палітычных зняволеных ужо вельмі цесна звязана з перадвыбарчай сітуацыяй у краіне. А робіцца гэта дзеля таго, каб трымаць высокі ўзровень страху ў грамадстве і аказваць псіхалагічны ціск на іншых грамадскіх і палітычных актывістаў, якія зараз знаходзяцца на свабодзе. Каб кожны ведаў, што і яго можа чакаць вось такі незайздросны лёс. Такія адназначна рэпрэсіўныя метады падкрэсліваюць, што правы чалавека ў Беларусі груба парушаюцца і такая сітуацыя вельмі ненармальная”.
Алесь Бяляцкі заклікае беларускае грамадства да кансалідацыі і больш актыўных дзеянняў у адстойванні правоў чалавека ў Беларусі:
“Грамадзянскай супольнасці трэба актыўна і рашуча рэагаваць на падобныя выпадкі, трэба дабівацца, каб той узровень патрабаванняў да выканання правоў чалавека, які існаваў да беларускіх уладаў з боку Еўразвяза не зніжаўся, каб мы не апынуліся ў такой сітуацыі, калі ў нас сядзяць зараз і будуць сядзець новыя палітычныя зняволеныя, а ў той жа час, паралельна гэтаму, эканамічныя стасункі і палітычныя кантакты Захада з Беларуссю паляпшаліся. Не, тут мусіць быць усёж-такі дастаткова ясны і зразумелы падыход і мы мусім гэтага дабівацца.
Мы мусім пра гэта гаварыць, і гаварыць гучна, каб нас пачулі і беларускія грамадзяне, каб яны ведалі, што адбываецца ў нас у краіне і каб яны таксама маглі нейкім чынам рэагаваць і мелі свой пункт погляду на парушэнні правоў грамадзян як у калоніях, так і тых, хто займаецца грамадскай ці палітычнай дзейнасцю.
Адна з асноўных задач беларускіх праваабаронцаў – гаварыць пра гэта на ўсіх узроўнях, дабівацца праз гэта зніжэння ўзроўню парушэнняў правоў чалавека, які на сённяшні дзень у Беларусі дастакова высокі”.