viasna on patreon

Мінімум 27 чалавек за кратамі: як у Беларусі пераследуюць айцішнікаў

2024 2024-12-19T16:28:12+0300 2024-12-19T17:05:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pvt_akciya_solidarnosti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошнія гады Беларусь згубіла свой ганаровы статус IT-краіны. Праз рэпрэсіі і вайну ва Украіне буйныя ІТ-кампаніі былі вымушаныя пакінуць Беларусь, што прывяло да масавай эміграцыі айцішнікаў. Цяпер IT-сфера ў Беларусі цягне ўніз эканоміку краіны. Акрамя гэтага, рэжым Лукашэнкі працягвае пераследаваць айцішнікаў па палітычных матывах. Пад пераслед трапляюць у тым ліку за данаты ў фонды салідарнасці, за распрацоўку "экстрэмісцкіх" прыкладанняў, каментары і салідарнасць з палітвязнямі. Паводле даных "Вясны", з 2020 года па крымінальных артыкулах асудзілі не менш за 79 айцішнікаў, 27 з якіх цяпер утрымліваюцца ў зняволенні. "Вясна" распавядае, за што ў Беларусі пераследуюць супрацоўнікаў IT-сектара.

Акцыя салідарнасці каля адміністрацыі ПВТ 14 жніўня 2020 года.
Акцыя салідарнасці каля адміністрацыі ПВТ 14 жніўня 2020 года

Пераслед за данаты

З канца 2022 года беларусаў пачалі актыўна выклікаць у КДБ з нагоды данатаў у фонды салідарнасці ў 2020-ым годзе. Сілавікі ставяць умову — пералічыць у некалькі разоў большую за данат суму на спецыяльныя рахункі, альбо супраць іх будзе распачатая крымінальная справа. Часта за данаты судзяць і айцішнікаў.

Так, супрацоўніцу IT-кампаніі "Гейм Стрым" Ксенію Алькенаву асудзілі за дзевяць плацяжоў у фонды салідарнасці на агульную суму 425$. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з ператрусу, падчас якога ў Алькенавай знойдзены і канфіскаваны БЧБ-сцяг, 20 000$ і аргтэхніка. Суд над палітзняволенай адбыўся ў ліпені 2023 года ў Мінгарсудзе. Суддзя Яўген Хаткевіч прызначыў ёй чатыры гады пазбаўлення волі.

56-гадовага айцішніка Анатоля Валадзько асудзілі за данаты да васьмі з паловай гадоў калоніі. Паводле былога сукамерніка Анатоля, той адмовіўся выплачваць "ахвяраванні". Наогул мужчына не прызнаў сваёй віны. Вядома, што пры затрыманні мужчыну збівалі і катавалі электрашокерам.

Палітзняволенага Аляксандра Зіязэтдзінава ўжо двойчы судзілі за данаты. Восенню 2022 года яго ўжо асудзілі да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL за шэсць месяцаў да таго, як арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). У лютым Аляксандра зноўку судзілі. Гэтым разам паводле ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці).

Тэсціроўшчыцу Надзею Каранкевіч пазбавілі волі за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-3КК (фінансаванне або іншая фінансавая падтрымка вайны). Надзея ў 2016 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, выкладчыца замежных моваў. Больш за год адпрацавала перакладчыцай, а пасля перайшла ў IT.

Пераслед былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія перайшлі ў ІТ

Пасля выбараў-2020 многія супрацоўнікі праваахоўных органаў падтрымалі пратэсты і сышлі з сілавых структураў, некаторыя перайшлі працаваць у ІТ-сферу. Праз гэта, тых, хто застаўся ў Беларусі, рэжым працягвае пераследаваць па палітычных матывах.

Так, былы супрацоўнік пракуратуры Яраслаў Вердыш звольніўся напачатку 2021 года. Перад затрыманнем у верасні 2023 года з'яўляўся супрацоўнікам EPAM. Яго асудзілі паводле ч. 3 арт. 130 КК(распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Суддзя Святлана Чарапанава прызначыла яму пяць годоў калоніі. 

Андрэй Гарун
Андрэй Гарун

Палітвязень Андрэй Гарун такасама перайшоў працаваць з праваахоўных органаў у EPAM. Андрэй быў затрыманы ў кастрычніку 2021 года. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі за перадачу дадзеных сілавікоў у тэлеграм-каналы "Карнікі Беларусі" і "Чорная кніга Беларусі".

Экс-міліцыянта Кірыла Гняздзілава таксама асудзілі па справе "Чорнай кнігай Беларусі". Яму прызначылі восем гадоў калоніі. Вядома, што Кірыл з 2007 года працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 года і перайшоў працаваць у сферу IT. Берасцейца затрымалі 19 лютага 2023 года проста на мяжы, калі той вярнуўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей. 

Яўген Ціханаў скончыў Акадэмію МУС больш за 15 гадоў таму, працаваў участковым, але звольніўся па ўласным жаданні. Пазней Яўген перайшоў у ІТ. Пасля нейкі час пажыў у Еўропе, у Італіі. Яго затрымалі пры спробе ўезду ў Беларусь: мужчына хацеў прыехаць на дзень нараджэння маці і аформіць даверанасць. Супраць Яўгена Ціханава была заведзена крымінальная справа за каментары ў тэлеграме аб сілавіках і Лукашэнку па трох артыкулахКрымінальнага кодэксу. У красавіку 2024 года яго асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

Затрыманыя па вяртанні ў Беларусь

За апошнія два гады ўскладнілася сітуацыя ў прапускных пунктах на мяжы з Беларуссю. Тых, хто вяртаецца ў краіну, дасканала правяраюць на мяжы, дапытваюць супрацоўнікі мытні або КДБ, а некаторых пасля праверкі тэлефона затрымліваюць наўпрост у пункце пропуску.

Айцішнікі — не выключэнне. На мяжы іх часта выклікаюць на допыты ў сувязі з данатамі ці ўдзелам у паслявыбарчых пратэстах.

Так, напрыклад, за данаты беларускім добраахвотнікам ва Украіне праграміста Леаніда Райчонка асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле ч. 2 арт. 361-3 КК. Згодна версіі абвінавачвання, 17 траўня 2022 года Леанід перавёў 400 даляраў на бронекамізэлькі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. Другое ахвяраванне ён зрабіў на суму 150 даляраў на карысць «Prague Support Team». Леаніда затрымалі гэтым летам 2023 года на беларуска-польскай мяжы.

shylko_maryna.jpg
Марына Леановіч

А беларускамоўную IT-спецыялістку з EPAM Марыну Леановіч затрымалі па вяртанні з Грузіі. Пра затрыманне Марыны напісалі ў твітары ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь. Суд над Марынай распачаўся адбыўся ў кастрычніку ў Мінгарсудзе. Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаванне або іншая фінансавая падтрымка вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Суддзя Алена Шылько асудзіла дзяўчыну да пазбаўлення волі.

Таксама праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі на былое месца працы некаторых ІТ-спецыялістаў, хто эміграваў пасля 2020-га з Беларусі, прыходзілі ад супрацоўнікаў КДБ спісы ўсіх, хто данаціў фондам салідарнасці. Айцішнікам прапановалі прыйсці на размову і "адкупіцца" ад крымінальнай справы.

Затрыманне за салідарнасць з палітвязнямі 

Праграмістку кампаніі Solberg Наталлю Давыдку асудзілі за салідарнасць з палітвязнямі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама за ўдзел у акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК. Жанчына была затрымана падчас «рэйду па салідарнасці» напрыканцы студзеня.

58-гадовая Наталля Анатольеўна родам з вёскі Корань Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы яна скончыла Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер — БДУІР) і працавала праграмісткай.

Суды за распрацоўку прыкладання і праграмнага забеспячэння 

Арцём Мазанік. Фота з сацыяльных сетак
Арцём Мазанік. Фота з сацыяльных сетак

У 2022 годзе ў Мінску асудзілі айцішніка Арцёма Мазаніка — праграміста, які распрацаваў у 2020 годзе мабільную аплікацыю BelScan, з дапамогай якой распаўсюджваў інфармацыю пра прыватнае жыццё і персанальныя звесткі сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі.

У лістападзе 2024 года Мінскі абласны суд разгледзеў справу супраць Максіма Нябожына паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яго абвінавацілі ў перадачы праграмнага забеспячэння і інструкцый прадстаўнікам ініцыятывы "Кіберпартызаны", якая была прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем". Суддзя Анжаліка Данілава прысудзіла Максіму чатыры з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства