ЦВК абвясціла перамогу Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронцы - гэта непрыхаваная крымінальшчына Дапоўнена
Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў на пасяджэніі 14 жніўня прызнала перамогу дзейснага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, а выбары – адбыўшыміся. Колькасць галасоў, пададзеных за кандыдатаў, практычна не адрозніваецца ад папярэдніх.
У кароткім каментары каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары Уладзімір Лабковіч адзначыў, што прэзідэнцкія выбары ператварыліся ў непрыхаваную і брудную крымінальшчыну.
“Літаральня гадзіну таму ЦВК прыняла рашэнне прызнаць перамогу ў першым туры Аляксандра Лукашэнкі, а выбары адбыўшыміся. Усё што мы думаем пра гэтыя выбары неаднаразова намі каментавалася, у тым ліку і ў нашай справаздачы, якую мы прадставілі грамадскасці 10 жніўня.
Дадаць можна толькі адно: тое, што адбывалася пад час гэтых выбараў – гэта масштабная, непрыхаваная і брудная крымінальшчына, гэта суцэльнае грэбаваннt ўсімі выбарчымі правамі грамадзян і канечне, паседжанне ЦВК, якое адбылося сёння, паўтаруся, чыстай вады крымінальшчына. Таму і паседжанне прайшло фактычна ў закрытым рэжыме, яно не транслявалася. Гэтыя людзі добра разумеюць, якая рэакцыя грамадства будзе на такое рашэнне”.
Паводле звестак ЦВК на 14 жніўня, як паведамілі TUT.BY удзельнікі пасяджэння, усяго на выбарах прагаласавала 5 818 955 чалавек, падчас датэрміновага галасавання - 2 806 640 чалавек. За Лукашэнку прагаласавала 80,1% (4 661 075 чалавек), за Ціханоўскую — 10,1% (588 622 чалавекі), за Дзмітрыева — 1,21% (70 671 чалавек), за Канапацкую — 1,67% (97 489 чалавек), за Чэрачэня — 1,14% (66 613 чалавек). Супраць усіх — 4,59% (267 360 чалавек).
Дзмітрыеў, Чэрачэнь, Канапацкая і Ціханоўская падалі ў ЦВК жалобы аб непрызнанні выбараў. Жалобы Дзмітрыева, Канапацкай і Ціханаўскай адхіленыя.