viasna on patreon

У ААН абмяркоўваюць становішча правоў жанчын у Беларусі

2016 2016-10-27T10:17:49+0300 2016-10-27T15:21:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aan-womanrights-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ганна Бараноўская падчас выступу ад імя кааліцыі беларускіх НДА ў ААН (на экране)

Ганна Бараноўская падчас выступу ад імя кааліцыі беларускіх НДА ў ААН (на экране)

На гэтым тыдні ў ААН у Жэневе прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі пры падтрымцы міжнародных праваабарончых арганізацый вядуць працу з Камітэтам па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW), што папярэднічае разгляду Камітэтам афіцыйнага дакладу Беларусі, прызначанага на 28 кастрычніка.

24 кастрычніка прайшло паседжанне Камітэта з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з Беларусі, Бурундзі, Бутану і Канады, якiя ў фармаце вусных заяваў выклалі экспертам ААН асноўныя тэзісы адносна дыскрымінацыі жанчын у сваіх краінах. Ад кааліцыі беларускіх НДА і ініцыятыў пры ўзаемадзеянні з польскім Хельсінкскім Фондам па правах чалавека сітуацыю па Беларусі прадстаўлялі Ганна Бараноўская (кансультацыйны цэнтр Human Constanta) і Ксенія Кірычэнка (ініцыятыва "Ідэнтычнасць і права", асацыяцыя ILGA), свае тэзісы таксама агучылі Вольга Карач (грамадзянская ініцыятыва "Наш Дом") і Стэфанія Кулаева (Антыдыскрымінацыйны цэнтр "Мемарыял"). 

Выступоўцы абазначылі шэраг праблемаў, сярод якіх:

- адсутнасць эфектыўных антыдыскрымінацыйных механізмаў пры абмежаваным, дэкларатыўным характары беларускага заканадаўства ў гэтай сферы, у якім адсутнічае канкрэтнае паняцце "дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын";

- пераслед жанчын за сацыяльную і палітычную актыўнасць у розных формах. У прыватнасці, акцэнт быў зроблены на высылцы праваабаронцы Алены Танкачовай з краіны;

- нерэгістрацыя грамадскіх аб'яднанняў, мэтай якіх з'яўляецца садзейнічанне ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, як частка праблемы са свабодай асацыяцыяў у краіне;

- адабранне дзяцей у жанчын, якія адносяцца да асабліва ўразлівых групаў - да людзей з інваліднасцю, мігрантаў, рома, мусульманаў, тех, это ўтрымліваюцца пад вартай, ЛГБТ, пажылых;

- гвалт, збіццё, прыніжэнне жанчын як наступства крыміналізацыі прастытуцыі.

Эксперты антыдыскрымінацыйнага Камітэта задалі ўдакладняльныя пытанні адносна заяўленых тэзісаў, адказы на якія праваабаронцы накіравалі ім ужо ў пісьмовым выглядзе. 

Прадстаўнікі няурадавых арганізацый на паседжанні Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын у ААН
Прадстаўнікі няурадавых арганізацый на паседжанні Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын у ААН

Акрамя таго, у інфармацыйнай сістэме ААН быў апублікаваны альтэрнатыўны даклад праваабаронцаў у Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW), падрыхтаваны кааліцыяй арганізацый, у якую ўвайшлі Хельсінкскі Фонд па правах чалавека, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, ініцыятыва Human Rights Impact, кансультацыйны цэнтр Human Constanta, асацыяцыя ILGA World, ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", экспертна-асветніцкая таварыства Roma Integration, установа Centre of Equal Rights Expertise. З тэкстам дакладу можна азнаёміцца па спасылцы.

Таксама асобныя даклады ў Камітэт прадставілі Офіс па правах людзей з інваліднасцю, чые тэзісы на паседжанні былі прадстаўлены кааліцыяй, АДЦ "Мемарыял" пры інфармацыйнай падтрымцы цэнтра "Яе правы" і іншыя.

"Альтэрнатыўная пазіцыя НДА важная, бо ўжо 28 кастрычніка CEDAW будзе разглядаць сітуацыю ў Беларусі і вынесе свае рэкамендацыі Ураду. Даклады ад арганізацый грамадзянскай супольнасці прызначаныя для таго, каб Камітэт атрымаў не толькі аднабаковую пазіцыю ад дзяржавы. Мы спадзяемся, што наш даклад будзе садзейнічаць змяншэнню розных формаў дыскрымінацыі як на заканадаўчым узроўні, так і на ўзроўні правапрымяняльнай практыкі", - распавяла эксперт Ганна Бараноўская.

"Асаблівасць гэтай працы ў тым, што ў падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу і прасоўванні актуальных для Беларусі праблем у рамках дадзенага механізму ААН удзельнічае шырокі спектр праваабарончых арганізацый, не толькі профільных, а таксама міжнародныя эксперты", - падкрэсліла Вольга Саламатава з Хельсінкскага Фонду па правах чалавека.

Нагадаем, што Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын з'яўляецца адным з двух даступных беларусам міжнародных механізмаў індывідуальнай абароны правоў нароўні з Камітэтам па правах чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства