viasna on patreon

Актывіст Мікалай Чарнавус падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН

2018 2018-05-30T16:32:34+0300 2018-05-30T16:32:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/charnavus-baranavich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус

Актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус

29 мая актывіст з Баранавічаў, прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, прайшоўшы беларускія суды і не знайшоўшы ў іх справядлівасці, падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Рэалізуючы свае Канстытуцыйнае права на мірны сход, Мікалай Чарнавус 6 лютага 2017 году разам з іншымі грамадзянамі знаходзіўся каля будынку Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах у Баранавічах. Ён прыйшоў туды, каб падаць яе начальніку спіс подпісаў жыхароў горада за адмену Дэкрэта №3, і для таго, каб сабраць дадатковыя подпісы.

Знаходзячыся каля будынку падатковай інспекцыі, ён гутарыў з грамадзянамі, якія выказвалі свае думкі адносна законнасці прынятага Дэкрэта, прапаноўваў ім пакідаць подпісы за яго адмену.

У хуткім часе ён даведаўся, што ў дачыненні да яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.3 арт.23.34 КаАП РБ. А далей, 20 траўня 2017 года, Баранавіцкі раённы суд прызнаў Чарнавуса вінаватым у здзяйсненні гэтага правапарушэння і аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў (690 рублёў).

Лічачы пастанову незаконнай, Мікалай Чарнавус абскардзіў яе ў Брэсцкім абласным судзе. Аднак абласны суд не змяніў рашэнне раённага суда. Зараз Мікалай Чарнавус вырашыў звярнуцца ў міжнародны орган для абароны сваіх правоў.

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша, які дапамагаў Чарнавусу з падачай скаргі ў КПЧ, адзначае, што пераслед за збор подпісаў груба парушае права грамадзян на мірныя сходы, замацаванае ў арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"У нашым канкрэтным выпадку правы абмежаваныя зусім па іншых абставінах, надуманых, у парушэнне як арт.21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і артыкулаў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".

Праваабаронца перакананы, што Мікалай Чарнавус выйграе справа ў міжнароднай інстанцыі, аднак зусім не ўпэўнены ў тым, што беларускія ўлады будуць выконваць прынятае рашэнне КПЧ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства