Гомель: Пачаўся суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Дапоўнена
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 12 красавіка пачаў разгляд гучнай крымінальнай справы, заведзенай на сябраў ініцыятыўнай групы кандыдаткі Святланы Ціханоўскай.
На лаве падсудных - чацвёра:
Таццяна Канеўская, палітзняволеная, давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках);
Таццяна Васільеўна Канеўская - давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Сама яна прыйшла ў актывізм праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычные заканадаўства ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Вечарам 6 жніўня 2020 года ў доме Таццяны Канеўскай правялі вобшук, а зранку сілавікі прыйшлі ў дом Канеўскай з паўторным вобшукам. Жанчыну затрымалі.
Юрый Уласаў, палітзняволены, давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай па Гомельскай вобласці.
Быў затрыманы 6 жніўня ў Гомелі. Да яго прыйшлі дадому з вобшукам у межах крымінальнай справы: нібыта Уласаў 15 лістапада 2019 года абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Пазней Юрыю Уласаву было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «Удзел у масавых беспарадках».
Дзмітрый Івашкоў, палітзняволены, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Аляксандр Шабалін, палітзняволены, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай
Сёмага чэрвеня быў затрыманы ля свайго пад’езду і дастаўлены ў РАУС Цэнтральнага раёна. Аляксандр раніцай меўся ехаць на пікет па зборы подпісаў. У 11.30 калі ён выйшаў з пад’езда да яго падышлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі і ўручылі яму позву, дзе ён выклікаўся ў якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе. У РАУСе Навабеліцкага раёну ён быў апытаны па двум крымінальным справам, па якім ён нічога і нікога не ведаў.
Стала вядома, што абвінавачванне таксама прад'яўленае і па артыкуле 292 Крымінальнага кодэксу - «захоп будынкаў», а Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу), піша "Наша ніва".
Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Сёння на працэс прыйшло каля 40 чалавек (сваякі, група падтрымкі і журналісты), але ў залю здолелі патрапіць лічаныя людзі. Была ўведзена антыкавідная рассадка. У фае на першым паверсе паставілі металадэтэктарную рамку, забаранілі фота-відэа здымкі нават на калідоры. Наведвальнікаў пасяджэння прымусілі здаць тэлефоны ў камеру захоўвання. Каля суду ходзіць патруль амапаўцаў і стаіць супрацоўнік ДАІ.
Аляксей Канеўскі — сын палітзьняволенай Тацяны Канеўскай трапіў на першае паседжанне суду і распавёў пра яго акалічнасці, паведамляе Радыё Свабода.
«Ніхто з абвінавачаных сваю віну не прызнаў. Апроч таго, што яны нібыта планавалі масавыя беспарадкі і захоп будынкаў, ім зачыталі абвінавачанне, што яны стварылі тэлеграм-канал «Страна для жизни» і такі ж Youtube-канал, а таксама «Беларусь 12 стоп» (каналы Сяргея Ціханоўскага, — РС). У справе раптам аднекуль з'явіліся шэсць пацярпелых. Калі яны ўсталі ў судзе, то ўсе ахнулі — бо такія вялікія мужчыны, вагой пад сто кілаграмаў, падобныя на сілавікоў», — зазначыў Аляксей Канеўскі.
Алена Тоцкая, якую як і іншых не пусцілі на пасяджэнне суду, напісала скаргу ў кнігу скаргаў. Яна пазначыла, што яе права прысутнічаць на адкрытым судовым працэсе было парушана. Апроч чатырох сваякоў нікога з ахвотных наведаць працэс не пусцілі супрацоўнікі суду.
На судзе пацярпелыя заявілі хадайніцтва аб тым, каб іх дапытвалі без наведвальнікаў у закрытым рэжыме. Зараз ідзе іх допыт.
На пачатку працэсу Юрый Уласаў заявіў адвод суддзі Хлышчанкову. Суддзя яго адхіліў. Сваякі абвінавачваемых кажуць, што і суддзя, і пракурор кажуць вельмі ціха, так што немагчыма нічога расчуць. Нават пасля іх просьбы казаць гучней, сітуацыя не палепшылася.
На працэсе над даверанымі асобамі кандыдаткі Ціханоўскай сёння апытвалі 6 пацярпелых. Усе яны праходзяць па справе аб абразе дзяржслужбоўцаў пры выканнні службовых абавязкаў. Юрыя Уласава вінавацяць яшчэ і ў тым, што падчас парламенцкай кампаніі ў лістападзе 2019 годзе, калі супрацоўнікі ДАІ заблакіравалі трактар з гукаўзмацняльнай апаратурай кандыдата ў дэпутаты фермера Юрыя Ганцэвіча, Юрый Уласаў меў канфлікт з даішнікамі наконт гэтай сітуацыі.
За гэты ўчынак ён ужо быў пакараны ў адміністратыўным працэсе (атрымаў вялікі штраф). Усе пацярпелыя (відаць супрацоўнікі ДАІ) заявілі буйныя сумы кампенсацыі маральнай шкоды за абразу іх пры выкананні службовых абавязкаў. У працэсе яны хадайнічалі перад судом, каб іх дапытвалі без прысутных на працэсе, бо яны не хочуць каб агучваліся іх персанальныя дадзеныя. піша тэлеграм-канал "Гомельскай Вясны".
Суд працягнецца 13 красавіка ў 10.30