Галадоўнік з Берасця Сяргей Вакуленка праз суд адстойвае права на працу
У судзе Маскоўскага раёна Берасця 5 жніўня прайшло першае паседжанне па грамадзянскім пазове актывіста Сяргея Вакуленкі да СП "Дэльфа-Буг". У знак пратэсту супраць непадаўжэння кантракту працадаўцам Вакуленка абвясціў галадоўку, якую трымаў 11 дзён.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, Сяргей Вакуленка падаў пазоў аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін. Ён лічыць, што кіраўніцтва СП «Дэльфа-Буг» не падоўжыла з ім кантракт з-за таго, што ён мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, за тое, што адстойвае перад працадаўцам свае правы і правы іншых работнікаў прадпрыемства.
Дыскрымінацыя выяўлялася ў тым, што яму за аднолькавы аб'ём работ яму аднаму плацілі менш чым іншым. Сяргей Вакуленка не мае на ў сваім пазове матэрыяльных момантаў: яго мэта даць урок працадаўцам, што тыя добрасумленна ставіліся да працоўнага класа.
Суддзя Таццяна Рэвуцкая задаволіла хадайніцтвы аб выкліку сведкаў і прадастаўленні патрэбных для разгляду справы дакументаў. Другое пасяджэнне суда прызначанае 12 жніўня ў 11 гадзін.
Паводле Вакуленкі, за час галадоўкі ён страціў 10 кілаграм, сухую галадоўку спыніў праз 4 дні, калі прыйшлося выклікаць хуткую. Далей ён пачаў піць ваду. Пачувае сябе адносна нармальна.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96