viasna on patreon

10 меркаванняў аб прызнанні былога «САХРаўца» пра забойствы праціўнікаў Лукашэнкі

2019 2019-12-17T10:41:44+0300 2019-12-17T11:10:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zniklyya-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Deutsche Welle (“Нямецкая хваля”) апублікавала відэа, у якім чалавек, які назваў сябе байцам беларускага «эскадрону смерці», Юры Гараўскі распавёў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму. Тады ў Беларусі зніклі апазіцыянеры Захаранка, Ганчар і Красоўскі. Таксама нямецкае выданне апублікавала тэкставае падрабязнае інтэрв’ю з Гараўскім.

За вечар 16 снежня беларускім СМІ ўдалося сабраць розныя каментары наконт прызнання былога байца беларускага «эскадрону смерці» аб выкраданні і забойстве апазіцыянераў: ад следчага камітэта і самога Дзмітрыя Паўлічэнкі да былога дырэктара следчага ізалятару “Валадаркі” Алега Алкаева. Што кажуць афіцыйныя органы, праваабаронцы, той, каго абвінавачваюць у забойствах, беларускія палітыкі? Вось нашая падборка.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

На думку праваабаронцы Алеся Бяляцкага новая інфармацыя, якая з’явілася ў крыніцах Deutsche Welle, а менавіта, прызнанне былога байца САХРа ва ўдзеле ў пазасудовых казнях вядомых апазіцыйных палітыкаў, патрабуе абавязковага расследвання.

“Юры Гараўскі даволі дакладна апісвае акалічнасці выкрадання і забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Указвае месца забойстваў, называе канкрэтных людзей, якія бралі ў іх удзел. Бяздзейнасць следчага камітэту ў гэтай сітуацыі можна будзе расцэньваць як жаданне ўладаў схаваць страшную праўду.

Аляксандр Лукашэнка, які ў свой час па палітычных матывах фактычна спыніў расследванне гэтых забойстваў, павінен зрабіць усе, каб яно ўсё ж такі адбылося. Інакш, непазбежна, падазрэнне ва ўтойванні праўды будзе падаць і на яго", — адзначае Алесь Бяляцкі.

Пракуратура і Следчы камітэт

У Следчы камітэт і пракуратуру звярнулася “Радыё Свабода”. Афіцыйная прадстаўніца ведамства Юлія Ганчарова паведаміла, што ў Следчым камітэце ўжо ведаюць пра з’яўленне фільма і новых сведчанняў.

«Пакуль мы ў стадыі высвятлення, — паведаміла Юлія Ганчарова. — Калі інфармацыя будзе падрыхтаваная, мы яе апублікуем».

У Генеральнай пракуратуры Свабодзе паведамілі, што рэагаваць на новыя факты, агучаныя ў апублікаваным нямецкімі журналістамі фільме, можа Следчы камітэт. Гэта абумоўлена тым, што справа аб знікненьні Ганчара, Захаранкі і Красоўскага па-ранейшаму раследуецца.

«Справа не закрытая, яна раследуецца, — паведаміў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Дзмітры Брылёў. — Уся новая інфармацыя, у тым ліку публікацыі ў СМІ, следчаму цікавыя. Яны могуць быць разгледжаныя. Пазіцыю наконт гэтага павінен фармаваць Следчы камітэт». МУС на той момант для камэнтароў быў недасяжны.

Стваральнік САХРа Дзмітрый Паўлічэнка

Па словах Гараўскага, менавіта ён даваў загады на затрыманні праціўнікаў Лукашэнкі і сам асабіста іх расстрэльваў. Пасля выхаду фільма Паўлічэнка на працягу дзесяці хвілін даў два каментары — «Нашай Ніве» і Tut.by — з абсалютна розным зместам.

Спачатку Паўлічэнка выказаўся для партала Tut.by:

"Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а потым зганьбіў [унутраныя войскі]. Ніякага дачынення да САХРа ён не мае. У нас [ў 1998 годзе] адкрыўся штат кантрактнікаў, у яго асаблівага інтэлекту не было, хлопец здаровы, але пэўныя навыкі былі, і ў рукапашным баі, і мы яго ўзялі. Але САХР фармаваўся ў 1999 годзе. А ён у гэты час, у 1999 годзе, трапіў пад крымінальную адказнасць — займаўся вымагальніцтвам. Яго брала ў распрацоўку Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, затрымліваў «Алмаз» — там усё было сур'ёзна. Таму, калі нейкія падзеі і адбываліся [ў 1999 годзе], да якіх САХР не мае дачынення, ён адбываў пакаранне".

А праз 10 хвілін ён адказаў на званок карэспандэнта «Нашай Нівы»:

“Такі чалавек пад маім кіраўніцтвам не служыў. Я асабіста ствараў Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР). І цудоўна памятаю ўсіх, асабліва з тых, хто ствараў. Ніякага Гараўскага там не было. Можа, у 3214 і быў такі чалавек, там усіх не запомніш… Але я не ведаю такога Юрыя Гараўскага. А што ён такога напісаў, нешта, што ачарняе нашу рэальнасць?”

Былы кіраўнік унутраных войскаў Юрый Сівакоў

Сівакоў кіраваў унутранымі войскамі ў 1999-2000 гадах. На яго думку, прызнанні экс-байца САХР пра ўдзел у забойствах апазіцыйных палітыкаў з’яўляецца “ўкідам” перад сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна 20 снежня, піша «Наша Ніва».

«Я вам скажу, што матэрыял такі дабротны, зроблены прафесійна, на высокім тэхнічным узроўні і, адчуваецца, на добрай такой кухні. Галоўнае – своечасова. Калі ў нас там сустрэча Лукашэнкі і Пуціна? 20 снежня? І мне здаецца, што гэта нават не дэсерт, а толькі закуска. Павінны яшчэ з’явіцца і першая страва, і другая, і трэцяя. Пра гэтую кухню можна толькі здагадвацца. Мне здаецца, што такія козыры загадзя рыхтуюцца. Яны дзесьці ляжаць, чакаюць моманту ісціны, укідванні ў грамадства. Але я хачу сказаць, што гэты матэрыял, з усіх тых, што былі раней, самы прафесійны», – сказаў Юрый Сівакоў.

Праваабаронца БХК Гары Пагайняйла

Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Пракамэнтаваў “Свабодзе” фрагмэнт аповеду былога «сахраўца» Юрыя Гараўскага, які тычыцца справы, заведзенай супраць камандзіра Дзмітрыя Паўлічэнкі былы судздзя і адвакат, цяпер праваабаронца БХК Гары Паганяйла.

На думку Гары Паганяйла за Паўлічэнку заступіўся кіраўнік дзяржавы.

"Гэтак і магло быць, бо указанне аб вызваленні Паўлічэнкі з-пад варты з турмы КДБ „Амэрыканка“ даў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Да таго пра апэратыўныя звесткі наконт Паўлічэнкі стала вядома Віктару Шэйману, ён даклаў Лукашэнку. А той, верагодна, як мы мяркуем, даў вусны загад тэрмінова вызваліць Паўлічэнку”, — мяркуе Паганяйла.

Былы дырэктар СІЗА на Валадарскага Алег Алкаеў

“Радыё Свабода” ўзяла каментар і ў былого дырэктара следчага ізалятару на Валадарскага, аўтара кнігі «Расстрэльная каманда» палкоўніка Алега Алкаева.

“Яго словы трэба прымаць за праўду. Можа, ён не ўсё бачыў і не ўсё ведае. Гэта трэба ўлічваць. Ён на сябе такі цяжар узяў, я думаю, што ён за яго годна адкажа. Гэта не жарты, не калі рыбу скраў у краме”, — разважае Алкаеў.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў

Ці можна верыць сэнсацыйным заявам Юрыя Гараўскага, адказаў “Свабодзе” кіраўнік АГП, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў:

“Я думаю, што так. Ён апавядае падрабязнасці, якія лёгка праверыць, і гэта шмат пра што кажа. Калі чалавек кажа, што трупы закапалі, што машыну закапалі, і ён гатовы паказаць месца, калі называе прозвішчы, і можна праверыць, ці сапраўды такія людзі служылі ў адпаведным падраздзяленні.

