Федэрыка Магерыні: ЕС працягне аказваць моцную падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні адказала на зварот былых палітвязняў Алеся Бяляцкага, Андрэя Саннікава і Міколы Статкевіча.
Яе ліст на сваёй старонцы ў Фэйсбуку змясціў Алесь Бяляцкі, прывёўшы цытаты з яго.
"Я падзяляю вашую агульную ацэнку сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі".
"Я цалкам разумею тое становішча ў якім вы знаходзіцеся разам з іншымі былымі палітвязнямі, чые грамадзянскія і палітычныя правы не адноўленыя. І мы будзем паслядоўна працягваць уздымаць гэтае пытанне ў кантактах з беларускімі ўладамі".
"Правы чалавека, дэмакратыя, вяршэнства закону і свабода выказванняў і меркаванняў з'яўляюцца неад'емнай часткаю ўдзелу ЕС у дыялогу (з беларускімі ўладамі -- А.Б.)”.
"ЕС будзе працягваць аказваць моцную падтрымку грамадзянскай супольнасці".
"ЕС адпаведным чынам адрэагаваў на ініцыятыву Беларусі і чакае ад яе, што Беларусь прадэманструе павагу да правоў чалавека і фундаментальных свабодаў (тут маюцца на ўвазе беларускія ўлады -- А.Б.)".
Ліст Федэрыкі Магерыні стаў адказам на зварот трох былых палітвязняў, накіраваны ёй у кастрычніку бягучага году – напярэдадні прыняцця рашэння ЕС адносна санкцый у дачыненні да Беларусі. Падпісанты звароту настойвалі на неабходнасці выканання беларускай дзяржавай усіх умоваў ЕС для нармалізацыі адносінаў, у тым ліку рэабілітацыі былых палітвязняў і значным паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.