Праваабаронца: Еўрапарламенту неабходна патрабаваць ад беларускіх уладаў спынення рэпрэсій
Валянцін Стэфановіч прыняў удзел у пасяджэнні Падкамітэта па правах чалавека Еўрапейскага парламента па сітуацыі ў Беларусі.
Падчас свайго выступу праваабаронца “Вясны” адзначыў апошнія падзеі ў краіне – масавыя затрыманні, якія адбываюцца ў перыяд выбарчай кампаніі, і асобна ўказаў, што спіс палітычных зняволеных на сённяшні дзень складае 24 чалавекі.
“Народу Беларусі сёння, як ніколі, патрабуецца салідарнасць і падтрымка з боку Еўрапейскага саюза і Еўрапейскага парламента”, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч у звароце да парламентарыяў.
Прысутныя сябры Падкамітэта задавалі шэраг пытанняў, адзін з якіх датычыўся смяротнага пакарання: ці не збіраецца Беларусь уводзіць у бліжэйшы час мараторый?
Валянцін Стэфановіч адзначыў, што, на жаль, урад краіны не збіраецца ўводзіць мараторый, таксама распавёў пра тое, што на сённяшні дзень чатыры чалавекі знаходзіцца ў камеры смяротнікаў. Праваабаронца ўзгадаў пра адзін з апошніх выпадкаў вынясення смяротнага прысуду – справу маладых братоў Косцевых, у дачыненні да якіх Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу і прысуд ужо ўступіў у законную сілу.
“Зараз мы спрабуем хоць нейкім чынам паўплываць на тое, каб яны былі памілаваныя, і такім чынам захаваць іх жыццё”, – сказаў Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца “Вясны” асобна адзначыў, што Еўрапейскаму парламенту неабходна патрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага спынення палітычных рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, як умову для правядзення выбараў.
Тым часам 31 дэпутат Еўрапарламенту звярнуліся да Еўракамісіі і ўсіх дзяржаваў-удзельніц Еўрасаюза з просьбай перагледзець рашэнне 2016 году аб зняцці санкцыяў з шэрагу беларускіх чыноўнікаў і кампаніяў, паведамляе Радыё Свабода.
"Улады Беларусі пад кіраўніцтвам прэзідэнта Лукашэнкі апошнім часам узмацнілі наступ на дэмакратычныя правы ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня. Яны знявольваюць кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікоў апазыцыі і звычайных грамадзянаў падчас пікетаў для збору подпісаў. Шырока паведамляецца таксама пра арышты журналістаў і блогераў.
Гэтыя адвольныя арышты справядліва выклікаюць асуджэнне ва ўсім свеце. Мы, што ніжэй падпісаліся, былі рады бачыць, што Еўрапейская служба знешніх сувязяў і Еўрапейская Камісія занялі цвёрдую пазіцыю супраць гэтага. Аднак, як заўсёды, дзеянні тут гучнейшыя за словы", – гаворыцца ў звароце, накіраваным да старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен, старшыні Еўрапейскага Савета Шарля Мішэля і вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпэ Барэля.
Згодна з папярэднім раскладам дэбаты па сітуацыі ў Беларусі і прыняццё рэзалюцыі Еўрапарламента адбудуцца раніцай 9 ліпеня.