viasna on patreon

Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю: 9 важных рэчаў, якія трэба ведаць

2019 2019-01-31T07:30:00+0300 2019-01-31T07:36:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ofis_5_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусь мае ўстойлівую асаблівасць у адносінах да міжнародных праваабарончых дакументаў. Апошнія 20 гадоў беларускі ўрад падпісаў толькі некалькі буйных актаў з іх шэрагу. Сярод іх – Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю ад 2006 года.Але перад тым як падпісаць, улады дзесяць гадоў рыхтаваліся да гэтага, разважалі. Гэта антыдыскрымінацыйны дакумент, які вылучаецца з іншых міжнародных дакументаў сваёй інавацыйнасцю і прагрэсіўнасцю. Ужо ідзе трэці год як Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю дзейнічае на тэрыторыі Беларусі. Беларускі ўрад ужо і справаздачу падрыхтаваў па яе выкананні.

“Новы Час” распытаў дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, чаму Канвенцыя мае важнае значэнне не толькі для людзей з інваліднасцю, але для ўсяго беларускага грамадства, ці будуць грамадскія аб’яднанні прадастаўляць у ААН сваю альтэрнатыўную справаздачу па яе выкананні, і іншыя важныя рэчы, якія неабходна ведаць кожнаму чалавеку.

1. Беларусь апошняя ў Еўропе, хто падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю

Беларускім уладам спатрэбілася дзесяць гадоў, каб падпісаць Канвенцыю: гэта адбылося толькі ў 2016 годзе. Пры гэтым Беларусь з’яўлялася апошняй краінай у Еўропе, і ўвогуле адной з апошніх краін у свеце, хто яе падпісаў. Палітыка дзяржаўных органаў зводзілася да наступнага: "Мы адразу зробім усё як трэба, а потым падпішам Канвенцыю, а затым ужо і адсправаздачымся, што ў нас усё як трэба". Аднак трэба разумець, што ні адна краіна ў свеце, нават самая перадавая, не можа сказаць, што яна ў поўнай меры выконвае палажэнні Канвенцыі. Таму гэта адразу гучала як адгаворка. Няўрадавыя дэмакратычныя арганізацыі (НДА) доўга змагаліся за яе падпісанне. “У 2016 годзе проста супала палітычная сітуацыя, у прыватнасці, у Нью-Ёрку праводзіўся Саміт ААН па ўстойліваму развіццю. Можна меркаваць, што падпісанне Канвенцыі – адзін з палітычных аргументаў беларускай дзяржавы для краін ААН. Таму можна сказаць, нам пашанцавала”, – адзначае праваабаронца Сяргей Драздоўскі.

дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

2. Новы антыдыскрымінацыйны праваабарончы дакумент у Беларусі

Канвенцыя – праваабарончы дакумент новага пакалення. Гэта значыць, што ён больш цвёрды, больш канкрэтызаваны, і цалкам пабудаваны на забароне дыскрымінацыі. Беларуская канстытуцыя таксама забараняе дыскрымінацыю, але ў агульных рысах. Закандаўства Беларусі ў гэтым пытанні не канкрэтызуе канстытуцыйныя нормы. Нават у судовай практыцы цяжка знайсці якое-небудзь судовае рашэнне ў абарону правоў чалавека супраць дыскрымінацыі. Гэта паказчык таго, што беларуская прававая сістэма не адчувальная да дыскрымінацыі.

Па вялікім рахунку Канвенцыя разглядае ўсю гэтую праблему, зыходзячы з таго, што чалавек з прычыны яго інваліднасці дыскрымінуецца ва ўсіх сферах жыцця ў розных формах і ступенях. І ўласна Канвенцыя дазваляе раскрыць усе гэтыя непаразуменні і забараніць іх.

Таму гэты міжнародны дакумент як антыдыскрымінацыйны вельмі важны для Беларусі. Магчыма, яго імплементацыя паўплывае на ўсю сістэму беларускага заканадаўства, і ў хуткім часе будзе прыняты агульны закон аб забароне дыскрымінацыі.

Таму Канвенцыя – гэта дакумент не толькі для асоб з інваліднасцю, як гэта прынята лічыць. Ён цалкам закліканы змяніць сітуацыю з інваліднасцю. Увесь характар ​​Канвенцыі накіраваны на ўсё грамадства і дзяржаву. Дзяржава павінна прыкладаць намаганні, каб ўзаемаадносіны ў грамадстве змяніліся.

3. Афіцыйны пераклад Канвенцыі мае мову варожасці

Калі звярнуцца да афіцыйнага рускамоўнага перакладу Канвенцыі, які размешчаны на сайце ААН, то ўбачым, што ён мае назву “Канвенцыя аб правах інвалідаў”. Міжнародная супольнасць ужо прызнала слова "інвалід" састарэлым, як і рускамоўны пераклад Канвенцыі 2006 года. Ужыванне гэтага тэрміна лічыцца непаліткарэктным і не адпавядае залатому правілу: “У першую чаргу – чалавек, а потым яго асаблівасць”. Дарэчы, у рыторыцы вышэйшых службовых асобаў Беларусі гучыць менавіта чалавек з інваліднасцю. Аднак дакументы якія яны распрацоўваюць усё яшчэ маюць рыторыку нянавісці ці hate speech, напрыклад, новы праект закона, які рэгулюе правы людзей з інваліднасцю, ці справаздача па выкананні Канвенцыі ў ААН. Галоўным іх аргументам выступае тое, што яны падпісалі менавіта “Канвенцыю аб правах інвалідаў”, таму ў далейшым не могуць падмяняць тэрміналогію. Хаця гэта зноў такі выглядае як чарговая адгаворка.

Дарэчы, Расійская Федэрацыя і Украіна пры справаздачах у ААН у мінулых гадах атрымалі заўвагі ад сябраў Камітэту аб тым, што ў краінах, дзе выкарыстоўваецца руская мова на дзяржаўным узроўні варта выкарыстоўваць тэрмін не інвалід, і не чалавек з абмежаванай магчымасцю, а менавіта чалавек з інваліднасцю. Украіна прыняла гэты тэрмін на заканадаўчым узроўні яшчэ ў 2017 годзе.

дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

4. Падпісанне Канвенцыі праходзіць па Нацыянальным плане да 2025 года

Беларусь, у адрозненне ад сваіх суседзяў, з беспрэцэдэнтнай хуткасцю пачала імплементацыю Канвенцыі пасля яе падпісання. Адразу быў прыняты Нацыянальны план па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі. Трэба адзначыць, што ў пытаннях абароны правоў людзей з інваліднасцю дзяржаўныя органы больш-менш наладзілі дыялог з грамадскай супольнасцю.

Нацыянальны план даволі працяглы – да 2025 года. Ён прадугледжвае змяненні ў заканадаўства, якія цяпер рыхтуюцца і актыўна абмяркоўваюцца.

Але ў План, як адзначае дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, не трапіў цэлы набор важных рэчаў. Напрыклад, палажэнні аб незалежным ладзе жыцця чалавека з інваліднасцю, якія прадугледжваюцца ў артыкуле 19 Канвенцыі. Гэта і рэабілітацыя, і сацыяльная падтрымка, і сацыяльная дапамога, і забарона дыскрымінацыі ў любых яе праяўленнях. Мэта гэтых дзеянняў – магчымасць чалавеку пражываць незалежна. Але не трэба разумець гэта літаральна, не значыць пустэльнікам. Гэта прадугледжвае магчымасць чалавека па-за залежнасці ад яго інваліднасці быць самастойным, прымаць рашэнні і кіраваць сваім жыццём. Гэта вельмі крытычны момант, асабліва для асоб з псіхічнымі ды ментальнымі парушэннямі, якіх часцяком у Беларусі пазбаўляюць дзеяздольнасці. Трэба разумець, што любая інваліднасць нясе за сабой вялікія абавязацельствы.

"Да нас нядаўна звярнуўся чалавек, які хацеў працаўладкавацца ў буйную арганізацыю. У яго запатрабавалі індывідуальную праграму рэабілітацыі. Гэта дакумент, які атрымлівае чалавек пры атрыманні інваліднасці. У ім прапісаны ўмовы для яго магчымасці працаўладкавання. Гэты чалавек апошні раз праходзіў такую рэабілітацыю бліжэй да 2000-га года. Відавочна, што ў яго не было ўсіх абноўленых дакументаў. Тут ўсплывае сітуацыя: нідзе фармальна не прапісана, што ён абавязаны рэгулярна праходзіць і атрымліваць усе абноўленыя формы для таго, каб уладкавацца на працу. Але з іншага боку ён абавязаны іх прадаставіць. Як бачым, статус сацыяльнай абароненасці "чалавек з інваліднасцю" акрамя правоў нясе яшчэ і абавязкі", – дадае Сяргей Драздоўскі.

5. Беларусь прымае новы Закон, які павінен забяспечыць выкананне Канвенцыі

Падпісанне Канвенцыі цягне за сабой імплементацыю. Па агульнаму правілу міжнародныя дакументы, якія ратыфікуе дзяржава становяцца часткай нацыянальнага права. Але ў тым выглядзе, у якім прапісаны нормы гэтых канвенцый, у Беларусі не працуюць ні ў судах, ні на адміністрацыйным узроўні. Таму і тут дзяржаўныя органы распрацоўваюць праект новага Закона, які мае назву "Аб правах інвалідаў і сацыяльнай інтэграцыі". Яго абмеркаванні шлі ўвесь 2018 год. Ён утрымоўвае досыць шмат і новых і пазітыўных нормаў, але, як адзначае дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, праект пакуль не ў поўнай меры ўлічвае ўсе патрабаванні Канвенцыі. Дагэтуль праект новага закона не ўлічвае асаблівыя патрэбнасці інваліднасці ў адміністрацыйных і судовых працэсах.

"Напрыклад, чалавек, які не чуе, трапляе ў судовы працэс. Нідзе не прапісана, што яму абавязаны прадаставіць сурдаперакладчыка на ўсіх этапах працэсу. Хутчэй за ўсё, у судзе ён будзе запрошаны, але на кожны этап не. Цяпер не ўрэгулявана, якім чынам чалавек, які не бачыць, зможа азнаёміцца ​​з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Вядома, гэта можа вырашацца на нейкім прыватным узроўні, але гарантый няма. Таму недастаткова сказаць, што ўсе роўныя, неабходна ўлічыць усе асаблівасці, якія не дазваляюць чалавеку быць роўным", – адзначае праваабаронца.

Таксама у меншай ступені рэгулюецца ў праекце Закона пытанне аб незалежным ладзе жыцця і праве жыць у мясцовых супольнасцях. У Канвенцыі гэтаму прысвечаны асобны артыкул, дзе прапісана, што чалавеку павінна быць гарантавана права пражываць там, дзе ён жыве. Хаця гэта вельмі важна. Чалавек, пазбаўлены дзеяздольнасці не знойдзе для сябе там практычна нічога. Гэта вялікі недагляд распрацоўшчыкаў Закона, таму што існуючая праблема закладзена і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў адносінах у грамадстве.

Але пры ўсіх сваіх хібах Закон даволі прагрэсіўны для Беларусі. Напрыклад, ён уводзіць паняцце дыскрымінацыя. Сяргей Драздоўскі падкрэслівае: "І гэта ўжо крок наперад. Хаця наўрад ці гэтае паняцце зможа працаваць без агульнага рамачнага закона. Але можа гэта стане дадатковым штуршком для дзяржавы для стварэння агульнага закона аб забароне дыскрымінацыі".

6. Беларусь не падпісала адзіны Факультатыўны пратакол да Канвенцыі

Факультатыўны пратакол дае чалавеку права персанальна звяртацца са скаргай у Камітэт па правах людзей з інваліднасцю ААН на дзяржаву. Гэта вышэйшая мера абароны правоў чалавека ў спрэчцы з дзяржавай. Але Беларусь не падпісала Пратакол, тым самым пазбавіла беларусаў асабіста звятрацца ў Камітэт за абаранай правоў, гарантаваных Канвенцыяй.

Акрамя гэтага Факультатыўны пратакол прадугледжвае права Камітэта накіроўваць камісараў у дзяржаву для назірання за сітуацыяй, калі ён сумняецца ў якіх-небудзь пытаннях, ці дзяржаўныя справаздачы не адказваюць нейкім відавочным фактарам. Але і гэта Беларусь не захацела прыняць. Сяргей Драздоўскі каментуе: “Нашыя ўлады проста адмятаюць усе рызыкі для палітычнага ціску на Беларусь”.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

7. Па Канвенцыі павінна з'явіцца тры ўпаўнаважаных органа

Міжнародны дакумент прадугледжвае дадатковыя інструменты для абароны рэалізацыі. Так, Канвенцыя прадугледжвае стварэнне трох органаў:

  • оган, які будзе каардынаваць дзейнасць па рэалізацыі Канвенцыі,
  • орган па маніторынгу,
  • орган па кантролі.

Беларусь хоць і падпісала Канвенцыю, аднак Беларусь застаецца знаходзіцца ў той адміністрацыйнай структуры, якой была і раней. Спецыфіка беларускага заканадаўства такая, што гэта ўсё асобна прапісваецца ў Законе. І толькі на падставе беларускага заканадаўчага акта функцыянуюць гэтыя органы.

Пры праектаванні Закона прадстаўнікі НДА настойвалі на тым, што органы па маніторынгу і кантролю павінны быць надурадавымі. Таму што не можа адзін орган, ажыццяўляе выкананне Канвенцыі, выконваць паралельна функцыі кантролю і маніторынгу. Аднак гэтыя заўвагі не былі падтрыманы дзяржаўнымі органамі. Гэта проста прывядзе да таго, што ў Камітэт па правах людзей з інваліднасцю ААН будзе атрымліваць занадта прыгожыя справаздачы ад беларускага ўрада.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

8. У гэтым годзе Беларусь будзе ўпершыню справаздачыцца ў ААН па выкананні Канвенцыі

Пры падпіс ў дзяржавы з'явіўся абавязак па заканчэнні двух гадоў даць справаздачу аб выкананні гэтага дакумента ў Камітэт па правах людзей з інваліднасцю ААН. У гэтым годзе Беларусь упершыню ў гісторыі прадастаўляе такую справаздачу. Беларускі даклад ўжо размешчаны на сайце ААН. Меркавана яго разгляд адбудзецца на восеньскай сесіі.

Дырэктар Офіса па правам людзей з інваліднасцю адзначае, што афіцыйны даклад дзяржавы мае шмат статыстычных дадзеных, якіх не было нідзе раней. Аднак пры ўсёй шматлікасці статыстыстычных дадзеных, ён амаль не адлюстроўвае меркаванне саміх людзей.

Таксама ён звяртае ўвагу на тое, як дзяржава ў дакладзе прыкметна абыходзіць нязручныя пытанні. Напрыклад, там шмат агульных фраз аб роўнасці і няма дакладных сцвярджэнняў па ёй. Часам даклад цынічна падыходзіць да існуючых праблем у грамадстве. Напрыклад, да пытання выбараў. Ён апісвае толькі магчымасць удзелу чалавека з інваліднасцю ў якасці выбаршчыка, пры гэтым ніяк не згадвае магчымасць яго ўдзелу ў якасці кандыдата. Складваецца ўражанне, што беларуская рэчаіснасць ніяк не ўлічвае інваліднасць у грамадскай сістэме.

"Не гледзячы на ​​ўсе яго агрэхі, на дадзены момант гэта самае поўная і адкрытая крыніца інфармацыі па сітуацыі з інваліднасю ў краіне. У гэтым дакладзе ўтрымліваюцца пазіцыі па тых напрамках, якія нідзе нельга было знайсці раней у адкрытым доступе.

Мы расцэньваем гэтую справаздачу, у першую чаргу, як новы фармат для дыялогу з дзяржавай. Нават наяўныя лічбы ў дакладзе пра многае могуць сказаць. Напрыклад, для беларусаў здадзецца дзіўным, што больш за 700 чалавек з інваліднасцю змяшчаюцца ў турмах. Адразу паўстае шмат пытанняў: як яны там жывуць, што там адбываецца. Для абывацеля гэта падасца чымсьці ўвогуле завоблачным", — каментуе даклад праваабаронца Сяргей Драздоўскі.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

9. Грамадскія аб'яднанні прадставяць альтэрнатыўную справаздачу (грамадскае паведамленне)

Не гледзячы на ​​тое, што прадстаўнікі НДА прымалі ўдзел у падрыхтоўцы афіцыйнага дакладу, яны будуць падаваць у Камітэт ААН сваю справаздачу ці так званае грамадскае паведамленне. Офіс па правах людзей з інваліднасцю выступіў арганізатарам рэдакцыйнай групы, якая рыхтуе Альтэрнатыўную справаздачу аб імплементацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Прычым, як адзначае Сяргей Драздоўскі, у дзяржаўных органаў, у прыватнасці ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на гэты конт пазітыўная праактыўная пазіцыя. Яны гатовы сустракацца і абмяркоўваць альтэрнатыўныя погляды.

"Пры гэтым іншыя міністэрствы вельмі латэнтныя ў гэтым сэнсе. Ні Мінадукацыі, ні Міністэрства аховы здароўя не маюць актыўнай пазіцыі па гэтым пытанні. Працоўныя сустрэчы збіраюцца толькі тады, калі настойваюць НДА. Але гэта хутчэй рэакцыйная пазіцыя: яны проста адказваюць на нашыя пытанні. А выразнага дыялогу і ўзаемадзеяння няма", — распавядае праваабаронца.

Агульны альтэрнатыўны даклад рыхтуюць каля дзесяці грамадскіх арганізацый, якія працуюць з асобамі з інваліднасцю ў розных формах. У адрозненне ад афіцыйнага дакладу, ён у меншай ступені ўтрымлівае статыстыку. Гэтае грамадскае паведамленне хутчэй уяўляе сабой рэагаванне і на афіцыйную справаздачу дзяржавы, і на тое, што адбываецца ў краіне з пункту гледжання меркавання саміх людзей. У сваёй справаздачы грамадскія аб’яднанні робяць упор не на колькасць, як дзяржава, а на якасць. У альтэрнатыўнай справаздачы разгледжваецца наколькі лічбы з афіцыйнага дакладу эфектыўныя, і наколькі яны мяняюць жыццё людзей.

Калі нацыянальная справаздача глядзіць на інваліднасць як на катэгарыяльную характарыстыку, то з боку грамадскіх дакладаў паказваюцца асобныя кейсы і канфліктныя сітуацыі, якія характарызуюць тую ці іншую недасканаласць дзяржаўнай палітыкі. Дзяржаўныя органы такія выпадкі спісваюць на чалавечы фактар ​​або адзінкавы выпадак на месцах. НДА ў грамадскім паведамленні даказвае, чаму рашэнне гэтай праблемы неабходна.

“Галоўная цяжкасць у падрыхтоўкі альтэрнатыўнай справаздачы — пабудаваць яе такім чынам, каб яе зразумела і дзяржава, і грамадства. Бо мы бачым гэтую справаздачу не толькі як інструмент узаемадзеяння з міжнародным органам — Камітэтам. Не. Нам вельмі важна, каб яна стала паведамленнем для ўсяго беларускага грамадства.

Акрамя таго, гэтая справаздача — наш унутраны дыялог. Рыхтуючы яе, мы ўзаемадзейнічаем адзін з адным, таму што арганізацыі працуюць у розных сферах інваліднасці, і ў штодзённай працы мы мала кантактуем", — адзначае дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства