Блог Валянціна Стэфановіча: Як Ваню судзілі
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч працягвае шэраг публікацый, прысвечаных адмене арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса.
У сувязі з адменай арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса ў памяці міжволі ўсплываюць сюжэты, звязаныя з судамі па гэтым сумнавядомым артыкуле. Адзін з іх, які асабліва ўрэзаўся ў маю праваабарончую памяць, гэта суд над моладзевым актывістам з Салігорску Іванам Шылам. Дакладней сказаць, тагачасным моладзевым актывістам, бо час ішоў, змяняліся жыццёвыя абставіны, змяняўся і сам Іван. Але ў 2007 годзе, ён быў яшчэ 16-цігадовым школьнікам. Таму ўсё, што з ім адбывалася тады, відаць, асабліва і запомнілася, бо здавалася ўся дзяржаўная машына з усёй сваёй рэпрэсіўнай моцы ўдарыла па гэтым па сутнасці яшчэ дзіцёнку.
У 2007 годе быў самы разгар палявання спецслужбаў на актывістаў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. Улады відавочна мелі задачу калі не перасадзіць увесь актыў моладзевай апазіцыйнай структуры, дык хаця б запалохаць як след і максімальна мінімізаваць яе дзейнасць. За год да гэтага лідэра арганізацыі Зміцера Дашкевіча ўжо асудзілі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі на паўтары гады зняволення. Гэта быў адзін з пяці першых асуджаных па гэтым артыкуле да рэальнага пазбаўлення волі. Праз год была ўзбуджаная цэлая серыя крымінальны спраў у дачыненні да актывістаў МФ. У тым ліку, і ў дачыненні да непаўнагадовых на той момант Насты Палажанкі і Івана Шылы.
Што тычыцца нас, вясноўцаў, дык мы акрамя аказання прававой дапамогі па ўсіх гэтых узбуджаных справах, актыўна працавалі на міжнародным узроўні, намагаючыся выклікаць адпаведную рэакцыю на ўсе выпадкі выкарыстання антыканстытуцыйнага арт. 193.1 КК.
У той момант мы асабліва актыўна кантактавалі з сусветна вядомай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty international. Усе пяцёра асуджаных да пазбаўлення волі былі прызнаныя гэтай арганізацыяй вязнямі сумлення, паколькі былі асуджаныя толькі за тое, што мірна ажыцяўлялі гарантаваную міжнароднымі нормамі права і Канстытуцыяй краіны адну са свабодаў – свабоду асацыяцый. У тым і была сутнасць арт. 193.1 КК: яго прававая канструкцыя прадугледжвала магчымасць пакарання толькі за тое, што чалавек ажыццяўляе дзейнасць ад ім незарэгістраванай арганізацыі, без наяўнасці шкоды такой дзейнасці для правоў грамадзян, дзяржавы ці грамадскага парадку і нацыянальнай бяспекі. Усе крымінальныя справы былі пад пільнай увагай і нас, і нашых калегаў з міжнародных правааабарончых арганізацый.
Крымінальная справа ў дачыненні да Івана Шылы па арт. 193.1 КК была ўзбуджаная Мінскай абласной пракуратурай 10 траўня 2007 г., а на пачатку верасня гэтага ж году пачаўся і суд.
Паколькі мы праводзілі маніторынг усіх судоў па гэтым артыкуле, было вырашана паехаць і на суд у Салігорск. Паехаць вырашылі я і старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі. Для ўзмацнення міжнароднай прысутнасці на працэсе вырашылі запрасіць на яго прадстаўніцу аддзела Усходняй Еўропы Amnesty International Хэзу Маккгіл, якая адмыслова дзеля гэтага прыляцела з Лондану, а таксама прадстаўніка Шведскага Хельсінкскага камітэту (зараз гэтая арганізацыя мае назву Civil Rights Defenders), імя якога я ўжо не памятаю. Вось усе мы разам з нашымі замежнымі гасцямі і адвакаткай Вані, Марыянай С., загрузіліся ў маю старэнькую Таёту Каролу ды пакацілі ў Салігорск.
Надвор’е стаяла добрае і Алесь распавядаў гасцям розныя гісторыі роднага краю, балазе, усе яны няблага гаварылі па-руску. На пад’ездзе да Салігорска госці асабліва ўразіліся вялізарнымі ружовымі гарамі-тэрыконамі, што ўзвышаліся на далаглядзе. Я, як кіроўца, вядома быў заняты іншымі думкамі. На коле-развілцы непасрэдна перад уездам у горад я ўбачыў машыну ДАІ і супрацоўнікаў міліцыі, якія ўважліва глядзелі на праязджаючы міма транспарт. Тут я падумаў, што маю Таёту могуць лёгка ідэнтыфікаваць як “апазіцыйны траспартны сродак” па мінскіх нумарах і бел-чырвона-белай налепцы з літарамі BY на заднім бамперы. Праязджаючы міма міліцыянтаў, у люстэркі задняга віду я заўважыў, што тыя ўважліва праводзілі нас сваім позіркам.
“Ну, можа пранясе, можа я ўжо занадта нервуюся і ўпадаю ў залішнюю манію пераследу”, – паспеў падумаць я.
Але памыліўся. Праз некалькі хвілін у тыя ж люстэркі я ўбачыў міліцэйскую машыну, якая ляцела за намі з уключанымі сірэнамі. У гукаўзмацняльнік пачулася: “Вадзицель машины госномер… остановитесь!!!”
Я асцярожна прыняў правей і, уключыўшы аварыйку, спыніўся на ўзбочыне, узяў патрэбныя дакументы і выйшаў. Пасажыры засталіся ў салоне. Падыйшоў да мяне супрацоўнік ДАІ, прадставіўся і папрасіў дакументы на машыну і правы кіроўцы. Я ведаў, што з дакументамі ў мяне ўсё ў парадку, таму з цікавасцю назіраў за міліцыянтам у прадчуванні наступных пытанняў. Той пагартаўшы дакументы, працягнуў іх назад і спытаў, з якой мэтай я еду ў Салігорск.
Я вырашыў нічога не хаваць і шчыра сказаў міліцыянту, што еду на суд над актывістам МФ Іванам Шылам у мэтах правядзення маніторынгу судовага працэсу, а са мной у машыне едуць прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый з Вялікабрытаніі ды Швецыі. Міліцыянт, уважліва выслухаўшы мяне і буркнуўшы: “Счастливой дороги!”, пацягнуўся ў сваю ДАІшную машыну. Мы паехалі далей.
Калі мы ўжо амаль пад’ехалі да будынку мясцовага суда я ізноўку ўбачыў тую ж саму машыну ДАІ, якая ізноўку мігала рознымі колерамі і той жа голас запатрабаваў, каб я спыніўся. Я пачаў злавацца і раздражнёна спытаў у міліцыянта:
“Ну а цяпер што яшчэ?”
Той неяк крыху сарамліва сказаў, што мы павінны праследаваць за імі ў мясцовы РУУС.
“А гэта з якой такой нагоды?”, – запытаўся я.
“Ну нам приказали, что бы мы вас доставили, а там вам всё объяснят”, – неяк няўпэўнена сказаў міліцыянт-даішнік.
Я сабраўся спрачацца далей, але ў гэты момант з маёй машыны выйшла адвататка Марыяна С. і рашучым крокам рушыла да будынку суда.
“Эй, девушка, вы куда ….”, – крыкнуў ёй наўздагон міліцыянт.
“Я вам не девушка, я адвокат», – злосна цыкнула Марыяна і светанула на хвіліну адвакацкімі “корачкамі”.
“Вось бачыце, гэта адвакат, яна на працу пайшла, а мы зараз з вамі праедзем”, – супакойваючым, як у калыханцы голасам, сказаў я міліцыянту.
Той радасна падхапіўся і перавёў увагу ад Марыяны на мяне. Так з эскортам машыны ДАІ мы паехалі да мясцовага РУУС.
“Ну вот приехали, сейчас обождите немного, к вам выйдут”, – радасна паведаміў ДАІшнік і хуценька з’ехаў, толькі яго і бачылі.
“Ну вось збагрыў нас невядома каму і зваліў радасны”, – падумаў я.
Усе мае пасажыры выйшлі з машыны. Да нас ніхто не падыходзіў.
“Зараз пастаім пяць хвілін і, калі ніхто не падыдзе, звалім адсуль”, – сказаў Алесь.
Але праз пяць хвілін невядома адкуль каля мяне з’явіўся нейкі п’яны мужычок. Мужычок гэты быў на добрым падпітку і, актыўна махаючы рукамі, пачаў набліжацца да нас. На ганку РУУС моўчкі стаялі некалькі міліцыянтаў і назіралі за намі.
“Don’t speak with him and make two steps back”, – адмыслова па ангельску сказаў я. Мы зрабілі некалькі крокаў назад і моўчкі глядзелі на мужычка.
Пакрычаўшы нейкую бязглуздзіцу і намахаўшыся рукамі, той хутка знік, прычым, так жа незаўважна, як і з’явіўся. Амаль адразу ж да нас падыйшоў нейкі маёр, аказался намеснік начальніка РУУС.
“Ваши документы, пожалуйста, предъявите”, – сходу сказаў ён.
“Пожалуйста”, – сказал Хеза Маккгіл і перадала міліцыянту свой пашпарт Аб’яднанага каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.
“Пожалуйста”, – сказаў шведскі калега і перадаў свой пашпарт падданага Шведскага каралеўства.
“Вы что, иностранцы?” – з заўважным здзіўленнем і нейкім страхам у голасе спытаў маёр.
“Ну вы ж бачыце, я дарэчы вашым калегам адразу пра гэта далажыў. Яшчэ пры ўездзе ў горад. Атрымліваецца, вы замежных грамадзян затрымалі, прычым без усялякай на тое законнай нагоды”, – адмыслова сказаў я.
“Нет, нет, ну что вы. Мы н-н-никого не задерживаем. Это формальность, простая формальность. Вот ваши паспорта, пожалуйста, пожалуйста», – дрыжачымі ад хваляваннямі рукамі міліцыянт аддаў пашпарты іх уладальнікам і хуценька рэціраваўся ў будынак РУУС.
“Але ў правінцыі замежныя пашпарты яшчэ маюць сваю магічную сілу”,— са смехам адзначыў Алесь.
На судовы працэс мы паспелі. Сам суд быў хуткім. Былі зачытаныя паказанні сведкаў, якіх не было на судзе, таксама ў якасці доказаў былі прадэманстраваныя раздрукоўкі тэлефонных праслухоўванняў, інтэрв'ю з сайтаў, выразкі з газет, аўдыёкасеты, кампакт-дыскі, павязкі, значкі «Малады Фронт», канфіскаваныя падчас вобшуку ў кватэры Шылаў. Былі дапытаныя дадатковыя сведкі, зачытаная школьная характарыстыка.
Уся дзяржаўная машына была задзейнічаная, каб асудзіць, пасадзіць у турму вось гэтага школьніка, вось гэтага 16-цігадовага падлетка! Прычым за што? За тое, што любіць сваю Радзіму, за тое, што мае сваё, адрознае ад афіцыёзу, меркаванне і погляды?!
Іван трымаўся спакойна і годна. Не ведаю, што ён адчуваў у той момант унутры, ці было яму страшна. Знешне ён гэтага не паказваў.
А вось пракурор, які прадстаўляў дзяржаўнае абвінавачванне ў працэсе, зрабіў тады геніяльную прамову, якая ва ўсёй свае красе дэмастравала сутнасць артыкула 193.1.
“Нам няважна, чым займаецца Малады фронт, няхай ён хоць хамячкоў разводзіць! Для нас галоўнае, што ён не мае дзяржаўнай рэгістрацыі!”, – сказаў у сваёй прамове пракурор.
Геніяльна сфармулявана, варта таго, каб павесіць гэтыя словы на сцяну ў пракуратуры Салігорскага раёна, ды што там, нават на будынку Канстытуцыйнага суда.
Пракурор запатрабаваў асудзіць Івана Шылу без прызначэння пакарання, а адвакат папрасіла апраўдаць хлопца. Суд пагадзіўся з пракурорам.
Але на гэтым улады не спыніліся. Неўзабаве Івана выключаць са школы перад самым пачаткам выпускных іспытаў, а дырэктарка школы на знак пратэсту звольніцца. А затым будзе новы судовы працэс па абскарджанню выключэння Івана, на якім я так сама буду прысутнічаць і назіраць за настаўнікамі, якія будуць сядзець нізка апусціўшы галовы. Буду назіраць пахабны твар чыноўніцы з аддзела адукацыі Мінскага аблвыканкама, якая будзе распавядаць суду, чаму ж яны выключылі Івана са школы, не кажучы пры гэтым як яна “угаворвала” педсавет школы прыняць патрэбнае рашэнне.
А потым Івана, нягледзячы на медычныя супрацьпаказанні, заграбуць у войска, каб праз паўгады камісаваць па стане здароўя.
Час бяжыць. Вось і артыкул 193.1 ужо адмянілі і тое, за што ў свой час асудзілі 17 чалавек, ужо не злачынства. Але мяркую, што даўнія падзеі назаўсёды застануцца ў памяці тых, хто патрапіў пад каток дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны.
Вось і Ваня памятае, як гэта быць мішэнню ў ціры.
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў