viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Праверкі на дарогах

2020 2020-05-08T07:08:40+0300 2020-05-11T12:41:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sitna-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вёска Малое Сітна. Фота: radzima.org

Вёска Малое Сітна. Фота: radzima.org

Гэта быў адзін з самых звычайных, нічым не прыкметных дзён 2007 года і, як кажуць, у амерыканскім тэле-шоу 911 – “этот день не предвещал ничего плохого". А на двары стаяла цёплае веснавое надвор’е.   

Я разам са сваім калегам і сябрам Уладзем Лабковічам, а таксама  нашымі  знаёмымі адвакатамі Паўлам С. і Аляксандрам Г. збіраліся ў захапляльную вандроўку на паўночны ўсход нашай любай Бацькаўшчыны – у невялічкую лясную вёсачку Малое Сітна.  Гэтае месца знаходзілася  амаль што на самай мяжы з расейскай Пскоўшчынай, сярод глухіх лясоў, азёраў і балот. Раней я ніколі не чуў пра яе існаванне і напэўна ніколі б так і  не наведаў, калі б не адзін факт.

Менавіта ў гэтай вёсачцы на Віцебшчыне адбываў свой тэрмін асуджаны за арганізацыю акцый пратэсту  18 і 19 кастрычніка 2004 года ў Менску супраць, як зараз модна казаць “абнулення” прэзідэнцкіх тэрмінаў А. Лукашэнкам, тагачасны лідэр Маладога фронту Павал Севярынец.  31 траўня 2005 года суд Цэнтральнага р-на г. Мінска прыгаварыў яго і Міколу Статкевіча да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю “групавых дзенняў, які груба парушаюць грамадскі парадак”  з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ці як кажуць у народзе –“хіміі”.

Да пачатаку 2007 года сітуацыя з палітвязнямі ўскладнілася і да раней асуджаных далучыліся новыя асуджаныя ў выніку прэзідэнцкай кампаніі і “Плошчы-2006”. Акрамя таго сітуацыя напружылася актыўным прымяненнем уладамі сумнавядомага арт. 193.1 КК (дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый), ахвярамі якога ў асноўным сталі актывісты незарэгістраванай апазіцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”.  Усё выглядала досыць безнадзейна і трывожна. У тым ліку і для нас, вясноўцаў. Нам адкрыта пагражалі крымінальным пераследам з экранаў тэлевізараў, дэманструючы наш офіс і кадры з працэсу па ліквідацыі “Вясны” ў 2003 годзе ў Вярхоўным Судзе. На гэтым фоне з выявамі мяне, Алеся і Уладзя, голас за кадрам абвінавачваў сябраў “Вясны” ў пастаяннай дыскрыдытацыі Беларусі на міжнародным узроўні  і незаконнай дзейнасці без рэгістрацыі. Я амаль, што скурай адчуваў небяспеку, якая навісла над намі.

Аднак геапалітычная сітуацыя вакол Беларусі ўнесла свае карэктывы ў гэты сумны пейзаж. У выніку рэзкіх пагаршэнняў стасункаў з Расіяй, звязаных са значным падвышэннем коштаў на газ, улады пачалі шукаць падтрымкі на Захадзе і заявілі аб зацікаўленасці ў паляпшэнні стасункаў з ЕС і  ЗША. Пачаліся шматлікія перамовы і рэпрэсіі былі пастаўленыя на часовую паўзу. Асаблівай актыўнасцю ў гэтым працэсе тады вылучалася менавіта ЗША. У красавіку 2007 года Беларусь наведаў памочнік дзяржсакратар ЗША Дэвід Крамер і правёў перамовы з тагачаснай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч. Крамер падкрэсліў, што для нармалізацыі стасункаў з ЗША улады Беларусі павінны вызваліць усіх палітвязняў і спыніць крымінальны пераслед палітычнай апазіцыі.  Нягледзячы на непрызнанне А Лукашэнкам наяўнасці палітвязняў у краіне, улады неахвотна, але прыняліся за справу.  Як стала вядома, адміністрацыя выставіла ўмовы вызвалення палітвязняў праз асабістае напісанне прашэнняў аб памілаванні на імя прэзідэнта.

Павал Севярынец на лесапавале.
Павал Севярынец на лесапавале.

Мяне з іншымі правабаронцамі запрасілі ў амбасаду ЗША і давёўшы гэтую інфармацыю спыталі, што мы пра гэта думаем. Я выказаў меркаванне, што многія палітвязні адмовяцца ад такой умовы, паколькі яны прынцыпова не прызнаюць сабе вінаватымі ў тых “злачынствах”, за якія яны былі асуджаныя. Таму гэтая ўмова проста не прымальная.

Праз пэўны час у амбасадзе да нас давялі новыя  ўмовы, агучаныя Пяткевіч –няхай напішуць што-небудзь. Маўляў, нам патрэбны ад іх пісьмовы зварот. Такі парадак.  Вядома, што мы ў “Вясне” былі зацікаўленыя ў вызваленні ўсіх палітвязняў, якія былі прызнаныя такімі беларускай і міжнароднай праваабарончай супольнасцю, таму варта было падумаць аб тым, каб форма звароту сапраўды была фармальнай і ніякім чынам не сведчыла аб прызанні віны асуджанымі.  Адвакат Павал С. прапанаваў вельмі простую магчымую фармулёўку, нешта кшталту “Прашу прымяніць у дачыненні да мяне ўмоўна-датэрміновае вызваленне”. Вось менавіта на гэтую тэму мы і хацелі паразмаўляць з даступнымі для наведвання палітвязянмі, даведацца ці прымальна гэта будзе для іх і іншых.

З Міколам Статкевічам, які адбываў “хімію” у Мінскай вобласці,  я сустракаўся разам з Алесем Бяляцкім. Мікола распавёў пра сваё жыццё, пра ўмовы, пра стаўленне да яго з боку адміністрацыі і кантынгента. Інфармацыю пра пачатак перамоваў ён успрыняў з цікавасцю, але сказаў, што ён асабіста наогул пісаць нічога не будзе і няхай улады самі галаву ламаюць як гэта ўсё аформіць. Пры гэтым ён даводзіў, што прыдуманая Паўлам фармулёўка добрая, да пакаяння не абавязвае і калі іншыя такое напішуць, ніякіх прабем ён з гэтым не бачыць. На тым і разышліся.

Да Паўла Севярынца ў Малое Сітна мы выправіліся ў чатырох, на навюткай, чорнай БМВ адваката Аляксандра Г. Дарога была доўгай, праз усю краіну, прычым да самой вёскі гэта была звычайная грунтоўка. Маланаселеная лясная мясцовасць, нават мабільная сувязь там была не паўсюль. У лепшых традыцыях расейскай і савецкай імперый палітвязня Севярынца саслалі на лесапавал. Добра, што ў нас краіна малая і Сібіры няма, – жартавалі мы з калегамі.

Павал сустрэў нас каля свайго “інтэрнату”, які стаяў пасярод вёскі і ўяўляў сабой звычайны драўляны барак. Мы зайшлі ўнутр, каб пагаманіць ды папіць гарбаткі. Унутры ў невялікім пакоі было чыста прыбрана, стаяла некалькі жалезных ложкаў, стол, шафа.  Разам з Паўлам у пакоі жылі яшчэ некалькі “хімікаў”, у асноўным “аліментшчыкаў”.  Пагаманілі пра жыццё-быццё. Павал распавёў пра тое, як цяжка працуе на лесапавале, пра спробы правакацый супраць яго з боку адміністрацыі “установы”. Пра нашую ідэю адазваўся станоўча, але таксама сказаў, што асабіста пісаць нічога не будзе.  На тым і развіталіся, са спадзяваннем на хуткую сустрэчу на волі.

А вось дарога назад  выдалася няпростай. Пачалося ўсё з таго, што ў машыне Аляксандра парваўся шланг, які адказваў за гідраўліку падвескі. У выніку машына апусцілася на самую нізкую пазіцыю і паўзла амаль на пузе, чапляючыся за грунтоўку. У сувязі з гэтай неспадзяванай паломкай мы вымушаны былі рухацца з мінімальна магчымай хуткасцю. Праз нейкі час я заўважыў як нас на хуткасці апярэдзіла машына хуткай дапамогі. Адкуль яна тут у лесе – падумаў я. Раптам з вакна машыны вытыркнулася рука з жэзлам і замахала нам, патрабуючы спыніцца. Далей падзеі разгортваліся з хуткасцю, якая не пакідала часу на асэнсаванне таго, што адбываецца. Як толькі мы спыніліся – з “хуткай” пачалі выскокваць здаравенныя байцы ў камуфляжнай форме, масках і з аўтаматамі ў руках. Падляцеўшы да машыны яны крыкамі загадлі выбрацца ўсіх з машыны. Усё адбывалася імкліва, як у кіно.

“Ну вось даездзеліся” – паспеў падумаць я.

“Адкуль едзеце?” –спытаў адзін з бамбізаў у камуфляжы. Мабыць іх камандзір.

“З Малога Сітна” – адказаў я.

“Што ў вас у багажніку?” – ніяк не раэагуючы на мой папярэдні адказ працягнуў бамбіза.

“Нічога” – адказаў наш кіроўца Аляксандр.

“Адкрыйце!” – рашуча запатрабаваў той.

Аляксандр адкрыў багажнік і бамбіза зазірнуў унутр. Ен быў пусты. Абсалютна.

“А што ў вас з машынай?” – спытаў бамбіза.

“Шланг парвала, травіць. Кепскія ў вас тут дарогі” –адказаў Аляксандр.

“А у вас у Менску добрыя?” – ужо неяк расслаблена і больш лагодна спытаў бамбіза.

“Шчаслівай дарогі!” – нечакаючы адказу сказаў ён.

Загрузіўшыся назад у машыну, лятучы атрад знік гэтак жа хутка, як і з’явіўся, пакінуўшы нас у поўнай роспачы сярод лясоў і балот.

“І што гэта было?” –адышоўшы ад убачанага праз некалькі хвілін прамовіў Уладзь.

Ніякіх версій у нас не было, але ўсе заўважылі, што бамбізы ніяк не адрэагвалі на тое, што мы ехалі з Малога Сітна і нічога не пыталіся пра Севярынца. Мы вырашылі абавязкова, па магчымасці, звязацца з ім, каб высвятліць ці ўсё ў яго добра пасля нашага візіту.

Я не ведаю, як мае калегі, але я па-праўдзе кажучы напалохаўся той нечаканай сустрэчы на лясной дарозе. Канешне, я не думаў, што нас усіх тут жа пастраляюць на месцы, але нічога добрага ад гэтай сустрэчы чакаць не выпадала. Прычым пазваніць калегам і родным аб затрыманні, калі што, было б не магчыма. Сувязі не было.

Пазней мы звязаліся з Паўлам і ён распавёў, што ў яго ўсё было добра пасля нашай сустрэчы, а гэты лятучы атрад хутчэй за ўсё – паляўнічыя за кантрабандай. Менавіта праз такія лясныя пралазы, па якіх мы ехалі, цягаюць кантрабанду безакцызных цыгарэт ды палёную гарэлку а-ля “Максімка”. Гэта было падобна на праўду. Верагодна ім паступіў сігнал, што па лесе амаль на пузе сунецца невядомая машына з мінскімі нумарамі, мабыць бітком набітая скрынямі з цыгарэтамі і скрынямі з гарэлкай. Вось чаму бамбізы ніяк не адрэгавалі на  назву вёскі, адкуль мы вярталіся. Адзінае, што іх цікавіла – змесціва багажніка машыны.

А Павал Севярынец неўзабаве быў вызвалены разам з Міколам Статкевічам. Так распачынаўся працэс павольнага і маруднага “гандлю” Лукашэнкі з Захадам. Працэсу, які расцягнецца амаль на два гады і завершчыцца доўгачаканым вызваленнем усіх палітвязняў ужо ў наступным, 2008-м годзе. Усіх, якія на той момант знаходзіліся ў турмах – Зміцера Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Юрыя Лявонава, Аляксандра Здвіжкова, Андрэя Клімава, Аляксандра Казуліна і іншых.

Так распачалася першая “лібералізацыя” 2008-2010 гг., якая скочнчыцца халодным зімнім днём 19 снежня 2010 г. на прыступках Дома Ураду ў Менску. Да наступнай адлігі пройдзе доўгіх пяць год. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства