Блог Алеся Бяляцкага: Допыт па-беларуску
7 красавіка 2021 года мяне выклікалі на допыт па крымінальнай справе, узбуджанай супраць сяброў і валанцёраў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, БАЖу, БХК і незалежнага прафсаюзу РЭП. Справа была распачатая па сумна вядомым “народным” 342-м артыкуле, які гучыць так: “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”.
Гэта была трэцяя спроба дапытаць мяне па гэтай справе як сьведку. Першыя дзьве перанесьліся з-за маіх паездак спачатку на праваабарончы кінафестываль і на сесію Рады па правах чалавека ААН у Жэневе, а потым на форум Каліноўскага ў Вільню, які быў арганізаваны літоўскім сеймам. Кожны раз такая паездка была праверкаю, ці магу я выехаць з краіны, і кожны раз пасьля вяртаньня ў Беларусь я трапляў на абавязковы дзесяцідзённы каранцін. Таму сьледчая была вымушаная пераносіць допыт, хаця дзясяткі маіх сяброў, калег і знаёмых ужо прайшлі праз яго па гэтай мегасправе, а некаторыя – і неаднойчы.
Урэшце тэрмін каранціну скончыўся, і прыйшла мая чарга. Допыт мусіў быў праходзіць на Фрунзе, у цэнтральным будынку сьледчага камітэту. Я з цікавасьцю паглядаў на адлітыя па сьпецзаказу чыгунныя краты, якімі адгароджаны ўваход у будынак, з эмблемамі-картушамі, на якіх па-беларуску напісана: “Сьледчы камітэт”. У флігелях будынка па перыметры рабілася ізаляцыя падмурка: ён быў раскапаны і густа памазаны чорным бітумам. Ганак у правым флігелі, дзе ёсьць уваход для наведвальнікаў, рамантаваўся. Працоўныя перакладалі гранітныя пліты на прыступках. "Ёсьць грошы ў сьледчага камітэта", – падумаў я і пазваніў у званок на чыгуннай фортцы:
– Слухаю, – спытаўся голас дзяжурнага.
– На допыт, – гучна адказаў я.
Адзін з працаўнікоў крадком паглядзеў на мяне. Клацнуў замок і фортка адчынілася.
На гэтай жа вуліцы, на Фрунзе, стаіць Дом літаратара, які забрала ў Саюза пісьменьнікаў адміністрацыя прэзідэнта, лічы, што сам ён. Такім чынам пісьменьнікаў пакаралі яшчэ пятнаццаць гадоў таму за нежаданьне сьпяваць панегірыкі і падтрымліваць ва ўсім “вялікага” і “мудрага”. Хамская ўлада ў першую чаргу зьнішчае культуру.
А колькі там было праведзена розных імпрэз! Там пачыналася жыцьцё таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, у якіх некалі актыўнічаў і я. Там першыя месяцы існаваньня зьбіраўся аргкамітэт Беларускага народнага фронту. Там я пазнаёміўся з Васілём Быкавым, Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным. Мая рука яшчэ памятае цеплыню іх далоняў.
А зараз мы ідзем па бясконцых калідорах былога вайсковага гошпіталя. Урэшце сьледчы камітэт таксама выжыў адсюль гістарычны музей. З правага флігеля нам трэба прайсьці праз цэнтральны будынак і патрапіць у левы флігель. Паўсюль кабінеты, шыльдачкі з прозьвішчамі сьледчых, дошка гонару і сьцягі ў цэнтральным холе, вялікія ксераксы на калідорах, каля якіх стаяць нейкія супрацоўнікі і штосьці на іх капіююць, невялікі хол са спартовымі кубкамі і граматамі. Вядзе мяне каржакаваты мужычок с залатым ланцугом на таўсматым карку і ў скуранцы, перавальваецца з нагі на нагу. "Такому ноччу пад руку не трапляйся", – думаю я. Урэшце мы заходзім у невялікі акуратны кабінет. За звычайным не закратаваным вакном, за дрэвамі, бачна дзіцячая карусель, праз дарогу – парк Горкага.
Я вітаюся са сьледчай. Яна пытаецца мае асабістыя дадзеныя і дае мне азнаёміцца з правамі сьведкі. Размаўляе яна па-руску, я адказваю па-беларуску. Мы сядзім у масках. Вось жа ў гэты момант, чытаючы свае правы ў крымінальна-працэсуальным кодэксе, я раблю заяву пра тое, што хачу, каб допыт адбыўся па-беларуску. Сьледчая крыху разгубленая і спрабуе мяне пераканаць, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы і што я не магу ня ведаць рускую мову, што яна, на пытанні па-руску, будзе запісваць мае беларускамоўныя адказы. Я адмаўляюся, кажу, што ў жыцьці паўсюдна размаўляю па-беларуску і мушу дакладна разумець пытаньні, каб ясна адказаць на іх. Яна ізноў шукае аргументы, каб пачаць допыт па-руску, пытаючыся, а ў якой школе я вучыўся. На што я таксама крыху ўздымаю градус адказу, гаворачы, што гэта было так даўно, што яе яшчэ тады мусіць на сьвеце не было. Урэшце яна тэлефануе некаму і гаворыць, што допыт не адбудзецца. Ён пераносіцца на пасьлязаўтра, і што наступным разам яна будзе падрыхтаваная правесьці допыт па-беларуску.
На заўтра, калі гэтая навіна разьляцелася па тэлеграм-каналах, некаторыя з каментатараў расцанілі перанос допыту як перамогу, маўляў, Бяляцкі падцёр нос сьледчаму камітэту. Насамрэч перамогі ў гэткім сэнсе я зусім ня бачу. Я ня ставіў сабе гэта за мэту. Жартаваць сёньня са сьледчым камітэтам тое самае, што дражніць гадзюку. Гэтая брыдкая крымінальная справа супраць праваабаронцаў “Вясны” паказвае, што сьледчы камітэт пераўтварыўся ў орган палітычнага перасьледу іншадумцаў.
Хто можа ацаніць, колькі каштуюць спаленыя нервы дзясяткаў маіх сяброў ды іх родных падчас вобшукаў і допытаў? А пагрозы і зьбіцьцё праваабаронцаў падчас гэтай мегааперацыі, якую чынілі эрзац-каманды ГУБАЗіКа? А зьняволеньне маіх калегаў, якія зараз сядзяць у СІЗА?
Але я перамог у іншым – адстаяў права ў гэтай нярвовай і хаатычнай сітуацыі заставацца самім сабой. Тое, што сталася незвычайным для сьледчага камітэта, для мяне атрымалася звыклай справай. Беларуская мова для мяне – не экзотыка і не антураж. Сама ж сітуацыя падкрэсьліла яшчэ раз той бядотны стан, у якім яна сёньня апынулася.
Падчас майго наступнага паходу ў СК, 10 красавіка, мае асабістыя дадзеныя сьледчая запісала па-беларуску, правы сьведкі мне далі прачытаць па-беларуску. Допыт, які цягнуўся чатыры гадзіны, ішоў па-беларуску. Сьледчая ад самага пачатку допыту перайшла на мову і, як аказалася, няблага валодала ёй.
Ці паўплывае гэты выпадак на мой статус у гэтай ганебнай крымінальнай справе? Не. Мы ведаем, як хутка сёньня са сьведкі можна апынуцца падазраваным. Наўрад ці суд будзе самастойна прыймаць рашэньне па справе “Вясны”. Суд у нас яшчэ той… Але жыцьцё не сканчаецца, і ва ўсёй гэтай сёньняшняй каламуці нам важна захаваць сябе такімі, якія мы ёсьць.
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў