viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: VIII. ГЕНА

2020 2020-03-03T11:20:01+0300 2020-03-03T11:39:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/blog_bialiacki_8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ляснула абкаванае бляхаю вакенца ў дзьвярах, і голас кантралёра абвясьціў:

“Рыхтуемся на прагулку!”

Людзі заварушыліся, зьлез са сваёй шконкі і я.

Зьняволеныя скідалі пантоплі, узувалі красоўкі, летнія лапці, нехта памяняў майку, хтосьці дастаў з-пад ложкаў пустыя паўтаралітровыя пластмасавыя пляшкі і набраў туды вады. Урэшце дзьверы адчыніліся, і зэкі па адным пачалі выходзіць. Дворык, у які нас вывелі, быў па плошчы як дзьве нашых камеры. Высокія трохмятровыя сьцены, зьверху па сьцяне – трап, па якім ходзіць надзіральнік, неба па верхняй броўцы чатырохкутнага квадрату, у якім стаім мы, перакрыта гарызантальнымі кратамі. Зьняволеныя разбрыліся па дворыку: хтосьці запаліў цыгарэту, хтосьці памахваў рукамі, разьмінаўся.

Прагулачныя дворыкі на Валадарцы, выгляд звонку
Прагулачныя дворыкі на Валадарцы, выгляд звонку

Хлопец з пляшкамі прайшоўся па коле, паліў парэпаны асвальт, прыбіў вадою пыл.
“Пайшлі!” – паклікаў ён, і зэкі рушылі хуткім крокам адзін за адным. Разам зь імі пашыбаваў і я. Хадзілі хвілінаў з пятнаццаць. Хто не хацеў, выходзіў бліжэй да кутоў дворыка, каб не замінаць і не зьбіваць тэмп. Затым усе спыніліся і пачалі разьмінацца. Праз нейкі час кола са зьняволеных ізноў рушыла наперад. Такія простыя рэчы, як рух, наладжаны быт іншых людзей, якія тут выглядалі зусім не няшчаснымі і разгубленымі, усё больш і больш вярталі мне прытомнасьць. Пару чалавек засталіся ў камеры і займаліся практыкаваньнямі там. Мы вяртаемся – яны вясёлыя, чырвоныя, распараныя ад нагрузкі і гарачыні.

Вось я ўжо навучыўся выключаць тугі выключальнік у прыбіральні, які трэба было круціць па коле некалькі разоў, пакуль не патрапіш. Калі старэйшы камеры паказваў мне, як ім карыстацца, у яго атрымалася лёгка і з першага разу. Ён пахваліўся:

“Ня тое, што ў іншых хатах: усё цывілізавана, зачынена, толькі, галоўнае, нічога не зламаць, бо тут і звычайную лямпачку дастаць – вялікая праблема”.

Патроху я разгаварыўся з бліжэйшымі суседзямі, даведаўся, хто, а часам і за што, апынуўся тут.

Гена –  брухаты дзядзька з нездаровым усходнім тварам, сівыя валасы, вялікі нос, цёмныя вочы, мяхі пад вачыма, у спартовых трэніках і байкавай кашулі. Усё жыцьцё адпрацаваў будаўніком у менскіх будаўнічых трэстах, апошнія гады меў маленькую будфірму, зь якой на чымсьці і пагарэў. На чым – не гаворыць, ды я і не пытаюся. Сядзіць ужо сем месяцаў. Як толькі загаворвае пра сваю крымінальную справу, ледзь ня плача, голас зрываецца. Кажа, пакуль сядзіць, схуднеў на трыццаць кілаграмаў, калі асудзяць – жывым ужо з турмы ня выйдзе. Я слухаю, не суцяшаю, куды мне. Дзе б мне самому разабрацца, сам, як пачую тут крыху пазьней, можна сказаць, што “хатнія катлеткі яшчэ ня высраў”.

Гена – рускі, жонка – беларуска, і дзеці, кажа Гена, таксама беларусамі сталі. У размове зь ім выпадкова згадваю Ракаў. 

– А што вам Ракаў? – ажыўляецца Гена.

– Хата ў нас там, – адказваю я.

– І ў нас таксама, – узрадавана гаворыць Гена, – жонка мая адтуль родам.

Пачынаем высьвятляць: аказваецца, хаты нашыя стаяць на адной вуліцы, у двухстах метрах адна ад другой. Гена жыве далей, на выезьдзе зь мястэчка. Я – бліжэй да аўтастанцыі. Не знаемся, бо бываю я там ня так і часта, у асноўным улетку. Паўз нашу хату Гена амаль штодзень ходзіць то ў краму, у цэнтр, то на базар, то на аўтастанцыю. Хадзіў…

У нас зьявілася агульная тэма. Мы сумовімся зь Генам ужо як добрыя знаёмыя, як землякі. Ён засумаваў за гэтыя месяцы па Ракаве, а я ў мінулую суботу там лазьню тапіў, роднага брата ў госьці прыймаў. Сядзім на шконках насупраць адзін аднаго, гамонім.  Другія зьняволеныя-суседзі ня ўлазяць у нашую размову. Мы абмяркоўваем і нашую вуліцу, суседзяў, якіх ведаем, і кума майго Язэпа, і кошты на газ, які я толькі-толькі як правёў у хату і нават толкам яшчэ не ўключаў, і хто чым градкі ўгнойвае, і ў каго якія кветкі растуць, і як Іслач зрабіць зручнейшай для купаньня. Іслач цячэ за нашымі агародамі, плыткая, заіленая, берагі ў высокай траве, у крапіве па грудзі – не падыйсьці. Купацца мы хадзілі, як аказалася, у адное месца: ці туды, дзе раней былі старыя кладкі, на якіх некалі пралі бялізну. Зараз ад тых кладак засталіся адныя слупкі, і вады там па пояс. Ці далей, на паваротку, дзе і дно – пясочак, і глыбіня па грудзі.

Гена шкадуе, што зьбіраўся, але не пасьпеў прывезьці машыну буйнага каменьня, не пасьпеў вываліць іх каля старых кладак у Іслач, не перагарадзіў яе каменнай плацінкаю, невысокаю, па ўзровень вады, каб вада з тых камянёў лілася-сьцякала і вымыла ямку з чыстым залатым пясочкам. Вось добра было б там тады адпачываць!

“Там жа такія крыніцы, такія крыніцы на дне, – працягваю я, – руку ў пясок суеш, крыху глыбей, і пальцы нямеюць ад сьцюдзёнай вады”.

І мне ўжо падаецца, што лепшай за гэтую Генаву ідэю і няма. Вось, каб ён зрабіў так, дык мы б напэўна зь ім каля гэтай плацінкі і пазнаёміліся б.

– Эх, што ж ты, Гена, – мягка дакараю я яго.

– Зраблю, Алесь, – апраўдваецца Гена, – вось як выйду, дык абавязкова зраблю.

Ужо пасьля таго, як мяне перавялі ў іншую камеру, час ад часу я буду сустракацца з Генам ці каля кабінетаў у чаканьні нашых адвакатаў, ці пад час прагулак, ці калі пачаліся амаль адначасова над намі суды. Мы будзем заўсёды прыязна вітацца адзін з другім, як старыя знаёмыя, і пытацца: “Як справы?”

Я так і ня ведаю, як асудзілі Гену і колькі ён атрымаў гадоў зьняволеньня, хаця мог бы ў Ракаве папытацца ў суседзяў, ці схадзіць да ягонай хаты, паглядзець, пагаманіць можа з жонкай. Штосьці стрымлівае мяне. Мабыць думкі: “А раптам ён яшчэ сядзіць? А што, калі яго ўжо няма жывога?” З розных прычынаў людзі, якія сядзелі разам у зьняволеньні, ня надта хочуць сустракацца на волі ці нават успамінаць адзін аднаго.

Эх, колькі я яшчэ выслухаю споведзяў вязьняў з шкадаваньнем пра тое, што было ня зроблена ў свой час на волі, а колькі я сам буду шкадаваць, што і тое не пасьпеў, і тое не дарабіў ці не зрабіў, паленаваўся, выпусьціў з-пад увагі ці палічыў, што гэта ня важна. Заціснуты ў чатыры сьцяны, пазбаўлены свабоды, чалавек мае час для мараў і ўспамінаў, развагаў і шкадаваньняў, для пераасэнсаваньня свайго такога хуткабежнага жыцьця.

Пры размовах з Генам пра Ракаў, забываючыся на акаленьне, я некалькі разоў гучна рагатнуў і заўважыў, што той-сёй з сукамернікаў уважліва паглядзеў на мяне. Другі сусед, сухапары, невысокі, чарнявы, акуратны такі мужычок маіх гадоў, нават зьдзіўлена зазначыў: “Хутка прыжыўся, сьмяесься, як быццам бы цябе ўчора не затрымлівалі”.

“Затрымлівалі, затрымлівалі”, – думаю я.

У працэсе размовы і слуханьня іншых адганяю я ад сябе сумныя думкі. Я адчуваю, што як паветра зараз мне патрэбныя іншыя ўражаньні, іншыя эмоцыі, толькі б ня згадваць учорашні дзень, адыйсьці ад яго, забыць на час і не ўпадаць у прорву беспрасьветнай тугі.

Разгаварыліся з гэтым інтэлігентнага выгляду худаватым суседам. Ён таксама аказаўся будаўніком. Сьмяецца, кажа:

“У нас тут у 22-й хаце больш паловы будаўнікоў сядзяць”.

Быў начальнікам УКСу Цэнтральнага раёну Менску.

“А я некалі дырэктарам музея Максіма Багадновіча працаваў, што на Траецкім, – кажу, – а потым дэпутатам Менсгаравету быў”.

І пайшлі знаёмыя прозьвішчы: Марыніч, Мясьніковіч, Ярмошын, Сасноўскі, Папкоўскі, Зелянкевіч, Герасіменка – гарадзкое начальства 90-х – пачатку 2000-х гадоў, пра кожнага ў нас ёсьць, што сказаць.

Перарываемся, п’ем гарбату.

“Вось так, працаваў, працаваў, – ціха выгаворвае УКСавец набалелае, – ні выхадных, ні прахадных. Жонка казала: бяры раскладанку ды ідзі начаваць у свой УКС, усё-роўна я цябе ўдома ня бачу. Амаль трыццаць гадоў. Колькі разоў адказнасьць на сябе браў, нервы паліў, дапрацаваўся да турмы, уся падзяка”.

Я слухаю, моўчкі сёрбаю гарбату, ківаю: не мая справа судзіць гэтых людзей.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: VII. ХАТА №22

Камера была вялікай, на тры вакны, зь яркім сьвятлом ад дзённых лямпаў. Паўз тры сьцяны ўпоперак грамазьдзіліся двухпавярховыя ложкі-нары. Справа на тумбачцы стаяў маленькі тэлевізар, зьлева была адгароджаная фанерай да столі і лёгкімі дзьвярыма прыбіральня. На ложках сядзелі і ляжалі людзі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства