viasna on patreon

Публікаваў персанальныя даныя сілавікоў, у адзіночку спыніў працу завода: за што пераследуюць па "лічбавых" артыкулах

2024 2024-12-20T13:37:00+0300 2024-12-23T11:07:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vjasna_14_perasled-za-liczbavyja-artykuly_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі вялікая колькасць палітычных крымінальных артыкулаў, па якіх актыўна судзяць беларусаў. Акрамя самых распаўсюджаных дыфамацыйных і "народнага", ёсць так званыя "лічбавыя" артыкулы: незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных (арт. 230-1 КК), несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі (арт. 349 КК), знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі (арт. 350 КК), неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыі (арт. 352 КК), выкарыстанне шкоднасных камп’ютарных праграм (арт. 354 КК). Самыя распаўсюджаны з іх арт. 203-1 КК – па ім судзілі не меней за 83 чалавекі. Агулам па ўсіх згаданых артыкулах судзілі як мінімум 119 чалавек. Часта прад’яўляюць абвінавачванне адразу па некалькіх артыкулах. З імі звязаныя справа "Чорнай кнігі Беларусі" і іншыя. Распавядаем, за што ў Беларусі судзяць па "лічбавых" артыкулах.

Справа "Чорнай кнігі Беларусі"

Працэс па справе адміністратараў
Працэс па справе адміністратараў "Чорнай кнігі Беларусі" 12 снежня 2022 года

Ініцыятыва ўзнікла на хвалі пратэстаў у 2020 годзе. У створаным тэлеграм-канале публікавалі асабістыя даныя сілавікоў, чыноўнікаў, суддзяў, якія, на думку заснавальнікаў ініцыятывы, былі датычныя да рэпрэсій у Беларусі.

Паводле версіі абвінавачвання, сузаснавальнік парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша, а таксама Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая ў жніўні 2020 года стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал "Чорная кніга Беларусі".

Як адзначала Генпракуратура, "Злачынная група незаконна сабрала і размясціла ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя сотняў грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Сярод іх — супрацоўнікі органаў унутраных справаў, работнікі пракуратуры, суддзі, журналісты. Пасля публікацый у дачыненні да некаторых з іх былі здзейсненыя злачынствы, уключаючы знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, пагрозы гвалтам".

У студзені 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Наталля Бугук агучыла прысуд па справе “ЧКБ”. Усіх фігурантаў справы завочна асудзілі паводле ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных) і ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса на 12 гадоў калоніі кожнага.

У адзіночку спыніў цэх свайго завода

Іван Памесячны ў цэху ААТ
Іван Памесячны ў цэху ААТ

Рабочы "Гомельскага заводу пускавых рухавікоў" Іван Памесячны восенню 2022 года выдаліў доступ да сістэмных файлаў прадпрыемства, прывёўшы ў няспраўны стан праграмнае забеспячэнне. Як сцвярджала абвінавачванне, "з помсты за нібыта не выплачаную ў поўным аб'ёме заработную плату". Дзеянні Івана заблакавалі "кампутарную сістэму" і пацягнулі "цяжкія наступствы ў выглядзе матэрыяльных выдаткаў, накіраваных на прыцягненне падраднай арганізацыі для выканання работ па распрацоўцы новых праграм, дакументацыі і работ, у суме 99 000 рублёў".

Сёлета вясною ў судзе Савецкага раёна Гомеля Івана асудзілі паводле ч. 3 арт. 350 (знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса на тры гады калоніі.

Па гэтым жа артыкуле ў Рэчыцы судзяць работніка "Беларуснафты" Максіма Пінчука, але сутнасць абвінавачванняў невядомая.

Былы сілавік з Віцебска збіраў персанальныя даныя і публікаваў у Telegram

Былога супрацоўніка УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзіслава Аўчыннікава абвінавацілі ў тым, што ён нібы з канца 2021 па 2022 год збіраў у базах МУС інфмармацыю аб прыватным жыцці грамадзян, якую потым распаўсюджваў у Telegram.

Зімою 2022 года ў Кастрычніцкім судзе Віцебска Уладзіслава асудзілі паводле ч. 1 арт. 352 (неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыі) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса на два гады і шэсць месяцаў калоніі. А таксама забаранілі працаваць у праваахоўных органах тэрмінам на пяць гадоў.

Былы афіцэр ГУБАЗіКа "неправамерна завалодаў інфармацыяй"

Станіслаў Лупаносаў
Станіслаў Лупаносаў

Падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў падчас службы супрацоўнічаў з ініцыятывай былых сілавікоў BYPOL. Напрыканцы 2020 года пасля масавых пратэстаў і беспрэцэдэнтных рэпрэсій і гвалту з боку сілавікоў Станіслаў звольніўся і з’ехаў з Беларусі. Паводле ягоных словаў, апошняй кропляй стала забойства Рамана Бандарэнкі.

У красавіку 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе Станіслава завочна асудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 352 (неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) на 18 гадоў калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства