viasna on patreon

Крымінальная справа супраць Стрыжака і Лявончыка, допыты па "Вясне": пераслед 12 красавіка Дапоўнена

2021 2021-04-12T23:50:00+0300 2021-04-13T00:16:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stryzhak_andrei_o.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 12 красавіка: затрыманні, выклікі на допыты, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Крымінальная справа супраць Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка

Андрэй Стрыжак. Фота: ПЦ
Андрэй Стрыжак. Фота: ПЦ "Вясна"

Супраць сузаснавальнікаў By_help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака завялі крымінальныя справы аб фінансаванні экстрэмісцкага фармавання (артыкул 361-2 КК) і фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 2 артыкула 342 КК). Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.

Паводле версіі следства, Лявончык і Стрыжак "з дапамогай іншых асоб "перадавалі грошы медыяменеджару Андрэю Аляксандраву і ягонай дзяўчыне Ірыне Злобінай, якія аплачвалі штрафы пратэстоўцаў і пакрывалі прычыненую" іх супрацьпраўнымі дзеяннямі" шкоду.

Як удакладняе ведамства, Стрыжак уваходзіць і ў склад "так званай Каардынацыйнай рады, дзейнасць якой накіраваная ў тым ліку на захоп і ўтрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам", а таксама з'яўляецца сузаснавальнікам ініцыятывы BySol, якая "займаецца фінансаваннем стачкамаў прадпрыемстваў, дэструктыўных дваровых супольнасцяў, так званых фондаў медыцынскай, спартыўнай і культурнай салідарнасці".

Акрамя гэтага, настойвае СК, у ведамства ёсць доказы аб фінансаванні BySol дзейнасці раней прызнанага экстрэмісцкім фарміравання "створанага ў выглядзе аб'яднання дэструктыўных дваровых чатаў".

Яны аб'яўленыя ў вышук.

Допыты па справе "Вясне" працягваюцца

Як паведамляе MAYDAY, дачку праваабаронцы "Вясны" з Магілёва Аляксея Колчына выклікалі на допыт у Следчы камітэт, хутчэй за ўсё – па крымінальнай справе "Вясны".

Следчы ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці Андрэй Шацько выклікаў Дар'ю Колчыну на допыт у якасці сведкі на 10 раніцы ў панядзелак, 12 красавіка. Пасля паўгадзіны гутаркі за следчым Дар'ю адпусцілі.

Раней, 5 красавіка гэты ж следчы дапытаў у якасці сведкі жонку Аляксея Колчына Наталлю. Да гэтага ён настойліва спрабаваў даведацца, дзе знаходзіцца праваабаронца, хоць Колчын ужо даўно пакінуў Рэспубліку Беларусь.

Таксама ў якасці сведкі па крымінальнай справе супраць праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Магілёве па тэлефоне выклікаў следчы Андрэй Шацько нядаўна збітага сілавікамі актывіста Аляксея Барысава.

Знікненне ў Маскве палітолага Фядуты 

fiaduta_89.jpeg
Аляксандр Фядута

У Маскве знік палітолаг Аляксандр Фядута. Аб знікненні Фядуты «Нашай Ніве» паведаміла яго жонка Марына Шыбко. Сама жанчына сёння збіраецца вылятаць у Маскву на пошукі мужа.

Яна сказала, што з Фядутам няма сувязі. Што Фядута рабіў у Маскве і з кім сустракаўся — невядома. Пошукам палітолага Аляксандра Фядуты занялася маскоўская паліцыя. Заява аб згубе без вестак была пададзена ў Прэсненскі аддзел МУС.

Аляксандр Фядута — вядомы беларускі палітолаг, у свой час працаваў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі. У 2010-м быў у камандзе Уладзіміра Някляева.


Затрыманне старшыні БНФ

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў КДБ. Пра гэта "Нашай Ніве" паведамілі яго сваякі. Кастусёва затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго павезлі ў Мінск. У чым менавіта вінавацяць палітыка — пакуль невядома.


Блакаванне інфармацыі

Мінінфарм заблакаваў сайт naviny.online — "люстэрка" заблакаванага ў жніўні рэсурса naviny.by

У канцы сакавіка былі прынятыя змены ў заканадаўства, якія спрашчаюць блакіроўку "люстэрак" заблакаваных сайтаў. 10 красавіка новы міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заявіў, што прыйшоў час забарон і пакаранняў. Сёння была забаронена трансляцыя тэлеканала Euronews.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

У сувязі з маштабнымі затрыманнямі ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаецца шмат людзей, каб даведацца пра лёс родных і блізкіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства