Зроблены пераклад на рускую мову пытанняў Камітэта па правах чалавека ААН да Рэспублікі Беларусь (дакумент)
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні зрабіў пераклад на рускую мову пытанняў Камітэта па правах чалавека ААН да Рэспублікі Беларусь у межах разгляду пятага перыядычнага даклада аб выкананні палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Беларусь з 1997 года не прадстаўляла даклад і зараз выказала намер зрабіць справаздачу па новай працэдуры, згодна з якой Камітэт фармулюе канкрэтныя пытанні, на падставе якіх будзе рыхтавацца даклад.
Нагадаем, што ў працэсе распрацоўкі пераліку беларускія НДА атрымалі магчымасць падрыхтаваць прапановы, якія пытанні можна было б задаць. Кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый распрацавала шэраг рэкамендацый і падала сваю справаздачу ў Камітэт па правах чалавека ў красавіку 2015. Важна адзначыць, што многія пытанні ў выніку былі адлюстраваны ў Пераліку пытанняў Камітэта па правах чалавека для Беларусі, прынятым у ліпені 2015, у тым ліку датычныя смяротнага пакарання, адвольных арыштаў і затрыманняў, абмежаванні свабоды мірных сходаў. Таксама Рэспубліка Беларусь зараз павінна будзе пракаментаваць інфармацыю пра выпадкі адвольнага абмежавання свабоды перамяшчэння ў дачыненні да праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў, пра выгнанне беларускай праваабаронцы Алены Танкачовай, пра пераслед і запалохванне адвакатаў, якія працуюць па палітычна матываваных справах.