viasna on patreon

Павел Сапелка: "Бяздзейнасць пракуратуры будзе прычынай, па якой стануць страчаныя доказы злачынстваў"

2020 2020-08-15T17:50:35+0300 2020-08-15T17:50:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/paraneny_minsk_9.08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людзі нясуць пратэстоўца, параненага светлашумавой гранатай падчас поствыбарнай акцыі пратэсту ў Мінску 9 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Людзі нясуць пратэстоўца, параненага светлашумавой гранатай падчас поствыбарнай акцыі пратэсту ў Мінску 9 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка звярнуўся да пракурора горада з заявай на непрапарцыйнае ўжыванне фізічнай сілы, зброі і спецыяльных сродкаў, катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання супрацоўнікамі сілавых ведамстваў да затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэсту.

У ім праваабаронца просіць распачаць крымінальную справу паводле шматлікіх фактаў дзеянняў, якія падпадаюць пад дыспазіцыі ч. 3 арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) і ч. 3 арт. 455 КК (Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады), учыненых супрацоўнікамі міліцыі і вайскоўцамі.

На думку Паўла Сапелкі, падставамі для крымінальнага пераследу павінны стаць факты прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі ў парушэнне:

  • правіла аб абавязковым папярэджанні пра намер прымяніць фізічную сілу, спецсродкі і зброю (ч. 2 арт. 26 Закона "Аб органах унутраных спраў");
  • правіла, згодна з якім супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны імкнуцца прычыніць найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзянаў, а таксама прыняць меры па неадкладным аказанні пацярпелым медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі (ч. 3 арт. 26 Закона);
  • правіла аб тым, што супрацоўнік органаў унутраных спраў прымяняе фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, затрыманні асобаў, якія іх здзейснілі, самаабароны, пераадолення процідзеяння яго законным патрабаванням, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма (арт. 27 Закона), а не для пакарання затрыманых за ўдзел у акцыях пратэсту альбо адвольна;
  • названай у законе мэты прымянення спецыяльных сродкаў (ч. 1 арт. 28 Закона), якія на справе прымяняюцца ў большай частцы для наўмыснага прычынення затрыманым і іншым асобам фізічных пакутаў у пакаранне за ўдзел у пратэстных акцыях альбо проста для задавальнення садысцкіх схільнасцяў супрацоўнікаў АУС і іншых падраздзяленняў;
  • правілаў, якія забараняюць прымяняць або выкарыстоўваць зброю пры значнай колькасці людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы; ў дачыненні да жанчын, якія не здзяйснялі збройнага альбо групавога нападу або іншых дзеянняў, якія пагражаюць жыццю або здароўю грамадзянаў.

"Бяздзейнасць органаў пракуратуры ў сітуацыі, якая склалася, будзе прычынай, па якой стануць страчаныя доказы здзяйсненняў злачынстваў або іх атрыманне будзе абцяжарана. Нагадваю, што прыняцце рашэнняў па заявах або паведамленнях аб злачынствах, учыненых службовымі асобамі органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі ў сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца да выключнай кампетэнцыі як органаў папярэдняга следства ў адпаведнасці з іх падследнасцю, так і пракурора", - падкрэслівае ў заяве юрыст "Вясны".

Асобна Павел Сапелка звяртае ўвагу пракурора на факты ўтрымання затрыманых і арыштаваных у непрыстасаваных умовах і ўстановах, а таксама прымянення да змешчаных пад варту катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання (пакіданне без ежы, вады, утрыманне ў перапоўненых камерах) у парушэнне дзеючага заканадаўства.

Праваабаронца падкрэслівае ў заяве, што супрацоўнікамі АУС былі татальна праігнараваныя рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і СААЗ па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў закрытых установах: затрыманых ўтрымлівалі ва ўмовах цеснаты, без сродкаў індывідуальнай абароны.

Павел Сапелка прасіў таксама пракурора горада паведаміць аб колькасці паступіўшых у гарадскую і раённыя пракуратуры па Мінску паведамленняў аб раненні і смерці асобаў з прычыны прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі на акцыях мірных пратэстаў з 9 па 13 жніўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства