viasna on patreon

У Беларусі прыняты план па рэалізацыі рэкамендацый ААН у сферы правоў чалавека

2016 2016-10-27T17:24:27+0300 2016-10-27T17:28:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kpch-belarus.jpg

Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) на 2016-2019 гады прыняты ў Беларусі. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 860 ад 24 кастрычніка апублікавана на сайце ўрада, паведамляе БелаПАН.

Універсальны перыядычны агляд - гэта механізм, створаны ў рамках ААН для вызначэння сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету, ступені рэалізацыі дзяржавамі ўсяго спектру правоў чалавека: эканамічных, палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і культурных. Краіны праходзяць працэдуру агляду адзін раз у чатыры з паловай гады і па выніках атрымліваюць да Рады ААН па правах чалавека рэкамендацыі па паляпшэнню сітуацыі.

Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый УПА на 2016-2019 гады ў пастанове Саўміна названы праграмным дакументам, накіраваным на «садзейнічанне выкананню Беларуссю ўзятых міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, уключаючы ўдасканаленне заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі».

План прадугледжвае рэалізацыю шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх, у прыватнасці:

  • Працяг ўсебаковага вывучэння пытання аб мэтазгоднасці стварэння ў Беларусі нацыянальнага інстытута па правах чалавека;
  • Правядзенне рэвізіі працы грамадскіх кансультацыйных саветаў пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання ў мэтах павышэння празрыстасці іх дзейнасці;
  • Узаемадзеянне з Камітэтам ААН па правах чалавека ў рамках працэдуры разгляду індывідуальных паведамленняў, прадугледжанай Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 году;
  • Правядзенне аналізу прэтэнзій, найбольш часта адрасаваных беларускімі грамадзянамі ў Камітэт ААН па правах чалавека ў рамках працэдуры разгляду індывідуальных паведамленняў, а таксама прынятых па іх меркаванняў камітэта ў мэтах магчымага ўліку пры ўдасканаленні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў гэтай сферы;
  • Правядзенне інфармацыйна-асветніцкіх кампаній, накіраваных на прафілактыку гвалту ў сям'і;
  • Вывучэнне міжнароднага вопыту па забеспячэнню аўдыё- ці відэазапісамі допытаў у тэрытарыяльных органах унутраных спраў і следчых ізалятарах у якасці сродку прадухілення катаванняў і жорсткага абыходжання, разгляд мэтазгоднасці прымянення такога вопыту ў Беларусі;
  • Правядзенне мерапрыемстваў у мэтах ўсебаковага разгляду міжнародных тэндэнцый у пытанні аб прымяненні смяротнага пакарання і адносіны да гэтай тэмы грамадскасці;
  • Працяг ўзаемадзеяння з АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў у розных сферах.

Беларускія праваабаронцы ў цэлым пазітыўна ацэньваюць прыняцце міжведамаснага плана, але лічаць, што ён пазбаўлены канкрэтыкі і наўрад ці можа радыкальна паўплываць на сітуацыю.

«Фармулёўкі плана ў асноўным кажуць пра «працяг вывучэння» пытання і «мэтазгоднасці стварэння або прымянення». Незразумела, што хочуць атрымаць у выніку. І гэта мінус», - адзначыў у каментары БелаПАН cтаршыня Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак.

Сярод плюсаў дакумента ён адзначыў ўказанне дзяржорганаў, адказных за выкананне канкрэтных мерапрыемстваў. «Таксама прадугледжаны штогадовыя справаздачы аб ходзе іх выканання, але не зразумела пакуль, ці будуць гэтыя справаздачы публічнымі. Мы будзем дамагацца таго, каб у рамках рэалізацыі плана адказныя органы зрабілі зразумелую працэдуру абмеркавання і ўнясення прапаноў і - самае важнае - каб вынікі гэтых абмеркаванняў былі публічныя», - дадаў Гулак.

Намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на тое, што іх да ўдзелу ў абмеркаванні плана не запрашалі.

«Хоць мы актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў рамках УПА і выпрацоўцы рэкамендацый», - дадаў ён.

Праваабаронца таксама звярнуў увагу на неканкрэтныя фармулёўкі плана.

«Напрыклад, там гаворыцца аб працягу вывучэння пытання аб мэтазгоднасці ўвядзення пасады амбудсмена. Гэта значыць, не ўвесці гэты пост, а толькі працягнуць абмеркаванне. Тыя рэкамендацыі, якія мы распрацоўвалі пры падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу, сюды не ўвайшлі. Найбольш прынцыповыя для нас рэчы не ўвайшлі», - падкрэсліў ён.

У той жа час Стэфановіч пазітыўна ацэньвае сам факт прыняцця плана: «Добра, што ёсць такі дакумент. Калі нешта з гэтага плана атрымае сваё ўвасабленне ў выглядзе канкрэтных зменаў у заканадаўстве, мы гэта будзем толькі вітаць».

«Хацелася б, каб урад ўзаемадзейнічаў з праваабарончымі арганізацыямі ў выкананні гэтага плана», - дадаў прадстаўнік "Вясны".

На яго думку, прыняццем гэтага плана ўлады хочуць прадэманстраваць сваё ўзаемадзеянне з ААН.

«Хоць у поўнай меры ўрад з механізмамі ААН не ўзаемадзейнічае. Рашэнні Камітэта па правах чалавека не выконваюцца, былі затрымкі з прадстаўленнем справаздач у камітэты ААН, спэцдакладчыка ААН па Беларусі ў краіну не пускаюць, з рабочай групай па адвольных затрыманнях ўлады не супрацоўнічаюць. Але механізм УПА для іх прымальны, бо з'яўляецца агульным для ўсіх краін, а не выбарчым толькі для Беларусі», - адзначыў праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства