viasna on patreon

У Мінгарсудзе пачалі судзіць палітзняволенага Мікалая Дзядка. Ён не прызнае віну Дапоўнена

2021 2021-06-29T13:45:00+0300 2021-06-29T18:02:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikola_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 32-гадовага палітзняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка. Яго затрымалі 11 лістапада, моцна збілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342,арт. 361,арт. 295-3.Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Антон Цюменцаў.  

Мікалай Дзядок у судзе. Фота: spring96.org
Мікалай Дзядок у судзе. Фота: spring96.org

У чым абвінавачваюць палітвязня?

Па дадзеных следства, днём 23 жніўня 2020 года Мікалай Дзядок прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску, падчас якога, "усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ён разам з неўстаноўленымі асобамі парушаў грамадскі спакой і блакаваў руху транспарту".

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Мікалай Дзядок на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал "Мiкоlа". Па матэрыялах справы, "для прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь Дзядок неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму". Такія заклікі пачаліся з 4 жніўня.

Падчас затрымання ў ходзе ператрусу жылля выяўленыя і канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія згодна з заключэннем эксперта ГКСЭ з'яўляюцца прадметамі, якія дзейнічаюць на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Такім чынам, Мікалаю Дзядку прад'яўленае абвінавачванне па:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту);
  • ч. 2 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт);
  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.

Што адбываецца на судзе?

Справу разглядае суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Антон Цюменцаў. Абараняе Міколу адвакат Маслаў. На суд падтрымаць Міколу прыйшло каля 30 чалавек, але, як звычайна, патрапіць змаглі не ўсе. На суд не пусцілі палову журналістаў, якія хацелі патрапіць на паседжанне. Таксама на працэс з'явілася прапагандыстка Людміла Гладкая. На судзе Мікола заявіў хадайніцтва аб выдаленні з яе працэса, бо яна была раней сведкай па крымінальнай справе супраць яго. Але суддзя адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва, таму што Гладкая "можа знаходзіцца на адкрытым судовым паседжанні". Таксама было заяўлена хадатайства дапусціць бацьку палітвязня Аляксандра Дзядка (былога суддзю) у якасці абаронцы сына, але на гэта таксама адмовілі.

Мікола будзе дапытаны напрыканцы судовага следства пасля допыту сведак і даследвання ўсіх матэрыялаў справы.

На ператрус панятых паднялі сярод ночы. Допыт сведак 

svedki_90.jpg
Сведкі Астаповіч і Палякоў

Судовае разбіральніцтва па справе пачалося з допыту сведак — панятых, якія былі пры ператрусе ў Мікалая Дзядка ў пасёлку Сасновым 11 лістапада. Па матэрыялах справы, ператрус пачаўся ў 23:20, але панятых запрасілі толькі ў 12 гадзін ночы. Панятымі выступалі два мужчыны сталага ўзросту, адзін з іх чуе толькі з слыхавым апаратам. Іх наўпрост пабудзілі сярод ночы на ператрус. 

Першым на судзе дапыталі суседа Астаповіча 1944 года нараджэння. На судзе ён сказаў, што не бачыў слядоў збіцця Мікалая: "Ён быў чысценькі, не збіты, супрацоўнікі былі ветлівымі, і між іншым, ён таксама паводзіў сябе добра". Па словах Астаповіча, 11 лістапада пры ператрусе было чатыры супрацоўнікі, але невядома якой структуры, яны не прадстаўляліся: двое ў пакоі рабілі ператрус, а двое стаялі за імі і прасілі, каб яны сачылі за ўсім. Сведка распавёў, што знаходзілі "сёе-тое": фотакамеру, нож, як штык-нож,шмат канвертаў з грашыма, плакаты, літаратуру — "яны [сілавікі] гаварылі, што яна забароненая". 

Таксама сведка распавёў пра знойдзеныя бутэлькі на кухні (па матэрыялах справы, гэта "Кактэйлі Молатава"):

"Усе аднолькавыя бутэлькі, былі загорнутыя аднолькавымі анучкамі. Нам далі панюхаць. Пах магу параўнаць з бензінам, дызпалівам, нешта падобнае на гэта. Я кіроўца, разбіраюся... Потым рабілася вопіс, усё запячатваць у асобныя упакоўкі. Мы распісваліся. Усё адбывалася так, як апісвалася. Потым у мяне заўваг таксама не было".

Астаповіч заявіў, што супрацоўнікі пасля ператрусу ўсе з'ехалі, значыць "хлусяць пра збіццё".

На судзе стала вядома, што да пачатку ператрусу з панятымі ў кватэры было выбіта шкло. Таксама ў вопісі адсутнічае камера Міколы, хаця яе забіралі з іншымі рэчамі.

Другім на працэсе дапытваецца паняты пенсіянер Палякоў, але ён амаль нічога ўжо не памятае. Яго таксама разбудзілі каля 12 гадзін на ператрус. Па яго словах бутэлкі знайшлі ў кухні, усё астатняе — ў залі. Але, калі знайшлі бутэлькі на кухні, то пры гэтым не было Палякова. Наогул, як стала вядома на судзе, кухня вельмі маленькая (пяць на шэсць метраў), і ў ёй адначасова не маглі знаходзіцца адначасова шэсць чалавек (чатыры супрацоўнікі і два панятых). Ён прыйшоў на кухню, калі іх ужо даставалі з шафы. 

"Бутэлькі ўскрывалі, нам паказалі змесціва. Я, вядома, не спец, але пахла керасінам", — узгадвае сведка.

Але на судзе высвятлілася, што з трох знойдзеных бутэлек на месцы ўскрывалі толькі адну.

"Здаецца, было шэсць супрацоўнікаў, былі ў розных пакоях. Усё паказвалі. Падпісвалі пратакол ператрусу. Усё было дакладна, усё адпавядала паказанаму. Агрэсію ў дачыненні да Дзядка не праяўлялі, не білі, не абражалі", — кажа Палякоў.

Адвакат пытаецца ў пенсіянера, ці знікалі супрацоўнікі, якія рабілі ператрус, з яго поля зроку. Ён сказаў, што вядома, таму што ён хадзіў са сваёй групай. На вочы Дзядка ўвагі не звяртаў, і Мікола наогул не размаўляў. Палякоў не памятае, ці была камера ў пратаколе ператрусу. Па яго словах, нехта з супрацоўнікаў нешта здымаў на смартфон, а камера ўвесь гэты час ляжала на падлозе.

Таксама паняты пенсіянер, які на судзе дае паказанні як сведка, заявіў, што пры ператрусе ў Дзядка былі знойдзеныя экстрэмісцкія брашуры. Тады Мікалай запытаў у яго:

"Вы з'яўляецеся экспертам у сферы экстрэмізму? Калі не, то як Вы вызначылі, што гэтыя брашуры экстрэмісцкія?"

Што характэрна, праз дзень да Астаповіча і Палякова прыязджала Асіповіцкая міліцыя для ўдакладнення дадзеных па ператрусу, што там было, усё па спісе. Пасля ператрусу кватэру, дзе жыў Дзядок, не апячатвалі.


Кватэра некалькі дзён была не зачыненая з выбітым шклом у дзвярах

Таксама на судзе была дапытаная сведка 28-гадовая Вольга Радзівонава — сяброўка Мікалая. Яна зарэгістраваная па адрасе пражывання Дзядка 11 лістапада. На судзе яна распавяла, што знаёмыя з Мікалаем больш за год, а кватэра належыць ёй і яе бацьку. Не пражывае ў ёй з 2010 года. Паводле яе словаў, з Дзядком яны абмяркоўвалі, дзе можна хавацца ад каранавірусу, і яна распавяла яму, што ў яе ёсць кватэра ў пасёлку. Падчас пандэміі ён вырашыў там пажыць. Пачаў там жыць з чэрвеня.

Вольга распавяла, што была на кватэры незадоўга да затрымання і зазірала ў кухонную шафку і не бачыла там ніякіх бутэлек. На суд яна спазнілася. Адвакат спытаў, чаму, на што Вольга адказала: "Я сёння дала падпіску аб неразгалошванні ў сувязі са следчымі дзеяннямі і не магу расказаць".

Вольга распавяла, што кватэра стаяла адкрытай некалькі дзён, у гаўбечнай дзверы было выбіта шкло, вокны былі адчыненыя, а кватэра не апячаталі.

Не агучылі імя таго, хто затрымліваў палітвязня. Пісьмовыя матэрыялы справы

На гэтым допыт сведак скончаны. Суд пераходзіць да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Усіх — пяць тамоў справы.

На судзе пры агалошванні матэрыялаў справы не змаглі агучыць імя супрацоўніка, які складаў пратакол аб затрыманні Дзядка. Пракурор сказаў, што не можа гэтага зрабіць, "паколькі почырк неразборлівы". У выніку, на судзе не агучылі імя сілавіка, які ўдзельнічаў у затрыманні Дзядка.

Агучылі пратаколы агляду тэлеграм-канала "Мiкоlа". З 17 лістапада па 1 жніўня 2020 года ў канале не выяўлена матэрыялаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю, якая датычыцца крымінальнай справы. Пасля 1 жніўня і да 11 лістапада 2020 года ў матэрыялах канала, па версіі абвінавачвання, утрымліваюцца заклікі да забастовак, блакіроўцы дарог, удзелу ў пратэстах і гэтак далей.

Пракурор зачытаў вынікі судова-медычнай экспертызы Мікалая Дзядка за 17 і 24 лістапада 2020 года:

«Крывавадцёкі верхняга і ніжняга павек, паясніцы, плечавога сустава, сцёгнаў... 13 траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам, што не характэрна для падзення».

10 снежня 2020 года была праведзена экспертыза вадкасці з бутэлек. Заключэнне эксперта: сумесь аўтамабільнага бензіну і мінеральнай алею, што з'яўляецца лёгказапальнай вадкасцю. Але ёсць цікавая акалічнасць: паводле праведзенай 25 лістапада 2020 года судова-дактыласкапічнай экспертызы, на бутэльках, знойдзеных у Міколы, слядоў рук не маецца.

"Мінсктранс" не мае прэтэнзій да Міколы.

На судзе зачыталі станоўчыя характарыстыкі з месца вучобы (ЕГУ) і працы ("Новы Час").

На гэтым вывучэнне пісьмовых матэрыялаў скончанае. 

Суд працягнецца 1 ліпеня.

Як затрымалі Міколу?

Мікола Дзядок быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца ў на камеру для роліку МУС.

Пасля затрымання адвезлі ў Мінск ў ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі – збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на вул. Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства