viasna on patreon

У Мінску прайшлі пяты мітынг і шэсце супраць інтэграцыі з Расіяй, стаяў «жывы ланцуг». Фота Відэа Дапоўнена

2019 2019-12-29T14:19:17+0300 2019-12-29T16:09:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mityng_29.12.19.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Шэсце пасля мітынгу 29 снежня. Фота Радыё Свабода

Шэсце пасля мітынгу 29 снежня. Фота Радыё Свабода

Чарговая — пятая за месяц — акцыя пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй прайшла ў Мінску 29 снежня. Як паведамляе Радыё Свабода, у мітынгу і шэсці ўзялі ўдзел каля 120 чалавек. Пасля акцыі анансаваны «жывы ланцуг». Частка арганізатараў ранейшых акцыяў цяпер адбывае адміністрацыйны арышт.

Першая анансаваная акцыя пачалася апоўдні. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які заклікаў на гэтую акцыю, цяпер за кратамі. Другая акцыя пратэсту, якую анансавалі раней, гэта «жывы ланцуг» — у той жа дзень, праз гадзіну па заканчэнні першай акцыі.

15.35 Удзельнікі «жывога ланцугу» прастаялі пад сьнегам паўгадзіны. Акцыю меркавалі «расьцягнуць» ад Галоўпаштамта да Кастрычніцкай плошчы, але ўдзельнікаў хапіла на два кварталы. Затрыманьняў падчас акцыі не было, але супрацоўнікі ДАІ стаялі на дарозе ўздоўж пратэстоўцаў і казалі ім не выходзіць на праезную частку.

15.00 Каля Галоўпаштамту ў Менску пачаўся «жывы ланцуг» — людзі ўсталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці, трымаючыся за рукі. У ліку ўдзельнікаў — старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, першы намесьнік старшыні партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук, актывістка Ніна Багінская ды іншыя. Міліцыя не замінае акцыі. Каля ўдзельнікаў акцыі ходзіць мужчына, які кажа ім «зьяжджаць у Ізраіль ці ЗША, дзе дэмакратыя», а прысутныя сьцьвярджаюць, што ад мужчыны моцна пахне алькаголем.

13.50 Шэсьце спынілася каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці. Міліцыя не перашкаджала мітынгу і шэсьцю, пра затрыманьні 29 сьнежня не паведамлялася.

«Мы выйшлі чарговы раз толькі з адной мэтай: каб не гандлявалі нашай Бацькаўшчынай, каб не парушалі Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, каб не было ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй, — падсумаваў Вячаслаў Сіўчык. — Мы лічым здрадай тое, што робіць зараз Лукашэнка, спрабуючы навязаць беларускаму народу так званую „31 дарожную карту“. Мы патрабуем, каб гэтыя ганебныя дакумэнты былі апублікаваныя. Мы патрабуем вызваленьня беларускіх патрыётаў, якія незаконна былі кінутыя за краты за тое, што яны абаранялі Айчыну».

mityng_29.12.19_2.jpg
Вячаслаў Сіўчык на акцыі 29 сьнежня ў Менску. Фота Радыё Свабода

На 29 сьнежня анансаваная яшчэ адна акцыя: праз гадзіну чакаецца «жывы ланцуг». Свабода будзе весьці трансьляцыю і гэтай акцыі.

13.30 Удзельнікі акцыі вырашылі прайсьці кароткім шэсьцем уздоўж праспэкту Незалежнасьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Пасьля, адзначанага мітынгу, плянуецца яшчэ адна акцыя: ланцуг памяці. Вячаслаў Сіўчык выгукае імёны зьняволеных палітыкаў і разам з пратэстоўцамі патрабуе ім свабоды. Калёна з прыблізна 120 чалавек са сьцягамі і плякатамі ідзе па ходніках, гукае «Жыве Беларусь» і «Далучайся».

13.00 Каля сотні чалавек стаяць на Кастрычніцкай плошчы, трымаюць сур’ёзныя і іранічныя плякаты, партрэты зьняволеных палітыкаў і бел-чырвона-белыя сьцягі. Для ўсіх ахвочых, як і на мінулых акцыях, зладзілі «вольны мікрафон». Міліцыя не перашкаджае мітынгу.

12.00 На Кастрычніцкай сабраліся дзясяткі людзей, у ліку якіх лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Зьявілася і гукаўзмацняльная апаратура. Пратэстоўцы трымаюць партрэты зьняволеных апазыцыянэраў.

mityng_29.12.19_3.jpg
Вольга Кавалькова на акцыі 29 сьнежня ў Менску

Асобна ад асноўнай масы пратэстоўцаў, на рагу вуліцы Энгельса, зь бел-чырвона-белым сьцягам стаяла актывістка Ніна Багінская — пазьней і яна далучылася да акцыі.

Мастак Алесь Марачкін кажа, што прыйшоў на акцыю дзеля ўжо зьняволеных: маўляў, тыя, хто арганізоўваў пратэсты, цяпер амаль усе ў ізалятары на Акрэсьціна.

«Але ўсё наперадзе, — кажа ён. — За Беларусь Крэмль узяўся вельмі моцна. Сёньня як ніколі ёсьць трывога, што мы можам страціць незалежнасьць».

Старшыня АГП Мікалай Казлоў жа кажа на акцыі, што перамовы аб інтэграцыі з Расеяй — злачынства з боку Аляксандра Лукашэнкі. Пасадкамі і штрафамі, мяркуе Казлоў, Лукашэнка паказаў, што ён «адзінаасабова будзе вырашаць, у якой краіне нам жыць».

«Спробы выгандляваць нейкія ўмовы для сябе ў гэтай інтэграцыі — мне здаецца, гэта здрада радзіме», — кажа Казлоў пра Лукашэнку.

Вячаслаў Сіўчык на акцыі пералічвае імёны зьняволеных апазыцыянэраў — ён і пратэстоўцы патрабуюць свабоды ім і Беларусі.

Нагадаем, за мінулы тыдзень за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі ​7, 8, 20 і 21 сьнежня «на суткі» пасадзілі 6 апазыцыянэраў, а штрафаў за пратэсты прысудзілі на ня менш як 16 тысячаў рублёў. Да таго арыштавалі Дзяніса Ўрбановіча, Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага.

У Мінску прайшлі пяты мітынг і шэсце супраць інтэграцыі з Расіяй, стаяў «жывы ланцуг».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства