viasna on patreon

Выбары-2020: Як грамадзяне могуць паўдзельнічаць?

2020 2020-06-02T16:04:24+0300 2020-06-02T16:45:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/naziranne_vybary2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка распавёў, як яшчэ, акрамя подпісу за вылучэнне кандыдатам і галасавання ў асноўны дзень, грамадзяне могуць прыняць актыўны ўдзел у выбарчым працэсе, і што для гэтага трэба.

Прыемнай асаблівасцю цяперашняй выбарчай кампаніі стаў не толькі актыўны ўдзел людзей у працэсах вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, але і цікавасць да ўдзелу ў выбарчых камісіях і ў якасці назіральнікаў.

Некаторыя людзі ўжо зараз прыглядаюцца да працэсаў ўключэння ў камісіі. Аднак у тэрытарыяльныя камісіі вылучацца ўжо позна – яны сфармаваныя, а фармаванне ўчастковых камісій яшчэ не пачалося. Але ўжо цяпер можна рыхтавацца: самастойна прапанаваць сваю кандыдатуру ў склад камісіі немагчыма, туды могуць вылучыць арганізацыйныя структуры палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў або сход працоўнага калектыву. Тонкасці гэтага працэсу – у адпаведнай пастанове Цэнтральнай камісіі па выбарах. Напрыклад, працоўны калектыў (не менш за 10 чалавек) можа вылучыць прадстаўніка на сходзе ва ўчастковую камісію ўчастка, на тэрыторыі якога знаходзіцца арганізацыя. Акрамя таго, і гэта самы просты варыянт, прадстаўніка можа вылучыць група выбаршчыкаў у колькасці не менш за 10 чалавек – ва ўчастковую камісію ўчастка для галасавання, на тэрыторыі якога яны пражываюць.

Так считают голоса в Бобруйске.
Прыклад працы ва ўчастковай выбарчай камісіі

Формы дакументаў для вылучэння ёсць на сайце Цэнтральнай камісіі па выбарах: напрыклад, форма для вылучэння прадстаўніка грамадзянаў.

Згодна з Каляндарным планам, падача дакументаў ва ўчастковыя камісіі завяршаецца не пазней за 21 чэрвеня. А калі пачынаецца? Аб гэтым можна будзе даведацца з інфармацыі пад банэрам "ВЫБАРЫ – 2020" на сайце адпаведнага мясцовага выканкама або адміністрацыі раёна ў горадзе. Там жа будзе пазначанае месца прыёму і час, да якога дакументы прымаюцца – напрыклад, да 17.00.

Не пазней 24 чэрвеня мясцовыя выканкамы і адміністрацыі раёнаў у гарадах утвараюць сваімі рашэннямі ўчастковыя камісіі.

Па назіраннях кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", найлепшыя шанцы трапіць у камісіі маюць тыя, хто вылучаны буйнымі праўладнымі грамадскімі аб'яднаннямі тыпу "Белай Русі" або БРСМ, а таксама прафсаюзы з Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Стаць назіральнікам значна прасцей: для гэтага не патрабуецца "адабрэнне" мясцовых уладаў.

Ажыццяўляць назіранне за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў маюць права дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў, члены Савета Рэспублікі, давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і грамадзянаў.

Падрабязнасці накіравання назіральнікаў Цэнтральная камісія таксама апісала ў адпаведнай пастанове.

"Дарэчы, для таго, каб атрымаць накіраванне ад партыі ці іншага грамадскага аб'яднання, не абавязкова быць сябрам гэтай партыі або грамадскага аб'яднання.

Акрамя таго, назіральнікаў мае права накіроўваць працоўныя калектывы, а таксама групы грамадзянаў у колькасці не менш за 10 чалавек, якія пражываюць на ўчастку для галасавання", – падкрэслівае Павел Сапелка.

Выбарчы кодэкс не кажа аб абстрактных "назіральніках за выбарамі", а мае на ўвазе назіральнікаў у камісіях і на ўчастках для галасавання. Такім чынам, прама зараз можна накіроўваць назіральнікаў толькі ў тэрытарыяльныя камісіі, а пасля ўтварэння ўчастковых камісій – таксама і туды. Назіраць можна як увесь працэс дзейнасці адпаведнай камісіі, так і асобны этап – датэрміновае галасаванне, галасаванне ў дзень выбараў, падлік галасоў. Акрэдытацыю назіральнікаў ажыццяўляе камісія, у якую тыя накіраваныя, па прад'яўленні накіравання і пашпарта.

Важна: назіральнікам і членам камісіі можа быць толькі паўналетні грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Абвяшчаем набор назіральнікаў за выбарамі! Запоўні анкету

Кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» набірае назіральнікаў і назіральніц за галасаваннем падчас прэзідэнцкіх выбараў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства