viasna on patreon

Чаму ўчастковыя камісіі пагарэлі на тых, хто вылучаўся ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў?

2020 2020-07-24T17:20:16+0300 2020-07-24T17:20:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vybory-podpisi01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ 8 ліпеня пяць выбаршчыкаў Заводскага раёна г. Мінска звярнуліся з заявай у міліцыю. Яны ўказваюць, што не ставілі свой подпіс пад вылучэннем у члены ўчастковай камісіі Таццяны Плашчынскай — начальніцы аддзела кадраў на прадпрыемстве «Белметал». Сама Т. Плашчынская не магла растлумачыць, як гэта атрымалася: дакументамі займаўся старшыня камісіі — намеснік дырэктара па ідэалогіі таго ж прадпрыемства: "збіраў усе дакументы і падаваў іх у адміністрацыю раёна ці куды там яны падаюцца". Дарэчы, абодва не першы год удзельнічаюць у камісіях на выбарах.

"Вочная стаўка", якую правялі журналісты, толку не дала і не ліквідавала супярэчнасцяў у паказаннях раней "дапытаных" удзельнікаў УВК. Аляксандр Мякішаў (сам ён прадбачліва вылучыўся ў камісію ад Камуністычнай партыі) пазіцыю калегі не падтрымаў: Плашчынская, кажа, хадзіла са мной па дамах.

Выявілася меркаваная падробка подпісаў у працэсе абскарджання вынікаў фармавання адной з УВК у судзе, пры азнаямленні з дакументамі.

Можна было б да гэтага паставіцца як да казуса, але вось яшчэ інфармацыя: Валянцін Карэеў з Мінска публікацыяй у сябе на старонцы ў Фэйсбуку дадаў новы выпадак магчымай падробкі. Зноў участковая камісія, зноў шэсць чалавек заявілі, што не падпісвалі заяву аб вылучэнні ў камісіі прадстаўніка грамадзянаў.

Акрамя таго, падробку подпісаў за вылучэнне ў чальцы ўчастковай камісіі Ірыны Ягутка ў Маскоўскім раёне Мінска выявіў адзін з прэтэндэнтаў на месца ў камісіі, які не быў зарэгістраваны, Віталь Бычык. Мужчына высветліў, што пяць з 10 падпісантаў не ведалі, хто такая Ірына Ягутка, і подпісы за яе вылучэнне не ставілі. Акрамя таго, высветлілася, што ў чатырох падпісантаў няправільна пазначаныя даты нараджэння ў заяве. Зараз з усім гэтым будзе разбірацца міліцыя.

vybory-podpisi01.jpg
Заява, пададзеная Ірынай Ягутка ў Адміністрацыю Маскоўскага раёна Мінска. Фота TUT.BY

"На самой справе, такія выпадкі проста абавязаныя былі з'явіцца, — лічыць аналітык кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка— Участковыя камісіі фармуюцца мясцовымі органамі кіравання м— выканкамамі і адміністрацыямі раёнаў у горадзе, і задачы перад імі стаяць пэўныя: сфармаваць УВК так, каб тыя заставаліся верным інструментам фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Таму камісіі як правіла складаюцца з людзей, якія сябе "добра зарэкамендавалі" на папярэдніх выбарах і лёгка кіруюцца".

На думку эксперта, першая задача дасягаецца мінімальным узроўнем ратацыі членаў камісій. Другая — фарміраваннем камісій пераважна па вытворчым прынцыпе. Яшчэ адной важнай гарантыяй ад нечаканасці з'яўляецца адсутнасць у камісіях ідэалагічных праціўнікаў улады і проста невядомых "выпадковых" людзей. Пры гэтых усіх абмежаваннях неабходна выканаць і заканадаўчыя: кожны суб'ект павінен вылучыць у камісію толькі аднаго прадстаўніка.

За гэтымі задачамі "другараднае" — законнасць вылучэння тых самых дасведчаных, правераных і вядомых, застаецца без належнай увагі. Адпаведна, суб'екты, якія фармуюць камісію са сваіх прадстаўнікоў, упэўненыя ва ўзаемнасці ўлады і ўжо не вельмі ўважлівыя і асцярожныя пры выкананні рытуалу вылучэння.

Чаму выканкамы і ўчастковыя камісіі з вытворчым прынцыпам фармавання пагарэлі менавіта на тых, хто вылучаўся ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў?

Павел Сапелка адзначае, што ў адрозненне ад раённых камісій, дзе сярод тых жа членаў калектыву можна лёгка знайсці "жадаючага" паставіць подпіс за вылучэнне, які пражывае на тэрыторыі раёна, пры фарміраванні ўчастковых камісій геаграфія звужаецца, і "жадаючыя" павінны жыць на тэрыторыі ўчастка для галасавання. Відавочна, неабходнасць знайсці дзясятак грамадзянаў з ліку тых, хто не падпарадкаваны па службе, для вылучэння патрэбнага чалавека патрэбным спосабам стала непераадольнай перашкодай пры падрыхтоўцы дакументаў для вылучэння.

"Дарэчы, цяпер вам ужо лёгка будзе зразумець, як за вылучэнне аднаго паспяховага кандыдата падпісаліся амаль два мільёны чалавек; зборшчыкі подпісаў сцвярджаюць, што палова з іх — тыя, каго яны заспелі па месцы жыхарства: гэтыя подпісы, не выключана – такой жа якасці, але правяралі іх, прабачце за каламбур, ужо правераныя людзі; а назіралі за імі хто? Ніхто: у большасці выпадкаў прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" было адмоўлена ў прысутнасці пры праверцы подпісаў", —падкрэслівае эксперт кампаніі.

На думку праваабаронцы, у гэтай праблемы ёсць рашэнне: "галоснасць і ўлік грамадскай думкі, пастаяннае інфармаванне грамадзянаў аб прымаемых рашэннях па найважнейшых пытаннях мясцовага значэння" згодна з Законам "Аб мясцовым самакіраванні" і правіла Выбарчага кодэкса аб тым, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў Прэзідэнта і дэпутатаў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Аднак на справе ўсё ідзе не так проста: выканкамы публікуюць толькі пэўны аб'ём інфармацыі аб фарміраванні камісій і на гэтым прынцып галоснасці лічаць выкананым.

"Азнаёміцца з "кухняй" прыняцця рашэнняў немагчыма. Падобна на тое, у выканкамах ведаюць, што не ўсё там добра з дакументамі вылучэнцаў, таму створана аднастайная практыка: ніякіх дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у камісіі назіральнікам і іншым прадстаўнікам грамадскасці, якія гэтым цікавяцца, не паказваюць, у лепшым выпадку — даюць магчымасць павярхоўна, здалёку паглядзець на пратаколы і заявы",  — канстатуе Павел Сапелка.

66 % назіральнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" сёлета на пытанне: "Ці была ў зацікаўленых асобаў магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК (пратаколы сходаў адпаведных структураў палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў, заявы грамадзянаў)?" адказалі адмоўна.

Чым можа абярнуцца прадпрымальнасць і парушэнне закона пры афармленні дакументаў?

У праваабаронцаў, якія назіралі ўжо за некалькім выбарчымі кампаніямі, ёсць прыклады сітуацый, калі звароты грамадзянаў аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці асобаў, якія груба парушылі заканадаўства аб выбарах у перадвыбарчы перыяд і ўчынілі дзеянні з прыкметамі злачынстваў, чамусьці накіроўваліся для разгляду ў выбарчыя камісіі і згасалі са спыненнем дзейнасці гэтых камісій пасля заканчэння выбараў.

У выпадку, калі крымінальны закон запрацуе, і па факце выкарыстанне загадзя падробленага дакумента або непасрэднай падробкі дакумента будзе пачатая праверка, то знойдзецца некалькі складаў злачынства, пад прыкметы якіх падпадаюць тры "гісторыі поспеху" членаў УВК.

Аднак і тут не без праблем.

У главе Крымінальнага кодэкса "Злачынствы супраць канстытуцыйных правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна" ёсць, напрыклад, артыкул 192 — "Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб адкліканні дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў". У дыспазіі — падробка дакументаў па выбарах, аднак суб'ектам з'яўляецца асоба, якая ўваходзіць у склад ЦВК, выбарчай камісіі і іншая асоба, якая прымае "ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў". Ці будзе аднесены да гэтых асобаў нейкі намеснік па ідэалогіі прадпрыемства, які ці то сабраў, ці то не сабраў подпісы і занёс іх у адміністрацыю раёна – пытанне няпростае.

Самі ж "выгадаатрымальнікі" – накіраваныя ў камісіі прадстаўнікі, і на самай справе не маглі ўяўляць, якія абставіны суправаджаюць іх накіраванне на пярэдні "край" выбарчай "вайны": ні ў Выбарчым кодэксе, ні ў пастанове ЦВК, якія растлумачваюць парадак прымянення нормаў ВК пры ўтварэнні камісій няма палажэнні аб адказнасці прадстаўнікоў суб'ектаў, якія накіроўвалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, за дакладнасць адпаведных дакументаў.

Павел Сапелка лічыць, што ўяўляецца неабходным комплекснае змяненне заканадаўства, якое павінна:

  • зрабіць празрыстым працэс вылучэння прадстаўнікоў у камісіі, уключаючы магчымасць азнаямлення прадстаўнікоў грамадскасці і іншых прадстаўнікоў з усімі без абмежавання дакументамі аб вылучэнні. Для ліквідацыі канфлікту з палажэннямі Закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі", які абараняе персанальныя дадзеныя – асноўныя і дадатковыя персанальныя дадзеныя фізічнай асобы, якія падлягаюць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі ўнясенню ў рэгістр насельніцтва, а таксама іншыя дадзеныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць такую асобу, неабходна дапоўніць формы па вылучэнні прадстаўнікоў у камісіі указаннем на згоду фізічных асобаў на разгалошванне гэтых дадзеных у вызначаным законам аб'ёме, альбо замацаваць законам парадак карыстання гэтымі дадзенымі ў выбарчых праваадносінах;
  • прадугледзець крымінальную адказнасць за любую наўмысную падробку ў выбарчым працэсе, незалежна ад суб'екта, мэты і матыву.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства