viasna on patreon

Праваабаронцы Марфе Рабковай не аддалі ніводнага ліста-віншавання са святамі

2021 2021-01-16T15:40:14+0300 2021-01-16T15:47:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_amnesty.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя Марфы Рабковай ад Amnesty International

Ілюстрацыя Марфы Рабковай ад Amnesty International

Сітуацыя з ліставаннем Марфы Рабковай застаецца напружанай: палітзняволенай не перадалі ніводнага ліста-віншавання са святамі — Днём народзінаў, Новым годам і Калядамі. Пра гэта "Вясне паведаміў муж Марфы Вадзім Жаромскі. 

Блакаванне ўнутранай і знешняй камунікацыі з роднымі адбываецца цягам апошніх чатырох месяцаў.

— Ад маці, бацькі і сястры лісты амаль не прапускаюць, хаця яны пішуць кожны тыдзень па некалькі разоў, — распавёў Вадзім Жаромскі. — Ад мяне аддалі менш за палову лістоў, што я напісаў. Амаль такая ж сітуацыя ў адваротным кірунку: да бацькоў з яе боку лісты таксама ідуць з перабоямі. Увогуле, ёй не аддалі нават ліст пра стан здароўя бацькі, які зараз лякуецца ад анкалогіі. Да мяне апошні ліст быў 22 снежня, хаця я ведаю, што з таго часу яна напісала яшчэ не меней за дзесяць лістоў мне, якія цяпер невядома дзе. 

Такая ж непрыемная сітуацыя склалася з лістамі-віншаваннямі да святаў — Новага году, Калядам і Дня народзінаў. Марфе не аддалі ніводнага ліста.

— Хаця я дакладна ведаю, што ў Мінску былі некалькі групавых дваровых сходаў з падпісаннем паштовак Марфе, — адзначае Вадзім Жаромскі. — Таму размова ідзе мінімум пра дзясяткі віншаванняў з днём народзінаў, якія ёй не аддалі. Улічваючы спробу працяглага псіхалагічнага ціску на яе, думкі ў мяне адныя: яны жадаюць аказаць яшчэ большы негатыўны ўплыў на стан чалавека. На фоне ўзмацніўшыхся пагрозаў новых артыкулаў абвінавачвання, зразумела, што пераносіцца гэта не вельмі добра.

17 студзеня сканчаецца чарговы тэрмін утрымання Марфы пад вартай.

— За чатыры месяцы следства так і не вырашыла, з чым ісці ў суд, бо ейная справа аб масавых беспарадках цалкам шытая белымі ніткамі, — упэўнены муж Марфы. — Улічваючы загад зверху нікога не выпускаць, цяпер яны думаюць, якім чынам пакінуць Марфу пад вартай і якім недарэчным чынам гэта абгрунтаваць. Ці зрабіць выгляд абгрунтавання.


Каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову ўтрымліваюць пад вартай ужо чацвёрты месяц. Яна была затрыманая 17 верасня ў Мінску разам са сваім мужам Вадзімам, калі вярталася з урачыстага ўзнагароджання "Вясны" польскай прэміяй “Арол” імя Яна Карскага.

Марфе прад'явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. У абарону Марфы і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленні праваабаронцы выступілі беларуская праваабарончая супольнасць, спецдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення актывісткі ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай.

Заклікаем падтрымаць нашу каляжанку Марфу лістамі салідарнасці!

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Голас Марфы ў падкасце "Вясна прыйдзе"

У 16-м выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" мы пачуем і голас Марфы — з тых інтэрв'ю, якія яна паспела даць да свайго зняволення. Гэта дапаможа нам пазнаёміцца бліжэй з тым, чым яна займалася ў рамках сваёй праваабарончай дзейнасці — за што цяпер яе спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства