viasna on patreon

Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны даклад у Камітэце супраць катаванняў

2018 2018-04-27T11:05:44+0300 2018-10-04T11:19:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kamitet_protiv_pytok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка дэлегацыя праваабаронцаў з Беларусі прадставіла свой альтэрнатыўны даклад экспертам у межах 63 сэсіі Камітэта супраць катаванняў ААН.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, старшыня РГА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская і сябра Беларусскага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў распавялі пра тыя неабходныя змены ў краіне, якія б прывялі да паляпшэння сітуацыі з катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання. 

Вікторыя Фёдарава, Павел Сапелка і Павел Левінаў у Жэневе
Вікторыя Фёдарава, Павел Сапелка, Юлія Уанон (FIDH) і Павел Левінаў у Жэневе. Фота са старонкі Раісы Міхайлоўскай у Фэйсбуку

Так, сярод вызначаных праблемаў гучалі:

  • адсутнасць крымінальнай адказнасці за ўсе віды катаванняў у адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў;
  • адсутнасць нацыянальнага прэвентыўнага механізму прадухілення катаванняў: дагэтуль Беларусь не далучылася да Факультатыўнага пратаколу Канвенцыі, не зрабіла заяваў па 21 і 22 артыкулах;
  • палажэнні Канвенцыі разглядаюцца службовымі асобамі толькі як тэарытычныя і ніколі не прымяняюцца судамі;
  • дзяржава ўхіляецца ад прыняцця неадкладных і эфектыўных мераў у мэтах барацьбы з гвалтам у месцах пазбаўлення волі;
  • сцвярджэнні пра пыткі і жорсткае абыходжанне не расследуюцца аператыўна, бесстаронне і эфектыўна, а ахвяра не мае доступу да матэрыялаў расследавання;
  • залежнасць органаў, якія праводзяць расследаванне фактаў катаванняў, і суддзяў ад выканаўчай улады і прэзідэнта;
  • ціск на адвакатуру і залежнасць яе ад Міністэрства юстыцыі;
  • недасяжнасць праваабронцаў да інфармацыі аб умовах утрымання ў месцах несвабоды, а таксама мэтанакіраванае не уключэнні іх у грамадскія назіральныя камісіі;
  • адсутнасць спецыялізаваных міграцыйных цэнтраў, замежныя грамадзяне ўтрымліваюцца доўгі час у ІЧУ, дзе ўмовы можна характарызаваць як прыніжаючыя чалавечую годнасць;
  • Беларуссю практыкуецца прымусовая высылка, дэпартацыя і экстрадыцыя ў дзяржавы, у якіх маюцца пагрозы катаванняў і смяротнага пакарання, праваабаронцамі фіксуюцца выпадкі экстрадыцыі без адпаведнай працэдуры;
  • сама Беларусь дагэтуль амаль кожны год прымяняе смяротнае пакаранне, пры гэтым з парушэннем правілаў працэдуры Камітэта па правах чалавека ААН – прысуд прыводзіцца ў выкананне да прыняцця рашэння Камітэтам па асабістым звароце асуджанага ды іншыя.

Таксама Раіса Міхайлоўская прадставіла даклад па гвалтоўных знікненнях палітыкаў, якія да гэтага часу не расследуюцца належным чынам, а Павел Левінаў азнаёміў экспертаў з альбомам малюнкаў замежных вязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

Пасля гэтага праваабаронцы адказалі на пытанні Камітэту.

Акрамя гэтага адбыўся і круглы стол з прадстаўнікамі краін ЕС і Мексікі. А напярэдадні праваабаронцы сустракаліся паасобку з сябрамі Савету па правах чалавека ААН Эcэк'елем Петэрсэнам з Бразіліі, Анай Дабарджгінідзэ з Грузіі, Кёрцісам Петэрсам з Канады, Кларыс Жэрардэн з Францыі, Джэсікай Карл са Злучаных штатаў Амерыкі і Жэрарам Анданго з Конга, якім у сяброўскай атмасферы распавядалі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, выказалі сваё меркаванне пра мэтазгоднасць працягнення мандата спецдакладчыка ААН па краіне, абмяркоўвалі іншыя пытанні, звязаныя з правамі чалавека.

27 красавіка ў 11.00 па мінскім часе афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прэзентуе вынікі чатырохгадовай працы па барацьбе з катаваннямі і іншымі жорсткімі, бесчалавечымі відамі абыходжання. Прамую трансляцыю з паседжання можна глядзець на сайте ААН

У панядзелак, 30 красавіка, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі адкажуць на пытанні Камітэта супраць катаванняў ААН па сутнасці.


Чытайце таксама: Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства