viasna on patreon

У пятніцу абяруць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру

2015 2015-10-08T07:35:27+0300 2015-10-08T07:52:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nobel_prize-2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 кастрычніка Нарвежскі нобелеўскі камітэт вызначыць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. У спіс прэтэндэнтаў уваходзіць кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі, намінаваны дэпутатамі польскага Сейму.

Беларускі праваабаронца неаднаразова вылучаўся на гэтую прэстыжную ўзнагароду, пачынаючы з 2006 года. Найбольш шырокім колам асобаў з розных краінаў Алесь Бяляцкі быў намінаваны ў 2012 годзе, падчас знаходжання за кратамі паводле палітычна матываванага прысуду, але прэмія тады была прысуджаная Еўразвязу.

Сёлета на ўзнагароду прэтэндуюць 273 кандыдаты, у тым ліку 68 арганізацыяў і 205 асобаў. Гэтая лічба з'яўляецца другой па велічыні колькасцю кандыдатаў за ўсю гісторыю Прэміі. Рэкорд быў устаноўлены ў 2014 годзе – 278 кандыдатаў.

Прэмія міру з'яўляецца адной з пяці прэмій, якія прысуджаюцца штогод, пачынаючы з 1901-га, за выбітны ўнёсак у галіне фізікі, хіміі, фізіялогіі або медыцыны, літаратуры і міру. Пачынаючы з 1969 года, таксама прысуджаецца прэмія ў галіне эканамічных навук.

У той час як іншыя прэміі прысуджаюцца сябрамі камітэтаў, створаных у Швецыі, за Прэмію міру адказвае адмысловы камітэт, які складаецца з экспертаў, прызначаных дэпутатамі нарвежскага парламента, Стортынга.

Намінантаў на Нобелеўскую прэмію міру могуць вылучаць толькі асобы, пералічаныя ў Статуце Нобелеўскага Фонда, у тым ліку прадстаўнікі парламентаў і ўрадаў розных краінаў, рэктары і выкладчыкі універсітэтаў, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру, а таксама дзейныя і былыя сябры нарвежскага Нобелеўскага камітэта і іх дарадцы.

Паводле волі Альфрэда Нобеля, Прэмія міру мусіць уганароўваць тых, хто “зрабілі найбольш істотную працу ў імя братэрства паміж народамі, скасавання або скарачэння дзеючых войскаў і правядзення кангрэсаў у падтрымку міру”. Пасля прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) прэміі ўсё часцей сталі прысуджацца не за міратворчыя заслугі, а за ўклад у барацьбу за правы чалавека. Гэтая тэндэнцыя асабліва выявілася ў 1960-1980-х гадах, калі лаўрэатамі станавіліся Марцін Лютар Кінг, Андрэй Сахараў, Лех Валенса, Далай-лама, міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Адначасова, пачынаючы з 1950-х гадоў, Нобелеўскі камітэт пачаў адзначаць гуманітарную дзейнасць.

Пераможца атрымлівае медаль, дыплом і грашовае ўзнагароджанне.

Нобелеўская прэмія міру лічыцца “самай прэстыжнай прэміяй у свеце”. Усяго Прэмію атрымалі 101 асоба і 24 арганізацыі. Ёсць сярод лаўрэатаў Прэміі і грамадскія дзеячы нашага часу, вядомыя сваёй працай дзеля абароны правоў чалавека:  Рыгаберта Менчу (Гватэмала), Лю Сяабо (Кітай), Шырын Эбадзі (Іран).

Цырымонія ўручэння Прэміі праходзіць у мэрыі Осла 10 снежня, у дзень смерці Альфрэда Нобеля.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства