Блог Алеся Бяляцкага: МУЗЕЙ. Слова "Музэй" было напісана праз "э": гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння
Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па палітычна матываванай крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998 года.
30 год таму – 8 снежня 1991 года – ў Мінску ўрачыста адкрылася экспазіцыя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, якая была прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння паэта. У той самы дзень былі падпісаныя і Белавежскія пагадненні, якія канстатавалі скасаванне СССР. Падзеі развіваліся імкліва: аднадзённа маглі разваліцца імперыя і адкрыцца музей.
Рэстаўрацыю рабілі на савецкі капыл: усё разбурылі, і склалі будынак па-новаму
За клопатамі пра музей ды гістарычнымі падзеямі 1991 года, непрыкметна набліжалася дата адкрыцця музея, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Падчас жнівеньскага путча мы, дэпутаты Менскага гарадскога савета, аб'яднаныя ў дэпутацкае згуртаванне "Дэмакратычная плынь", прынялі адмысловую заяву ў абарону дэмакратычных каштоўнасцяў і заклікалі людзей не падтрымліваць ГКЧП.
У гэтыя дні я быў на сходах Мартыралогу. Быў і на Плошчы Незалежнасці, тады яшчэ плошчы Леніна, дзе збіраліся неабыякавыя людзі, збіраліся дэпутаты Вярхоўнага Савету.
Паліна Качаткова згадвала, што я адгаворваў іх - яе і Алену Кісялевіч - хадзіць на плошчу, казаў, што ў нас свая галоўная ўласная задача - адкрыццё музея. Не памятаю, але не адмаўляюся, што такое магло быць. Занадта важным для мяне было адкрыццё музея.
Эдуард Агуновіч параіў мастакоў, якія распрацавалі канцэпцыю добраўпарадкавання калямузейнай тэрыторыі. Будынак музея ахоўваецца дзяржавай, лічыцца помнікам архітэктуры XIX-га стагоддзя. Пры рэстаўрацыі ад старога, аўтэнтычнага будынку засталася толькі задняя сценка, астатняе - новадзел. Будынак узнавілі па старых архіўных дакументах. Рэстаўрацыю рабілі на савецкі капыл: усё разбурылі, і склалі будынак па-новаму. Як для музея, можа гэта і някепска, прынамсі будынак сухі, толькі старая сцяна была вечна вільготная - кепска зрабілі ізаляцыю. Такі будынак прыняў папярэдні дырэктар Леанід Хадкевіч. Гэтую вільготную сцяну мы падмазвалі і падфарбоўвалі кожны год. І штогод фарба злятала з яе. Да гэтай сцяны выходзіў запасны лесвічны пралёт. Ад яе былі далёка музейныя фонды і кабінеты супрацоўнікаў, таму некалькі гадоў мы абыходзіліся нязначным рамонтам.
Праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі атрымаўся занадта радыкальным. Мастакі прапанавалі закрыць фасад будынку вялізнай інсталяцыяй са шкла і храміраваных трубаў. Мы адмовіліся ад яго. Нам бы і не дазволілі паставіць такую гаргару. Мы самі паставілі чатыры бетонныя клумбы: дзве ля ўваходу і дзве з боку музея, бліжэй да Дома прыроды, у якім раней месцілася сінагога.
Маёй ідэяй было ўпрыгожыць музей барэльефам з выявай Максіма Багдановіча
Скульптара Валер'яна Янушкевіча я ведаў па Беларускай каталіцкай грамадзе. З ягоным братам Язэпам Янушкевічам мы разам вучыліся ў аспірантуры. Напачатку 90-х грамадскі рух беларускіх католікаў бурліва развіваўся. Створаная БКГ аб'ядноўвала некалькі сотняў чалавек, якія аднаўлялі традыцыю касцёла ў яго беларускай моўнай форме. Грамада гуртавала ў асноўным моладзь. Да яе дзейнасці ад самага пачатку актыўна далучыўся і я. У Менску нам удалося распачаць першыя рэгулярныя беларускамоўныя службы ў касцёле святой Тройцы. З братоў Янушкевічаў найбольш актыўнічаў у БКГ старэйшы брат Фелікс Янушкевіч, даволі вядомы ў творчым асяроддзі. Ён быў абраным старшынём БКГ, а я - адным з намеснікаў. Гады на чатыры, аж да спынення працы Грамады, у Фелікса Янушкевіча хапіла імпэту на яе.
Валерыян быў у нашай каталіцкай касцельнай супольнасці болей як скульптар. У базавым для БКГ касцёле на Залатой горцы ёсць некалькі зробленых ім прац, у тым ліку фігура Святога Роха, барэльефы Крыжовага шляху ды іншыя. Ён фактычна стварыў усю манументальную аздобу касцёла, які пасля ўлады камуністаў стаяў зусім пустым. Валерыян, яшчэ малады зусім, быў ужо вядомым аўтарам помніка Адаму Міцкевічу ў Наваградку. Валерыяну належыць стыль неарамантызму, у якім ён прапрацаваў усё жыццё і працягвае працаваць і зараз. Маёй ідэяй было ўпрыгожыць музей барэльефам з выявай Максіма Багдановіча, заадно зрабіўшы з бронзы надпіс, што тут знаходзіцца музей. З гэтай ідэяй я звярнуўся да Валерыяна Янушкевіча. Я хадзіў у майстэрню да Валерыяна на вуліцу Сурганава ў так званы дом мастакоў, дзе некалькі мастакоў мелі кватэры і майстэрні. У гэтым доме, які стаіць недалёка ад універсама "Рыга", жыў Эдуард Агуновіч, наш мастак, там жа ў яго была майстэрня. Валерыян дзяліў майстэрню з іншым маладым мастаком Паўлам Лукам. Высокі, худы з выразным тонкім носам Валерыян быў аскетам, бачыў у сваёй працы пакліканне звыш. Ён быў прыкаваны да мастацтва ланцугом і жыў мастацтвам. У свой свет ён пускаў далёка не кожнага. У майстэрні я ўпершыню убачыў і пазнаёміўся з Паўлам Лукам. Павел зрабіў на той час бюст Гашынскага ў Ашмянах. Таленавіты Павел вечна пасміхаўся, быў мяккім і ўдумлівым. Ягоны стыль працы быў класічным. Працы, якія я пабачыў у майстэрні, захапілі мяне лаканічнасцю і бездакорнасцю. З ім мы будзем працаваць пазней, усталяваўшы помнікі на магілах бацьку Максіма, Адама Багдановіча, і яго трэцяй жонцы Аляксандры ў Яраслаўлі. Пакуль жа я замовіў у Валерыяна барэльеф на будынак музея ў Траецкім прадмесці.
Слова "Музэй" было напісана праз "э": гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння
Валерыян Янушкевіч неўзабаве прыехаў аглядаць будынак музея Максіма Багдановіча і прапанаваў эскіз барэльефу, а таксама ўзор надпісу: "Музэй Максіма Багдановіча". Барэльеф уяўляў даволі вялікае кола з выявай паэта ў сярэдзіне. Усім нам спадабалася ягоная праца. Ухваліў яе і Эдуард Агуновіч. Амаль адразу я замовіў Валерыяну і барэльеф над аркай па вуліцы Максіма Горкага ў двор, дзе стаяў будынак музея. Валерыян зрабіў яшчэ адзін эскіз з музамі-русалкамі, якія трымалі шыльду з надпісам "Музэй Максіма Багдановіча". Мы таксама яго ўхвалілі. Затым ён выліў іх з бронзы ў майстэрні мастацкага цэху ў Калядзічах. Барэльефы і літары пры дапамозе пад'ёмнага крану былі прымацаваныя на фасад і арку музея. Слова "Музэй" было напісана праз літару "э", дарэформенным правапісам. Таксама тарашкевіцай была зробленая і новая пячатка, і музейны афіцыйны бланк. Я тлумачыў гэта тым, што сам Максім Багдановіч пісаў свае вершы, публіцыстычныя тэксты тагачасным правапісам, які стаў асновай для ўнармаванага ў 1918 годзе беларускага літаратурнага правапісу Браніславам Тарашкевічам. Максім Багдановіч пісаў "Зорка Вэнера", "Менск". Ён пісаў з мяккімі знакамі.
У слове "музэй" было жаданне адразу пры ўваходзе ў будынак, зацікавіць наведвальніка, заінтрыгаваць яго. Гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння, у якой жыў і чым дыхаў паэт. Таксама важным быў іншы матыў. Мы, тутэйшаўцы, пісьменнікі, паэты, актыўна прапагандавалі тарашкевіцу больш мілагучную і навукова абгрунтаваную ў адрозненне ад савецкай "наркамаўкі", якая скалечыла беларускую мову. У Міністэрстве культуры ў той час наша моўнае свавольства не выклікала ніякіх пярэчанняў.
Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна
На вокны нам зварылі краты ў выглядзе Каляднай зоркі, якую часта можна ўбачыць на беларускіх ткацкіх узорах. Задумка была мая, а намаляваў эскіз Алесь Астраўцоў. Краты атрымаліся выразныя і адметныя. Музей стаіць на невялікай горцы. З правага боку на схіле мы высадзілі вярбу, каштан і ясень са Сцяпанавічам і Астраўцовым. Алеся Астраўцова, знаёмага мне яшчэ па моладзевым беларускім руху, я запрасіў у музей на пасаду інжынера. Алесь - родны брат журналіста і празаіка Сяргея Астраўцова, працаваў перад гэтым інжынерам на заводзе, вырашыў змяніць жыццё, болей займацца пісьменніцтвам, таму пагадзіўся пайсці ў музей на меншы заробак. Але ў больш творчым асяроддзі, якое склалася ў музеі на той час, музейны інжынер з яго быў не надта, каб добры: не моцна ён улягаў у гэтую працу, якая вымагала асабліва падчас адкрыцця музея багата клопату. Часта мне прыходзілася падпіхваць яго. Якаў Сцяпанавіч, наш заўгас, часам аж калаціўся ад няспешнай манеры працы і жыцця Алеся. Але ўклад Алеся ў давядзенне музейнай гаспадаркі да ладу быў несумненным. Высокі, з хвалістай грывай валасоў, шырокімі грудзямі, заўсёды ўсмешлівы з адкрытым тварам, Алесь дапаўняў нашу новую маладую каманду і ўносіў яе свой пэўны стыль, эмоцыі і развагі.
Багата што ў той час у музеі мы рабілі сваімі рукамі - я, Сцяпанавіч, Астравец, Едрусь, мужчынскай часткай калектыву. Мы цягалі цяжкасці, перастаўлялі мэблю, рамантавалі, фарбавалі. Жанчыны ж прыбіралі, чысцілі, упрыгожвалі кабінеты і фае. Тэма падрыхтоўкі экспазіцыі павялічвалася бліжэй да адкрыцця. Апошнія месяцы мы працавалі ў музеі без выходных, кожны дзень. Напачатку снежня 1991 года мы прыходзілі ў музей рана ранкам і сыходзілі ўвечары пасля 22 гадзін. Я не дасыпаў і амаль не быў удома. Памятаю, як у адзін з вечароў, за пару дзён да юбілею паэта і адкрыцця музея, ужо позна ўвечары мы прыбіралі залы экспазіцыі начыста, праціралі, падмяталі, перакладвалі апошнія цэтлікі. Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Жарты мае падхапілі дзяўчыны, на якіх напаў нейкі істэрычны смех. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна.
21.09.2021
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў