viasna on patreon

Жамчужны працягвае атрымліваць спагнанні ў ШІЗА, а абласны суд прызнаў гэта законным

2018 2018-08-31T10:07:16+0300 2018-08-31T10:13:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzhny-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітвязень Міхаил Жамчужны/

Палітвязень Міхаил Жамчужны/

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што ціск на палітвязня Міхаіла Жамчужнага з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №9 не спыняецца. Да папярэдніх спагнанняў у дачыненні да палітвязня дадаліся наступныя: 10 сутак у штрафным ізалятары (ШІЗА) ад 31 чэрвеня; 10 сутак – ад 10 жніўня; і зноў 10 сутак – 20 жніўня.

Такім чынам, палітвязень амаль бесперапынна працягвае знаходзіцца ў ШІЗА. Гэта 35-е спагнанне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй Горацкай калоніі са жніўня 2017 года.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо абскарджваў спагнанні, вынесеныя яму яшчэ ў лістападзе 2017 года: 10 сутак ад 1 лістапада, пяць сутак ад 11 лістапада, па 10 сутак ад 16 лістапада і 27 лістапада. Суд Горацкага раёна 20 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргаў. Палітвязень абскарджваў гэтае рашэнне суда ў парадку касацыі, але Магілёўскі абласны суд 27 жніўня пакінуў без задавальнення скаргу на рашэнне суда.

Адпаведна ў яго прысутнічаюць праблемы з атрыманнем і адпраўленнем карэспандэнцыі. З-за пастаяннага знаходжання ў штрафным ізалятары ў Міхаіла Жамчужнага адсутнічае магчымасць пісаць лісты. Але падчас "перазагрузкі" (ён так называе прамежак часу паміж заканчэннем і прызначэннем чарговых сутак) яму часам аддаюць дасланыя лісты і газеты, г.зн. бывае магчымасць з імі азнаёміцца. Разлічвае, што ў верасні-кастрычніку атрымае магчымасць патрапіць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ), бо яму трэба адседзець не менш за 100 сутак у ШІЗА (у калоніі такая практыка) і будзе магчымасць усім адправіць лісты.

Але пры ўсім пры гэтым Жамчужны адзначае некаторыя паляпшэнні ў адносінах з адміністрацыяй. Пасля чарговага спагнання даюць паперу і ручку для напісання пісьмовых тлумачэнняў (раней, здаралася, не давалі), даюць магчымасць напісаць і адправіць скаргу на рашэнне суда (па спагнаннях), сочаць за наяўнасцю ў яго "мыльных" прыладаў. Прадстаўляецца магчымасць рэгулярна назірацца ў медыцынскай частцы, на скаргі па стану здароўя медыцынскі персанал рэагуе своечасова. Напрыклад, адзін час у Міхаіла Жамчужнага хварэла спіна, яе вылечылі таблеткамі. У цэлым, на здароўе не скардзіцца.

Тым не менш, сітуацыя са "статусам" пакуль не мяняецца. Але зняволеныя паводзяць сябе больш стрымана, многія ставяцца з разуменнем. Паўторныя звароты ў назіральную камісію не адпраўляў. Па-першае, няма магчымасці, а па-другое, хоча дачакацца ПКТ.


Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся з часу пераводу ў калонію №9, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя зневажальныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін. Варта адзначыць, што раней агучаная інфармацыя, што атрад №13, куды спачатку спрабавалі перавесці Жамчужнага, сфармаваны цалкам з асуджаных “з нізкім статусам”, не атрымала пацверджання: у гэтым атрадзе маюцца асобныя пакоі, у якія размяшчаюцца асуджаныя “з нізкім статусам”, іх туды пераводзіць адміністрацыя. Палітвязень сапраўды адмаўляўся пераходзіць спачатку ў атрад №13, а затым і ў іншыя, аднак кожны раз абгрунтоўваў свае адмовы жаданнем захаваць сваю чалавечую годнасць і прасіў адміністрацыю прадставіць яму бяспечныя ўмовы адбыцця пакарання.

Грамадскія аб'яднанні Беларусі звярталіся ў Адміністрацыю Прэзідэнта са зваротам аб памілаванні палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Аднак у памілаванні было адмоўлена на падставе таго, што "пытанне памілавання асуджанага Міхаіла Жамчужнага можа быць разгледжана толькі па яго асабістым хадайніцтве".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства