viasna on patreon

Закрытыя ўстановы-небяспекі COVID-19: як каронавірус паўплываў на харчаванне бяздомных Аўдыё

2020 2020-10-31T23:59:00+0300 2020-11-01T11:39:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/eda_bezdomnyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных. 


Раней юрыст "Вясны" Павел Сапелка аналізаваў становішча бяздомных людзей ва ўмовах крызісу каранавіруснай інфекцыі: як і дзе яны могуць атрымаць сродкі індывідуальнай абароны і знаходзіцца ў самаізаляцыі або каранціне. Зараз жа "Вясна" вырашыла разабрацца больш падрабязна, як пандэмія паўплывала на харчаванне бяздомных і на дзейнасць валанцёрскіх ініцыятыў, якія дапамагаюць у гэтым, а таксама ці ёсць тут падтрымка з боку дзяржавы і ці існавала яна да наступлення каронавіруса.

Бяздомныя ў Мінску на раздачы ежы ініцыятывай
Бяздомныя ў Мінску на раздачы ежы ініцыятывай "Ежа замест бомбаў"

Як указвалася раней, дзяржава прадастаўляе бяздомным сістэму гарадскіх цэнтраў (дамоў) начнога знаходжання, якія арганізаваны ў 11 гарадах Беларусі. У Мінску — гэта "Дом начнога знаходжання", які знаходзіцца на вуліцы Ваўпшасава, 42. Акрамя таго, што не ўсе бяздомныя могуць стаць яго жыхарамі (для гэтага абавязкова патрэбна мінская прапіска), тыя, каму ўдаецца туды трапіць, не могуць там знаходзіцца пастаянна. Магчымасць пражывання ў "Доме" абмежаваны адным годам. Затым чалавек павінен пакінуць "Дом" і не пражываць там на працягу двух-трох месяцаў, пасля чаго ён можа зноў паспрабаваць уладкавацца туды. Часта гэта азначае, што чалавеку даводзіцца жыць у гэты час на вуліцы.

"Добра, калі гэтыя месяцы трапляюць на лета. А што, калі на лістапад, снежань?"— такі каментар "Вясна" чула і ад саміх бяздомных, і ад некаторых валанцёраў, якія ім дапамагаюць.

dom_nachnoga_znahodjannia.jpg
"Дом начнога знаходжання" ў Мінску

Аднак "Дом начнога знаходжання", зыходзячы са сваёй назвы, дае бяздомным толькі магчымасць начлегу.

"Да васьмі раніцы ўсе павінны адтуль сысці, і потым да 18-ці вярнуцца, — распавёў "Вясне" адзін з пастаяльцаў "Дома начнога знаходжання". — Так павінны рабіць усе, акрамя тых, хто вызвалены (напрыклад, у каго ёсць інваліднасць). Што людзі робяць у гэты час? Хтосьці працуе. Хтосьці проста [чакае] на вуліцы".

Харчаванне ў "Доме начнога знаходжання" не прадастаўляецца. Гэта магло стаць праблемай падчас каранціну, які быў уведзены ў Доме пасля таго, як у некалькіх пастаяльцаў выявілі COVID-19.

"У дваіх выявілі, іх адправілі ў бальніцу. Пасля гэтага па меншай меры аднаго з іх я больш не бачыў. А ён тут жыў даўно", — распавёў пастаялец "Дома".

Падчас каранціну з Дома нікога не выпускалі. Раней "Вясна" пісала, што ў чэрвені каранцін быў зняты. Аднак пастаялец Дома пазней распавёў, што каранцін працягваўся і ў жніўні, таму што ён памятае, што ў гэты час былі выбары і "да нас прыязджалі [са скрынямі для галасавання] і мы тут на месцы кідалі [бюлетэні]". Магчыма, гэта звязана "з другой успышкай, ад якой яны лёгка адкруціліся", як распавялі "Вясне". Пакуль гэтую інфармацыю дакладна пацвердзіць не ўдалося.

Харчавацца бяздомным, зачыненым на карантыне, дапамагаў Валерый Еранкевіч, які называе сябе каардынатарам сацыяльнага служэння, у партнёрстве з валанцёрамі "Чырвонага Крыжа" — тыя падвозілі ежу да дома. "Вясна" спрабавала даведацца, як успрынялі бяздомныя такое становішча спраў і як наогул ставяцца да ўмоў у "Доме начнога знаходжання". На другое пытанне бяздомныя, якіх удалося апытаць, адзначалі, што "там добра, бо можна спаць у цяпле". Некаторыя валанцёры адзначалі, што, па расказах бяздомных, ім там часта не падабаецца. Валерый жа лічыць, што бяздомныя часта не могуць наўпрост выказаць сваё меркаванне:

""Вясна": Як паставіліся бяздомныя з "Дома начнога знаходжання" да сітуацыі, калі яны былі зачыненыя на карантыне?

Валерый: "Дом начнога знаходжання" адносіцца да МУС. І калі ты будзеш казаць не тое, што трэба, то цябе проста возьмуць і выкінуць.

"Вясна": То бок "Дом начнога знаходжання" пабудаваны па такой жа сістэме, як пенітэцыярныя ўстановы?

Валерый: Так, там, напрыклад, сядзяць міліцыянты на ўваходзе.

"Вясна": А стаўленне да пастаяльцаў у "Доме" — такое ж, як у турмах адміністрацыя ставіцца да зняволеных?

Валерый: Ну я б не сказаў. У турмах бывае лепей стаўленне".

valeryj_erankevich.jpg
Валерый Еранкевіч

Сам Валерый з'яўляецца поварам і на пастаяннай аснове добраахвотна корміць бяздомных у "сталоўцы" на вуліцы Матусевіча,15 у Менску — у будынку арандаванага былога дзіцячага садка. Як змянілася праца "сталоўкі" з пачаткам пандэміі?

Перш за ўсё — памяняліся самі бяздомныя.

Валерый распавёў, што вядзе ўлік " спісачных "(гэта значыць людзей, якія атрымліваюць у іх абеды) каля пяці гадоў:

"У тыя гады мы не гублялі людзей. А за гэты год 30 працэнтаў людзей не стала, яны зніклі. Але, вядома, ніхто не вядзе ўлік, ці ад каронавіруса яны [захварэлі] ... прастыў, захварэў і не з'явіўся".

Аб тым, ці сапраўды памерлі тыя 30%, якія перасталі з'яўляцца ў сталовай, казаць цяжка, бо ў прынцыпе адсочваць лёс бяздомнага складана.

"Пра смерці мы даведаемся дакладна толькі ад тых людзей ,хто быў знаёмы [з памерлымі]. Яны прыходзяць да нас і кажуць: "Вось, Ваня памёр, Пеця, Саша, Толік памёр…»"

Валерый адзначае, што часта бяздомныя не могуць выкараскацца з хваробы, таму што ім найперш трэба стварыць адпаведныя ўмовы — "быць у цяпле". Менавіта такую магчымасць "сталоўка" прадастаўляць перастала з пачаткам пандэміі. Раней яе наведвальнікі маглі прымаць ежу ўнутры будынка, але цяпер, кажа Валерый, яны не ўпускаюць туды людзей — "бо яны могуць перазараджаць адзін аднаго".

"Так яны стаяць [у чарзе за ежай] на вуліцы, іх абдзімае вецер. Але гэта цяпер, а што будзе ў канцы лістапада і з пачаткам зімы? — задаецца пытаннем Валерый. — Я ўжо думаў пра тое, каб купіць спецыяльныя лямпы, каб яны падчас [прыёму ежы бяздомнымі ў памяшканні] апрацоўвалі іх. Але на гэта трэба каля 600 рублёў. А дзе іх узяць? Акрамя гэтага, раней я раздаваў ежу бяздомным ў металічным посудзе, а затым мыў яго ў посудамыйнай машыне. Але цяпер мы купляем каля 1600 аднаразовых ланч-боксаў у месяц. Гэта вельмі складана".

На самай справе, "Сталоўка" і раней не мела права прымаць людзей унутры, так як будынак не адпавядае санітарным умовам — "дах цячэ", адзначае Валерый, таму "у нас не сталовая, а пункт выдачы ежы".

Пункт выдачы ежы для бяздомных, вуліца Матусевіча
Пункт выдачы ежы для бяздомных, вуліца Матусевіча, 15

Віктар — адзін з тых бяздомных, хто прыходзіць за ежай на Матусевіча. Бывае ён там з панядзелка па чацвер. У астатнія ж дні ежу там не выдаюць, таму Віктар ходзіць у сталовую на вуліцы Рыбалка, 26. Яе арандуе Царква "Благадаць" на ахвяраванні. Раней пры некаторых іншых цэрквах бяздомныя таксама маглі атрымліваць ежу, але з канца зімы, як адзначае Віктар, ім забараніла гэта рабіць дзяржава. Прычына — пандэмія.

Бяздомны Віктар
Бяздомны Віктар

"Вясна" удакладніла ў Віктара, ці ёсць дзяржаўныя месцы, дзе можна было б паесці бяздомнаму. На што Віктар назваў адрас "Кальварыйская, 52", дзе маламаёмасным бясплатна выдаюць талоны ў сталовую. Аднак іх Віктар атрымаць не змог, бо ў яго няма мінскай прапіскі. Па гэтай жа прычыне ён не можа стаць пастаяльцам "Дома начнога знаходжання". Аб тым, якія прадпрымаў спробы Віктар, слухайце ў аўдыё:

Валерый жа паведаміў, што сталовая для маламаёмных існавала раней, але "хутка развалілася, бо на гэта патрэбныя сродкі, якіх няма".

"Я трошкі не разумею адной важнай рэчы. Калі мы сацыяльна-арыентаваная дзяржава, так на каго мы арыентаваны? — задаецца пытаннем Валерый. — Калі на бяздомных — то ў такім становішчы яны не павінны быць".

Акрамя гэтага Валерый падзяліўся сваёй ідэяй — ажыццявіць праект па кармленні бяздомных. Ён звяртаўся за дапамогай да чыноўнікаў, але — нічога не выйшла:

"Пераабсталяваны аўтобус, на які мы маглі б загружаць прадукты харчавання, выязджаць і карміць бяздомных на месцах, дзе яны знаходзяцца. Становішся, у аўтобусе ёсць падпітка, падключаешся — і раздаеш ежу. Мне нямнога трэба, усяго 20 тысяч даляраў, мы б усё самі б арганізавалі і ўзялі на сябе. У мяне і аўтобус ужо ёсць на прыкмеце, і людзі. Дайце толькі сродкі, ці хаця б магчымасць гэта зрабіць — гэта ж трэба ўзгадніць з ДАІ, з санэпідстанцыяй, трэба, каб гарвыканкам вылучыў месцы па горадзе для кармлення. Але прасцей сказаць "не". У нас, калі ты прыходзіш з такой прапановай, рады б цябе адправіць назад. Альбо кажуць: "Прыйдзіце заўтра" — і гэта заўтра не наступіць ніколі".

Сродкі ж на дзейнасць пункта выдачы ежы на Матусевіча (напрыклад, на закупку прадуктаў), дапамагаюць збіраць "Имена". Праўда, абмовіўся Валерый, на іх аказвалі ціск —магчыма, гэта звязана з меркаваным ператрусам у рэдакцыі. 11 верасня заснавальніца "Имен" Кацярына Сінюк дала каментар TUT.BY:

"У дадзены момант ідзе праверка дзейнасці ўсіх дабрачынных арганізацый, а не толькі "Имен"[ ... ] Усе замежныя ахвяраванні мы рэгіструем у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта, на кожны плацёж збіраем мноства дакументаў".

Валерый распавёў, што раней яны атрымлівалі фінансавую дапамогу праз грамадскую арганізацыю "Отклик", куды яе дасылалі з-за мяжы. У апошні раз яны павінны былі атрымаць фінансаванне спецыяльна пад праект, звязаны з бяздомнымі, аднак грошы ў жніўні "завіслі" , бо праходзяць розныя праверкі. Раней таксама абнаяўніваць валютныя пераводы ў Беларусі было складана, бо "трэба яшчэ даказаць, для якіх мэт іх дасылаюць". Але гэтым летам чарговыя грошы атрымаць стала яшчэ складаней. Валерый не выключае, што гэта можа быць звязана з грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне.

"Вясна" дзякуе ўсіх тых, хто паўдзельнічаў у стварэнні дадзенага артыкула (у тым ліку тых, хто не быў у ім згаданы наўпрост).

Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Каранавірус і яго ўплыў на становішча бяздомных людзей у Беларусі

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў становішча бяздомных людзей ва ўмовах крызісу каранавіруснай інфекцыі: як і дзе яны могуць атрымаць сродкі індывідуальнай абароны і знаходзіцца ў самаізацыі або каранціне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства