viasna on patreon

Сёлетняя выбарчая кампанія адбываецца ў горшым фармаце, чым раней

2019 2019-10-29T17:46:23+0300 2019-10-30T11:32:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/labkovich_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч пракаментаваў сітуацыю з вынясеннем папярэджанняў кандыдатам за несвоечасовы сыход у адпачынак і цэнзурай выступаў з боку выбарчых камісій.

Уладзімір Лабковіч
Уладзімір Лабковіч

Праваабаронца адзначыў, што артыкулам 77 Выбарчага кодэкса прадугледжана вызваленне кандыдата ў дэпутаты ад працоўных абавязкаў для ўдзелу ў перадвыбарных мерапрыемствах, і фармальна гэтая норма закона павінна служыць пэўнай гарантыяй дзейнасці і абаронай для кандыдатаў. Аднак, як заўсёды бывае, парушэнне артыкула ў шэрагу выпадкаў выкарыстоўваецца выбарчымі камісіямі для вынясення папярэджання кандыдатам і запужвання іх тым, што яны будуць знятыя з выбарчай кампаніі.

“Гэта прыкры выпадак і ў мяне ёсць некалькі пытанняў. Наколькі абгрунтавана, з лагічнай кропкі гледжання, выносіць папярэджанні за падобныя парушэнні? Наколькі такія парушэнні сапраўды ўплываюць на свабодныя, справядлівыя і дэмакратычныя выбары? Ці магчыма было проста папярэдзіць людзей, што яны мусяць сыйсці ў адпачынак? Бо я вельмі сумняюся, што ў тых людзей, якія па той ці іншай прычыне не напісалі своечасова заявы аб сыходзе ў адпачынак, сапраўды быў каварны намер нейкім чынам скарыстацца гэтым у выбарчай кампаніі для сваёй выгады.

Асабліва гэта смешна ў сітуацыі з Бабруйскам, дзе кандыдату Уладзіміру Загрышаву, які напісаў заяву на адпачынак у пятніцу, а атрымаў яго толькі ў панядзелак, было вынесена камісіяй папярэджанне за тое, што ён ў субботу і нядзелю яшчэ не быў у адпачынку”, - кажа Уладзімір Лабковіч.

На яго думку, такое абсурднае выкарыстанне нормаў права дыскрэдытуе не толькі Выбарчы кодэкс, але і ўвогуле інстытут выбараў.

Акрамя таго, праваабаронца адзначае і шматлікія факты цэнзуры падчас выступаў кандыдатаў у дэпутаты па тэлебачанні, на радыё і ў друку іх праграмаў.

“Выпадкі, якія мы назіраем і аналізуем, сапраўды пераўзыходзяць тыя абмежаванні, якія прадугледжаныя выбарчым кодэксам. Як правіла, у выступах кандыдатаў няма ні прапаганды вайны, ні заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ні распальвання расавай ці сацыяльнай варажнечы і гэтак далей. Найчасцей прэтэндэнты на дэпутацкі мандат кажуць пра тое, што яны як кандыдаты збіраюцца рабіць у межах кампетэнцый, якія ім нададзеныя законам. Умоўна кажучы, мне больш зразумела, калі кандыдат кажа пра тое, што ён будзе настойваць на імпічменце прэзідэнту, чым калі ён абяцае пракласці роварныя дарожкі ці пабудуе новую краму. Таму што імпічмент прэзідэнту знаходзіцца ў межах кампетэнцый і паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў, а вось будаўніцтва - не", – падкрэслівае Уладзімір Лабковіч..

Ён лічыць, што калі камісіі бачаць у такіх заявах кандыдатаў падставы для цэнзуры і выкарыстоўваюць супраць іх артыкул 47 Выбарчага кодэкса, то гэта кажа пра тое, што сёлетняя выбарчая кампанія адбываецца ў горшым фармаце, чым было раней.

“Адметнасць яе ў параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі і ў тым, што вось такім выкарыстаннем розных механізмаў і працэдураў ціснуць на кандыдатаў – выносяць ім папярэджанні альбо здымаюць з рэгістрацыі”, - падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства