“Да вас прыйшла праверка”: семінар-кансультацыя для бізнесоўцаў
27 чэрвеня ў Маладэчне па ініцыятыве мясцовага аддзялення праваабарончага цэнтру “Вясна” адбыўся семінар для прадпрымальнікаў “Да вас прыйшла праверка”.
Не сакрэт, што бізнэс-клас у нашай краіне на сёння ці не самы неабаронены слой грамадства. Многія прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу слаба арыентуюцца ў сваіх правах і нарматыўных актах і не заўсёды здольныя супрацьстаяць свавольству разнастайных правяраючых органаў. Таму і мэта гэтага навучальнага мерапрыемства была даць элементарныя веды прадпрымальнікам дзеля абароны сваіх законных правоў.
У ходзе семінару бізнесоўцы змаглі падзяліцца сваім досведам, задаць актуальныя пытанні, на якія адказаў юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Хвосцік. У ходзе дыскусіі ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што трэба часцей праводзіць такія навучанні, пакулькі правілы гульні, то бок заканадаўства, ў сферы вядзення прыватнага бізнэсу пастаянна мяняюцца.