viasna on patreon

Бабруйск: сын блогера Жалнова скардзіцца на ўмовы працы, за гэта яго збіраюцца пакараць

2016 2016-01-01T11:22:59+0300 2016-01-01T11:23:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксей Мілюкоў, сын бабруйскага блогера Алега Жалнова (пасля вяселля ён узяў прозвішча жонкі), пад пагрозай чарговага пакарання. З верасня Аляксей адбывае "хімію" ў Наваполацку, дзе працуе дворнікам ў ЛПП №8. І ад самага пачатку, сцвярджае ён, тут парушаецца працоўнае заканадаўства.

-З 17 верасня я там працую, і дагэтуль мне не прадаставілі ўсе неабходныя сродкі, няма месца для захоўвання рэчаў і вопраткі, бытоўкі, месца, дзе я змог бы прыняць душ. Пачаліся маразы, і мне недадалі валёнкі, рукавіцы. З-за дрэнных умоў я ўжо тройчы быў на бальнічным з вострым бранхітам. Прасіў перавесці на іншую працу, але насустрач мне не пайшлі, - распавядае Аляксей Мілюкоў.

Аляксей кажа, што 30 снежня напісаў заяву на імя начальніка ЛПП, з якім у маладога чалавека заключана працоўная дамова. У паперы Мілюкоў скардзіўся на ўмовы працы, але начальнік не прыняў яе, а параіў запісацца на асабісты прыём.

-Я папрасіў кнігу скаргаў, але яе мне таксама не далі, - распавядае Аляксей. - Тады я патэлефанаваў па нумары "102", і заявіў, што ёсць факт адміністрацыйнага парушэння, прыехала цэлая брыгада. Участковы не прадставіўся, але адразу заявіў, што я "грамадзянскі бандыт". Пры ім я зноў папрасіў кнігу скаргаў, і мне зноў яе не далі. Супрацоўнік ЛПП запрасіў нас у свой кабінет, там участковы афармляў пратакол апытання. Я прапанаваў, каб усіх людзей, якія прысутнічаюць у кабінеце, унеслі ў пратакол, і зноў - адмова. Я заявіў пра адвод участковаму. У кабінеце прыстунічаў аператыўны супрацоўнік, які таксама не прадставіўся. Ён сказаў, каб я прыбраў са стала свае рэчы - пальчаткі і тэлефон. Я адмовіўся, і тады ён скінуў іх рукой, тэлефон разбіўся. У выніку дзяжурны выштурхаў мяне з кабінету, бо гэта "рэжымнае памяшканне". Я яшчэ раз патэлефанаваў у "102", але там паведамілі, што ўжо накіравалі ўчастковага, і ён зафіксуе ўсе мае скаргі.

Пасля канфлікту Аляксей Мілюкоў вярнуўся на працоўнае месца, але начальнік атраду забраў яго з працы раней.

-Я выказаў жаданне напісаць заяву ў ГУУС, але 31 снежня раніцай мяне нават не пусцілі на працу. Сказалі - у дачыненні да мяне "праводзіцца работа". Я зноў патэлефанаваў у міліцыю і заявіў, што парушаецца маё права на працу, і мяне туды адпусцілі. Але ўжо там супрацоўнікі ЛПП пачалі прымушаць мяне падпісаць распіску аб тым, што я нібыта парушыў працоўную дысцыпліну. Рыгор Філімонаў, начальнік маёй выпраўленчай установы, сказаў, што на падставе гэтай паперы "вымушаны вынесці спагнанне". Чым гэта для мяне скончыцца, пакуль невядома. Але хучэй за ўсё я буду пакараны за свае скаргі і жаданне працаваць у нармальных умовах, - кажа Аляксей Мілюкоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства