Гамяльчук скардзіцца на катаванні і знявагу з боку міліцыі
Інвалід 2-й групы Дзяніс Яўсеенка скардзіцца ў пракуратуру на незаконныя дзеянні супрацоўніка Навабеліцкага РАУС оперупаўнаважанагаАрцёма Сюртукова, а таксама абскарджвае прысуд Навабеліцкага суду ў абласным судзе Гомеля. Ну думку інваліда, ён быў падвергнуты катаванням з боку супрацоўніка міліцыі і пазбаўлены права на аб'ектыўнае судовае разбіральніцтва.
Існуе дзве версіі абставінаў правапарушэння: версія Дзяніса Яўсеенкі і оперупаўнаважанага РАУС Навабеліцкага р-на Арцёма Сюртукова, якія жывуць на адной вуліцы ў суседніх дамах. Са слоў сп.Яўсеенкі, у абед 26 верасня ён гуляў са сваймі малымі дзецьмі ля сваёй хаты па вул. 1-ы завулак Ільіча. У гэты час сп.Яўсеенка слухаў у плэеры гурт "Красная плесень" (гурт вядомы выкарыстаннем ў тэкстах мацюкоў) і гучна падпяваў улюбёнаму гурту. З суседняга дому выйшаў супрацоўнік міліцыі Арцём Сюртукоў, у якога у гэты дзень быў выходны, з немаўляці на руках, зрабіў Яўсеенку заўвагу, каб той гучна не спяваў, не перашкаджаў спаць дзіцёнку. У адказ Яўсеенка паабяцаў больш не спяваць. Але міліцыянт усё ж такі вырашыў прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці і загадаў яму ісці ў Навабеліцкі РАУС. Дзяніс загаду падпарадкаваўся і пайшоў з ім у РАУС.
Версія міліцыянта Сюртукова крыху адрозніваецца. Звернемся да пратаколу: "Яўсеенка Д.Б. 26 верасня 2015 г. у 14.30 знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы: поблізу дома № 19 па адрасу 1-ы завулак Ільіча ў г. Гомелі выказваўся грубай нецэнзурнаю лаянкай, крычаў, на заўвагі не рэагаваў чым парушаў грамадскі парадак і спакой грамадзянаў, праяўляў відавочную непавагу да грамадства".
У кабінеце оперупаўнаважанага Сюртукова у Навабеліцкім РАУС падзеі разгортваліся таксама па дзвюм супрацьлеглым сцэнарам.
"Калі мы прыйшлі ў РАУС Сюртукоў пачаў складаць пратакол, - прыгадвае падзеі Дзяніс Яўсеенка,- я папрасіўся ў прыбіральню, на што ён у грубай форме параіў мне справіць патрэбу пад сябе. Я прасядзеў так гадзіну, мне яшчэ больш захацелася ў прыбіральню, я ўскочыў са стула, міліцыянт Сюртукоў падумаў, што я збіраюся ўцякаць ці біцца і сказаў, што збіраецца на мяне адзець кайданкі. Ён падышоў да мяне з кайданкамі. Я інвалід 2-й групы, у мяне эпілепсія, я пачаў яму гэта тлумачыць. У адказ ён сказаў, што яму ўсё роўна. Ён мяне схапіў за правае плячо, паваліў на падлогу, пару разоў пнуў нагамі. Я канешне супраціўляўся, бо каб ён дзе-небудзь згубіў ключ ад наручнікаў, а ў мяне быў бы прыпадак у тых кайданках, я бы памёр. Адзеў на мяне кайданкі і сказаў каб я сеў у кут на падлогу. Я сеў у кут. Потым мяне павезлі на медагляд, знайшлі ў мяне 0.9 праміле алкаголю".
У пратаколе, які склаў оперупаўнаважаны Сюртукоў падзеі развіваліся зусім інакш: "Яўсеенка Д.Б. словесна абражаў Сюртукова: мацюкаўся ў яго адрас, наўмысна прынізіў ягоны гонар і годнасць.......не падпарадкаваўся законнаму патрабаванню спыніць крыкі, выказвацца грубай нецэнзурнаю лаянкай, размахваць рукамі: хапаў за форменнае абмундзіраванне і спрабаваў зладзіць бойку".
"Калі інфармацыя сп. Яўсеенкі слушная,- каментуе сітуацыю праваабаронца БХК Алесь Яўсеенка, - дзеянні супрацоўніка міліцыі могуць быць кваліфікаваны як катаванні альбо жорсткае абыходжанне: не пусціў у прыбіральню, наносіў пабоі, адзеў кайданкі, пасадзіў на падлогу. Парушана Канстытуцыя РБ арт.25, які кажа, што "ніхто не павінны падвяргацца катаванню, жорсткаму, бесчалавечнаму ці прыніжаючую годнасць чалавека абыходжанню. Я мяркую, што ў нашых аддзяленнях міліцыі павінны стаяць відэакамеры ў кожным кабінеце, ці павінны весціся аўдыязапіс допыту каб потым не было аніякіх пытанняў пры далейшым разбіральніцтве ў судзе".
На наступны дзень Дзяніс Яўсеенка ізноў накіраваўся ў Навабеліцкі РАУС каб паскардзіцца на неправамерныя дзеянні міліцыянта Сюртукова, зняў пабоі. Справу накіравалі на разгляд у Следчы камітэт.
29 верасня суддзя Навабеліцкага суду Казлоў Д.П. пакараў Дзяніса Яўсеенку штрафам ў 4 млн 500 тыс. Апошні быў падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню па тром артыкулам: дробнае хуліганства (арт.17.1 КоАП РБ), непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы (арт.23.4 КоАП РБ), абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (арт.23.5 КоАП РБ). Пры гэтым суд не улічыў памякчальныя абставіны: наяўнасць у Дзяніса Яўсеенкі дваіх малых дзяцей і інваліднасць.
Сам працэс, са слоў Яўсеенкі, адбываўся даволі дзіўным чынам. У суправаджэнні двух міліцыянтаў Навабеліцкага РАУС сп.Яўсеенка прыйшоў у суд Навабеліцкага раёну. Адзін з міліцыянтаў зайшоў у кабінет да суддзі Казлова, другі застаўся сядзець разам з Дзянісам Яўсеенка ў калідоры.
"Судовага разбіральніцтва як такога не было, - абураецца Дзяніс Яўсеенка, - я увесь час сядзеў пад кабінетам у суддзі і, мяне толькі паклікалі да суддзі каб атрымаць апавяшчэнне аб аплаце штрафу. Суддзя сказаў, што я мушу аплаціць штраф цягам месяца, я папрасіў суддзю каб даў мне магчымасць плаціць часткамі штраф, бо я атрымліваю пенсію па інваліднасці 1 млн. 700 тыс., суддзя Казлоў мне адмовіў".
Цяпер Дзяніс Яўсеенка мае намер абскардзіць прысуд Навабеліцкага суду ў абласным судзе, паскардзіцца на неправамерныя дзеянні оперупаўнаважанага Сюртукова ў пракуратуру. Застаецца спадзявацца на ўсебаковае, аб'ектыўнае, бесстаронняе разбіральніцтва ўсіх абставінаў справы.