viasna on patreon

Што вядома “Вясне” пра зніклых пасля акцый пратэсту грамадзянах? Дапоўнена

2020 2020-08-21T10:35:00+0300 2020-08-23T08:08:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/peranozhcau-2020-08-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праспект Пераможцаў, Мінск, 10 жніўня 2020 года. Фота: Наталля Фядосенка/ТАСС

Праспект Пераможцаў, Мінск, 10 жніўня 2020 года. Фота: Наталля Фядосенка/ТАСС

Адразу пасля трагічных падзеяў 9-13 жніўня, калі тысячы людзей па ўсёй Беларусі былі гвалтоўна затрыманыя і ізаляваныя ў самыя розныя, часам непрыдатныя для гэтага месцы ўтрымання, іх родныя і блізкія па некалькі дзён намагаліся ўстанавіць іх месцазнаходжанне. Дзякуючы вялікай працы валанцёраў і праваабаронцаў, а затым ужо і праваахоўных органаў былі складзеныя спісы з прозвішчамі затрыманых і іх месцазнаходжаннем.

Аднак і дагэтуль месцазнаходжанне і лёс некаторых грамадзян устанавіць не ўдалося.

Яшчэ 14 жніўня партал TUT.BY запусціў сэрвіс  для дапамогі ў пошуку зніклых пасля выбараў людзей. Адзін час такіх людзей у спісе было больш за 70. Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў вымушыныя былі правесці праверку гэтага спісу, пасля чаго ён паменшыўся да 30-ці чалавек.

“Супрацоўнікамі крымінальнай міліцыі МУС правераны асобы больш за 70 удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў (якія прайшлі ў краіне з 9 па 13 жніўня), чые дадзеныя апублікаваныя на партале ТUТ.BY і ў розных сацыяльных сетках, - распавялі TUT.BY у МУС. - Размешчаная інфармацыя не ў поўнай меры адпавядае рэчаіснасці: многія з названых грамадзян знаходзяцца дома, а інфармацыя аб іх вышуку не выдаляецца своечасова”.

Па стане на раніцу 21 жніўня ў гэтым спісе застаецца 9 асоб. Прозвішчы двух грамадзян супадаюць са свесткамі, якімі валодае Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Гэта:

Крыўцоў Мікіта Сяргеевіч, 1992 года нараджэння. Жонка зніклага паведамляе, што ягоны тэлефон апошні раз быў уключаны ў адным з Рэспубліканскіх цэнтраў РНПЦ (неўралогіі і нейрахірургіі). Там яго адшукаць не ўдалося.

22 жніўня 28-гадовага Мікіту Крыўцова знайшлі нежывым у лесе ў Партызанскім раёне Менску. Пра гэта ўжо ведае і сям’я.

«Цела Мікіты Крыўцова выявілі ў лесе, у межах сталіцы, у раёне Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі пра гэта жонцы Мікіты, яна — нам. Вядома пакуль толькі тое, што на загінулым хлопцу няма бачных цялесных пашкоджаньняў», — сказаў МЛЫН.BY Сяргей Коўган, камандзір пошукава-ратавальнага атраду «Анёл»​, які займаўся пошукамі Мікіты.

Другі чалавек - жыхар Мінска Аляксей Палуйка. Пра яго вядома, што ён перастаў адказваць на тэлефанаванні ўначы з 11 на 12 жніўня. Меркавана, знік у цэнтры Мінску. Знойдзены, адбывае адміністрацыйнае пакаранне.

Ільінкевіч Данііл быў затрыманы раніцай 21 жніўня і дастаўлены ў Фрунзенскі РУУС Мінска, затым у Маскоўскіі РУУС, дзе паведамілі, што адправілі ў ЦІП на Акрэсціна. Сваякам адказваюць, што Ільінкевіча да іх не дастаўлялі.

Шагаў Аляксандр Юр’евіч. 18 жніўня панёс заяву на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў Першамайскі РУУС Мінска. Выйшаў праз некалькі гадзін, прыкладна ў 16-30, а затым прапаў. Тэлефон недасяжны. Верагодна быў затрыманы вечарам.

Літаральна гадзіну таму назад знайшоўся зніклы Бандарэнка Віталь Леанідавіч (па спісах TUT.BY), 1977 года нараджэння. 42-гадовы мянчук Віталь Бандарэнка перастаў выходзіць на сувязь 12 жніўня. Як паведаміла праваабаронцам дачка Віталя Кацярына, літаральна гадзіну назад ён выйшаў з Акрэсціна пасля адміністрацыйнага арышту і патэлефанаваў дадому.

У Мінску знік удзельнік акцый пратэсту Юрый Стрыжак. Бацькі паведамілі “Вясне”, што ўчора каля 8 вечара ён быў на акцыі, а пасля 11 вечара яго тэлефон стаў недасяжны

Цягам апошніх дзён праваабаронцы ўстанавілі лёс яшчэ дваіх зніклых, адзін з якіх знайшоўся ў СІЗА як падазраваны па крымінальнай справе за супраціў супрацоўніку міліцыі. Зараз вясноўцы збіраюць дадатковыя звесткі пра яшчэ аднаго зніклага.

У гэтай сітуацыі МУС раіць найперш звяртацца да іх. Заяву аб знікненні чалавека можна напісаць у любым найбліжэйшым аддзеле ці ўпраўленні ўнутраных спраў незалежна ад месца пражывання зніклага і заяўніка. Інфармацыя будзе перададзена ва ўсе органы ўнутраных спраў рэспублікі.

Увага! Сітуацыя са зніклымі часта мяняецца. Сачыце за абнаўленнямі!

“Вясна” працуе над пошукам зніклых падчас акцый пратэсту грамадзян. Звяртайцеся!

Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да ўсіх, чые блізкія ці знаёмыя зніклі ў перыяд з 9 па 13 жніўня ў Мінску або ў іншых гарадах, з просьбай паведаміць неабходную інфармацыю праваабаронцам па тэлефоне “Вясны” (017) 394 63 11.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства