Клічаў: у доме сацыял-дэмакраткі міліцыя шукала ноччу злодзея
Людміла Гушча, актывістка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі з Клічава расказала, што міліцыянты ноччу без дазволу прабраліся ў яе хату. Напалоханай жанчыне яны патлумачылі, што шукаюць злодзея.
-Гэта было 26 верасня, каля 12 гадзін ночы, - распавядае жанчына. - Я была моцна стомленая, і заснула на канапе, проста ў адзенні. Раптам я прачнулася ад шуму ў суседнім пакоі, забрахаў сабака. Я ўбачыла, што нехта свеціць ліхтарыкамі, гэта былі людзі ў форме міліцыі, якія свабодна хадзілі па маёй хаце! Яны нібыта не чакалі майго з'яўлення, і пачалі блытана тлумачыць, што сюды забег злодзей, і яны яго шукаюць.
Людміла Гушча кажа, што знаходзілася ў шакаваным стане і таму не патрабавала дакументы, і нават павадзіла міліцыянтаў па хаце.
-Яны шукалі злодзея ў шафах, нават пад зэдлікамі паглядзелі. Потым прайшліся па хлявах, пахадзілі па гародзе і сышлі. Калі я ачомалася пасля дзіўнага візіту, вырашыла патэлефанаваць у міліцыю. Але дзяжурны ў адказ на мае пытанні сказаў: "Супакойцеся! Злавілі гэтага злодзея!"
На наступны дзень жанчына ўбачыла, што на ўваходных дзвярах папсаваныя ручкі. Яна вырашыла занесці ў пракуратуру заяву, каб ёй патлумачылі, на якіх падставах міліцыянты літаральна ўварваліся ў яе дом.
-Сакратарка да пракурора не пусціла, сказала, што заняты. Я прыйшла пазней, і прынялі мяне вельмі халодна. І з пракурорам, і з начальнікам РАУС Ігарам Альхоўскім размова выйшла нацягнутай. Цікава, што яны ўсё ж адкажуць на мае заявы?
Людміла Гушча мяркуе, што начны візіт можа быць звязаны з выбарамі.
-У гэтай выбарчай кампаніі я не бяру ўдзелу з-за сямейных праблем. Але падчас мінулых выбараў я "адзначылася", бо гучна заявіла пра фальсіфікацыі. Мяне нават у КДБ пасля таго выклікалі, і з старшынём выбарчай камісіі Канстанцінам Харчанка былі праблемы, ён мне пагражаў. Што мне зараз думаць, я не ведаю, але я ўпэўнена ў тым, што міліцыянты не мелі права псаваць замкі і ўваходзіць у мой дом без дазволу, - кажа Людміла Гушча.