Гэта ўсё лёгка праверыць. І ёсць падставы ўсё гэта праверыць пільна”.

Жонка зніклага ў 2000 годзе аператара расейскага тэлеканалу ОРТ Змітра Завадскага

Святлана Завадская, жонка зніклага ў 2000 годзе апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Змітра Завадскага, таксама пракамэнтавала “Радыё Свабода” прызнанне Юрыя Гараўскага.

“Шмат падобных дэталяў. Вось таго, што ў Ганчара на назе не было двух пальцаў, я не ведала. Але я запытала ў Ірыны Красоўскай, пра гэта, і яна напісала, што памятае звесткі, нібыта ў лазні Ганчар хадзіў у закрытых гумовых тапачках. Але я ж сама гэтага не бачыла, таму больш казаць не буду. Але калі гэта праўда, гэтая дэталь, то тады ўва ўсё можна верыць”, — распавядае Святлана.

Дарэчы, факт адсутнасці пальцаў на назе “Свабодзе” падцвердзіў палітык Анатоль Лябедзька, які ў 1990-я гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету разам з Ганчаром:

"Так, гэта дакладна. Пальцаў на назе бракавала, гэта я сам бачыў. Здаецца, на левай. Справа была ў лазьні. Але аб прычынах, што здарылася, не пытаўся».

Пры гэтым Святлана Завадзкая пакуль не ведае, што далей рабіць са звесткамі, якія агучыў Юры Гараўскі, бо, на яе думку, у цяперашняй Беларусі правяраць гэтыя звесткі афіцыйнага следства не стане.

“Пры цяперашняй уладзе мы з гэтай інфармацыяй мала што можам зрабіць. Мяне трасе, калі ўсё гэта чытаю, а нічога не магу зрабіць. Спрабую нешта прыдумаць. Вось ён кажа, што можа ўказаць месца, дзе забілі Ганчара і Красоўскага. І што, калі мы туды прыедзем, што будзе? Хто нам дазволіць туды прайсьці? І ўвогуле я перакананая, што іхных целаў ужо не знойдзеш”, — разважае Святлана Завадская.

Былы следчы Алег Воўчак

Былы следчы пракуратуры Алег Воўчак у 1999 годзе ўзначальваў грамадскую камісію расследавання знікнення экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, апазіцыянера Віктара Ганчара і ягонага сябра Анатоля Красоўскага. Аповяд экс-«сахраўца» Юрыя Гараўскага ён пракаментаваў “Свабодзе”.

На думку Алега Воўчака, суразмоўца «Нямецкай хвалі» Юры Гараўскі пацвярджае звесткі пра расстрэльны пісталет, вядомыя са словаў Алега Алкаева, а таксама былых супрацоўнікаў пракуратуры і і Петрушкевіча.

"Яны давалі паказанні яшчэ ў 2001 годзе, і ўсё паводле паслядоўнасці супадае. Што быў такі адмысловы пісталет, што ён быў выкарыстаны ў дні, калі выкралі Захаранку, а потым гэтак жа выкралі Ганчара і Красоўскага і зноў выкарысталі пісталет. Гараўскі гэта засведчыў. Мы ў грамадскай камісіі знайшлі сведак, якія пацвердзілі тыя выкраданні, і цяпер Гараўскі гэта апісаў падобным чынам. І пра тое, што пад Бягомлем быў закапаны джып Красоўскага. Праўда, тады Навумаў казаў, што выехалі туды і шукалі, ды не знайшлі, але цяпер зразумела, што маглі зьнішчыць ці перахаваць, таму нічога нібыта і не знайшлі”, — разважае Воўчак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства