viasna on patreon

Душылі падушкай, засоўвалі бутэльку ў рот. На судзе палітвязень Дзядок распавёў пра катаванні і збіццё Дапоўнена

2021 2021-07-01T16:20:00+0300 2022-04-18T18:31:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikola_dziadok_sud90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 1 ліпеня адбываецца другое паседжанне па крымінальнай справы супраць 32-гадовага палітзняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка. Яго затрымалі 11 лістапада, моцна збілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342,арт. 361,арт. 295-3.Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Антон Цюменцаў. На другім паседжанні агучаваюцца абставіны затрымання і збіцця палітвязня. 

Мікалай Дзядок у судзе. Фота: @lgbelarussegodnya
Мікалай Дзядок у судзе. Фота: @lgbelarussegodnya

Асноўнае, што стала вядома падчас першага паседжання:

  • Па матэрыялах справы, ператрус у Міколы 11 лістапада пачаўся ў 23:20, але панятых запрасілі толькі ў 12 гадзін ночы.
  • Панятымі выступалі два мужчыны сталага ўзросту, адзін з іх чуе толькі з слыхавым апаратам. Іх наўпрост пабудзілі сярод ночы на ператрус. 
  • У вопісі рэчаў адсутнічае камера Міколы і некаторая яшчэ тэхніка, хаця іх забіралі з іншымі рэчамі.
  • Пасля ператрусу кватэру не апячаталі: яна стаяла адкрытай некалькі дзён, у гаўбечнай дзверы было выбіта шкло, вокны былі адчыненыя.
  • На судзе пры агалошванні матэрыялаў справы не змаглі агучыць імя сілавіка, які затрымліваў Дзядка. Пракурор сказаў, што не можа гэтага зрабіць, "паколькі почырк неразборлівы".
  • Вынікі судова-медычнай экспертызы Мікалая Дзядка за 17 і 24 лістапада 2020 года зафіксавалі факты збіцця: «Крывавадцёкі верхняга і ніжняга павек, паясніцы, плечавога сустава, сцёгнаў... 13 траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам, што не характэрна для падзення».
  • Па сцвярджэнні аднаго з панятых, бутэлькі знайшлі, толькі пры ім: ні Дзядка, ні другога панятога не было.
  • На бутэльках (нібыта "кактэйлях Молатава"), знойдзеных у Міколы, яго слядоў рук не маецца.
  • З трох знойдзеных на кухні бутэлек на месцы пры панятых ускрывалі толькі адну.
  • "Мінсктранс" не мае прэтэнзій да Міколы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "блакіроўку прапекта Незалежнасці" 23 жніўня.

Другі дзень суда

Судовы працэс 1 ліпеня не пачаўся ў прызначаны час — ва ўсім будынку Мінскага гарадскога суда знікла электрычнасць. Падтрымаць Міколу прыйшло каля за 20 чалавек: бацька з кнігай сына, дзяўчына, сябры Міколы, супрацоўнікі італьянскай амбасады.

На другім судовым паседжанні адвакат Маслаў агучыў матэрыялы справы, якія тычацца затрымання Міколы 11 лістапада мінулага года. Пракурор Цюменцаў пры даследванні пісьмовых матэрыялаў справы іх прапусціў.

На судзе агучылі заключэнне экспертаў ад 24 лістапада 2020 года. Згодна яму, агляд Міколы правялі раніцай 20 лістапада (праз 9 дзён пасля затрымання) у СІЗА-1. У ходзе яго зафіксавалі крывападцёкі на левым і правым воку, шыі, грудной клеткі, падпахі, пазваночніку, плячах, сцягне, ранкі. Крывападцёкі мелі жоўтыя і зялёныя колеры, а раны былі пакрытыя адпластаванымі чырвона-карычневымі скарыначкамі. Эксперты зрабілі фотаздымку пашкоджанняў, але невядома, ці ёсць яны ў матэрыялах справы.

Таксама адвакат зачытаў вытрымкі з пастановы аб адмове ўзбуджэння крымінальнай справы ад 15 студзеня аб прыцягненні да адказнасці супрацоўнікаў МУС, якія збівалі яго. Мікалай Дзядок даваў тады наступныя паказанні:

"Увечары 11 лістапада ў кватэры, дзе знаходзіўся Дзядок, выпала аконная рама на балконе. Праз пяць секунд каля шасці чалавек без апазнавальных знакаў (нехта ў цывільным адзенні, нехта ў ваенным абмундзіраванні) павалілі на падлогу тварам уніз, зацягнулі рукі кайданкамі за спіной, нейкім чынам ён супраціву не аказваў. Пакуль ляжаў на зямлі, яго білі нагамі, пры гэтым, патрабавалі назваць паролі ад кампутара, тэлефона. Першапачаткова адмаўляўся, але калі сталі душыць падушкай і ён стаў адчуваць, што задыхаецца, то назваў пароль. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя бутэлькі з запальнай сумессю, якія яму не належаць. Ператрус праводзіўся пры панятых, пры якіх цялесныя пашкоджанні не прычыняліся. Пасля ператрусу яго прымусілі падпісаць дакументы, якія ён не чытаў. Далей яго зачынялі ў кладоўцы, у якую распылілі пярцовы газ. Затым яго на аўтобусе даставілі ў будынак ГУБАЗ на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3 у Мінску. Знаходзячыся там, яго пастаянна ўтрымлівалі альбо стоячы на каленях, альбо лежачы на падлозе. Знаходзячыся ў адным з кабінетаў, яму наносіліся множныя ўдары дубінкамі, рукамі і нагамі па ўсім целе. Пры гэтым, задавалі пытанні па акалічнасцях злачынства. Затым яго даставілі ў ІЧУ, адкуль перавялі ў СІЗА-1, дзе дзяжурным лекарам-тэрапеўтам былі зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні. Падчас знаходжання ў кабінеце супрацоўніка ГУБАЗ канфіскаваную бутэльку з запальнай сумессю гвалтоўна засоўвалі яму ў рот". 

Таксама стала вядома, што супраць Мікалая Дзядка хацелі распачаць крымінальную справу па артыкулах 130 КК за апраўданне тэрарызму, але лінгвістычная экспертыза не ўстанавіла гэтага, але знайшла заклікі падахвочваюць на барацьбу з уладай і Расіяй. У дзеяннях Дзядка адсутнічае гэты склад злачынства.

Допыт Мікалая Дзядка на судзе

"Вясна" публікуе прамову палітзняволенага Міколы Дзядка на судзе цалкам. 

"У 2008 годзе я атрымаў сярэдне-спецыяльную юрыдычную адукацыю, скончыўшы каледж БДУ па спецыяльнасці "Правазнаўства". Працаваў выканаўцам у судзе Цэнтральнага раёна Мінска, потым юрыстам у прыватнай фірме. У 2015 годзе скончыў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт па спецыяльнасці "Сусветная палітыка і эканоміка". Шмат гадоў удзельнічаў у анархісцкім руху. Вёў блог у телеграме і іншых сацыяльных сетках, дзе анансаваў палітычныя падзеі ў краіне, распавядаў аб барацьбе за свае грамадзянскія правы. З ліпеня 2020 года пражываў у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна, каб не быць у Мінску, дзе ішлі масавыя арышты палітычных актывістаў.

Што датычыцца абвінавачванняў па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса. Размяшчаючы артыкулы і каментары ў телеграм-канале MIKOLA, я рэалізоўваў сваё права на свабоду выказвання. Я ніколі не заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да каго-небудзь, і ўвесь час падкрэсліваў, што з'яўляюся прыхільнікам негвалтоўнага супраціву. Лічу, што абвінавачванне цалкам складзена паводле аператыўных фармулёвак. У іх дзеяннях СК угледзеў пагрозу нацыянальнай бяспецы, разумеючы пад нацыянальнай бяспекай інтарэсы кіруючага класа. Аднак інтарэсы Беларусі і інтарэсы кіруючага класа гэта не адно і тое ж. З абвінавачвання ж вынікае, што заклікаючы да барацьбы за свае грамадзянскія правы, я заклікаў разбураць Беларусь і ствараў пагрозу людзям. Гэта ілжывая падмена паняццяў.

Я таксама быў абвінавачаны ў распаўсюджванні ідэалогіі экстрэмізму. У той час, як ні адна паліталагічная тэорыя, ні адзін падручнік не ведае такой ідэалогіі. Канстытуцыя Беларусі гарантуе чалавеку і грамадзяніну права распаўсюджваць любыя палітычныя погляды і прытрымлівацца любой ідэалогіі. У рамках артыкула 361 Крымінальнага кодэкса я быў таксама абвінавачаны ў тым, што мае дзеянні маглі прывесці да пагрозы жыццю і здароўю людзей. Па-першае, ні аднаго доказу таго, што мае пасты неслі пагрозу жыццю і здароўю каго-небудзь няма. Па-другое, закон прама забараняе будаваць абвінавачвання на здагадках і верагоднасці.

Што датычыцца абвінавачванняў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Тыя шматлікія Маршы, якія праходзілі ў тыя месяцы ў Мінску я не наведваў, бо баяўся, што буду затрыманы і не змагу весці свой тэлеграм-канал. На свой Дзень нараджэння 23 жніўня я вырашыў зрабіць выключэнне і наведаць Марш. Ніякага плана, які ўключае ў сябе парушэнняў грамадскага парадку, у мяне не было. Рашэнне наведаць Марш я прыняў спантанна і прыйшоў туды адзін. Ніякіх міліцыянтаў, якія былі там і перашкаджалі шэсцю, і казалі аб парушэнні грамадскага парадку, я там не назіраў. Выявіў толькі пазней на сваіх фотаздымках. Я не блакаваў транспарт, бо на той момант, калі я выходзіў на праезную частку, яна ўжо была запоўненая людзьмі. Ніякіх заяваў ад незадаволеных грамадзян, якім бы я перашкаджаў, асабіста ў мой адрас не паступала. Ні адзін з людзей, сустрэтых мной там, не выказваў прыкмет незадаволенасці. Больш за тое, дзясяткі людзей з вокнаў і балконаў на знакі рукамі V махалі чырвона-белымі сцягамі. На шэсці панавала атмасфера ўсеагульнага яднання, дружбы, таму словы пра тое, што сваёй прысутнасцю я (цытата з абвінавачвання) «абвастраў напружанасць у грамадстве, парушаў грамадскія асновы добрапрыстойнасці і ўнутраны спакой грамадзян» – гэта хлусня. Наадварот, за ўсё жыццё я не бачыў столькі добрапрыстойных грамадзян у адным месцы.

Што датычыцца абвінавачванняў па артыкуле 295-3 Крымінальнага кодэкса. Я настойваю, што бутэлькі з сумессю бензіну і машыннага алею мне падкінулі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Названыя бутэлькі былі знойдзены ў шафе пад падваконнікам на кухні. Калі я жыў на гэтай кватэры, то я неаднаразова зазіраў у гэтыя шафкі – іх там не было. Значыць, магчымасць таго, што гэтыя бутэлькі належаць ранейшаму гаспадару, выключаная. Калі ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі САХРа і ГУБАЗіКа, яны, паклаўшы мяне тварам на падлогу, адразу пачалі мяне збіваць, пытаючыся, дзе яшчэ ў доме вісяць камеры. Справа ў тым, што над балконам кватэры, дзе я жыў, вісіць муляж відэакамеры, пакінуты ранейшым гаспадаром. Я неаднаразова казаў, што частка супрацоўнікаў, як я зразумеў па гуку крокаў і размовах, разбеглася па іншых пакоях, дзе нешта рабілі, пакуль я не бачыў. Пасля чаго мяне пачалі збіваць, патрабуючы паролі ад тэлефона і ноўтбука. Калі прыйшлі панятыя і пачаўся афіцыйны ператрус, мяне правялі з залы на кухню, дзе на маіх вачах супрацоўнік ГУБАЗіКа дастаў дзве бутэлькі з жоўтай вадкасцю, прычым адна ўжо была на стале. Я адразу не зразумеў, што гэта за бутэлькі, пакуль не адчуў рэзкі пах бензіну і не ўбачыў на адной з іх кавалачак тканіны зверху. Я адразу сказаў, што гэта не маё і што мне гэта падкінулі, на што супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўсміхнуліся. Праз чатыры гадзіны ўжо ў Мінску ў будынку ГУБАЗіКа пасля некалькіх гадзін катаванняў супрацоўнік ГУБАЗіКа Тарасік Іван Аляксандравіч, калі я ляжаў у кайданках на падлозе кабінета, прынёс дадзеныя бутэлькі, паставіў іх перад мной і стаў суваць горлышкі бутэлек мне ў рот і пасля патрабаваць, каб я на іх пляваў. Потым пачаў падсоўваць бутэлькі ў рукі і патрабаваў, каб я іх сціскаў. І так з кожнай бутэлькай. Пасля чаго яны паасобку былі спакаваныя ў чорныя пакеты, як для смецця. Усё гэта назіралі іншыя супрацоўнікі. Той факт, што экспертыза не выявіла маіх біялагічных слядоў, я магу растлумачыць толькі тым, што супрацоўнікі ГУБАЗіК ведаючы, што я скардзіўся на катаванні і фальсіфікацыі доказаў, ведалі, што гэта паўплывае на вынікі экспертызы, каб выставіць мяне як хлусам.

Тое, што гэтыя бутэлькі мне падкінулі, пацвярджаецца множнымі фактамі. Па-першае, следства не ўстанавіла, як, калі і пры якіх абставінах я нібыта вырабіў гэтыя бутэлькі з сумессю. Я не аўтамабіліст — бензіну ў мяне дома не выяўлена. Калі я набраў яго на запраўцы, то дзе ёмістасць? Па-другое, калі я вырабляў гэтыя бутэлькі, то павінны былі застацца пальчаткі, сляды гаручай сумесі на вопратцы — нічога гэтага выяўлена не было. Па-трэцяе, незразумела, дзе і як у пасёлку сасновым Асіповіцкага раёна можна выкарыстоўваць "кактэйлі Молатава". У пасёлку няма адміністрацыйных будынкаў, аддзяленняў міліцыі, іншых аб'ектаў, якія ўяўляюць цікавасць для рэвалюцыянера. Везці іх на мітынг на грамадскім транспарце — абсурдна, бо ад іх ішоў рэзкі пах бензіну. Па-чацвёртае, паўтаруся, бутэлькі былі знойдзеныя на кухні, загорнутыя ў мае кухонныя ручнікі, пры гэтым смурод ад бутэлек быў вельмі моцны. Незразумела, навошта трымаць крыніцу бензінавага смуроду на кухні. Адсюль — выснова, што бутэлькі мне былі падкінутыя супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Спачатку яны пераканаліся, што ў доме няма камер, потым, пераканаўшыся, што я ляжу тварам у падлогу, паклалі бутэлькі ў шафу. Так як спяшаліся, паклалі іх у першае месца, якое здалося ім падыходным. Каб не пакідаць адбіткі пальцаў, яны абгарнулі іх кухоннымі ручнікамі, якія ляжалі на падваконніку. А потым дэманстратыўна дасталі ў прысутнасці панятых. Мяркую, што гэтым супрацоўнікі міліцыі пераследвалі дзве мэты. Першая — падстрахавацца яшчэ адным абвінавачваннем па артыкуле 295-3 КК, калі я нейкім цудам буду апраўданы па іншых. Другая — стварыць патрэбную карцінку для кіраўніцтва і дзяржСМІ, паколькі з моманту вызвалення ў 2013 годзе ўся мая дзейнасць насіла публічны адкрыты характар. Я вёў блогі ад свайго імя, не хаваўся, мой арышт мог бы выглядаць як пераслед за свабоду слова. А вось паказаць, што экстрэміст захоўвае дома "кактэйлі Молатава", цалкам укладваецца ў патрэбную карціну. Хачу падкрэсліць, што прызнавая мяне вінаватым па артыкуле 295-3 КК, спецслужбам будзе дадзена зялёнае святло падкідваць усё, што заўгодна: наркотыкі, зброю і іншае. Гэта стане простым і эфектыўным спосабам расправы з іншадумцамі.

Мікалай Дзядок у судзе. Фота: spring96.org
Мікалай Дзядок у судзе. Фота: spring96.org

Асобна хачу расказаць аб сваім затрыманні, паколькі гэта мае ключавое значэнне для разумення сэнсу гэтага крымінальнага працэсу.

11.11.2020 года супрацоўнікі карных структур уламіліся да мяне ў кватэру, выламаўшы дзверы і праз балкон, разбіўшы шклопакеты. Паміж першым ударам у дзверы і тым, як і мяне павалілі на падлогу, прайшло не больш за 5-6 секунд. Я паспеў толькі зачыніць крышку ноўтбука і ўстаць. Я не аказваў супраціву. Тады супрацоўнікі ў ваеннай амуніцыі, як мяркую, САХРа, павалілі мяне на падлогу і зашпілілі кайданкі за спіной. Гэта адбылося прыблізна ў 22:20. Усяго ў кватэру ўварваліся сямёра супрацоўнікаў. Чацвёра ў цывільнай амуніцыі. Збіваць пачалі адразу, пытаючыся, дзе ў кватэры камеры відэаназірання. Потым яны пачалі агляд памяшкання, я гэта зразумеў па кроках. Што яны рабілі, я не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу. І за спробу паварушыцца мяне білі. Мяркую, што менавіта ў гэтыя хвіліны ў шафку на кухні паклалі "кактэйлі Молатава". Потым да мяне падышоў супрацоўнік, сеў побач на кукішкі і сказаў: "Ты ж разумееш, што ты з ШІЗА не выйдзеш?" Са стала адразу забралі мой тэлефон і сталі патрабаваць спачатку пароль ад яго. Я адмовіўся, тады мяне сталі біць кулакамі ў твар і патыліцу супрацоўнікі ў амуніцыі. Я стаў крычаць, тады адзін супрацоўнік узяў з канапы падушку і ўціснуў маю галаву ў яе. Я адчуў, што не магу дыхаць, і паспрабаваў пракрычаць, што скажу пароль. Але яны не чулі і яшчэ некаторы час трымалі маю галаву ў падушцы. Калі паднялі галаву, я сказаў, што мне трэба час, каб успомніць пароль, так як я забыўся яго ад стрэсу. Тады яны працягнулі біць, я ўспомніў пароль дзесьці праз хвіліну. Пасля таго, як я сказаў пароль, мяне паклалі тварам у падлогу і некаторы час не білі. Супрацоўнікі САХРа ў асноўным маўчалі, супрацоўнікі ГУБАЗа апускалі здзеклівыя каментары і абражалі. Як я зразумеў, іх мэтай было максімальна зламаць сілу волі і паралізаваць страх. Яны казалі: «Думаў, што ты у бяспечным месцы? Ты гаварыў, што ціск бывае псіхалагічны і фізічны. Сёння мы цябе будем і псіхалагічна, і фізічна. Что, Мікола, думал зашифровался? Может тебя обосцать?» Супрацоўнік, апазнаны мной як Харэўскі ўзяў з тумбачкі маю банкаўскую картку, стаў тыкаць ёю мне ў твар і казаць: "Усё ў даход дзяржавы".

Большасць пагроз выказваў супрацоўнік, апазнаны мной пазней як Тарасік Іван Аляксандравіч: "Павязем цябе ў лес, распранемся і паглядзім, чым ты жанчын задавальняеш, ці ты можаш толькі языком. Цяпер паедзем у гестапа, а там ты будзеш плакаць і ненавідзець сябе". Як я зразумеў, "гестапа" называлі паміж сабой будынак на Рэвалюцыйнай, 3. Пры гэтым мяне няспынна абражалі і білі, бралі падушку і катавалі. А калі прыехалі супрацоўнікі — забаранялі глядзець на сябе і білі, калі я ўздымаў галаву. Яны сказалі, што зараз прывядуць панятых і будзе ператрус. І калі я буду пры іх крычаць ці скардзіцца, то мяне будуць біць і здзекавацца. А калі я буду маўчаць, то паедзем дадому.

Два супрацоўнікі сышлі, пакінуўшы мяне з двума пенсіянерамі, у якіх я даведаўся сваіх суседзяў. Тады яны пачалі ў прысутнасці панятых вадзіць мяне па пакоях: рукі ўвесь час былі зашпіленыя ў кайданках ззаду, пры гэтым сцягнутыя з такой сілай, што я з цяжкасцю <нрзбрлв>. Калі мы зайшлі ў пакой, дзе раней жыла дзяўчына, Алёкса Аляксандр Іванавіч пачаў браць жаночае адзенне і майкі, прыкладваць да мяне і пытацца: "Гэта не тваё? А гэта не тваё?" Астатнія супрацоўнікі пры гэтым смяяліся.

У апошнюю чаргу пайшлі ў кухню, дзе, калі я заходзіў, на стале ўжо стаяла бутэлька з жоўтай вадкасцю. Гэта я ўжо апісваў, паўтарацца не буду. Я адразу сказаў, што гэта не маё, тады супрацоўнікі сталі шукаць падтрымкі ў панятых, пытаючыся, ці бачылі яны, як даставаліся бутэлькі. І яны сказалі, што "Так, бачылі". У панятых таксама пыталіся, ці адчуваюць яны пах. Яны сказалі, што адчуваюць. Нават у прысутнасці панятых Тарасік у адкрытую казаў, што будзе мяне біць. Панятыя ніяк не рэагавалі і рабілі выгляд, што яны гэтага не заўважаюць. Калі яны адварочваліся або стаялі далёка ён стараўся ўціхую мяне ўдарыць. У цэлым, ператрус праводзіўся павярхоўна, хутчэй для выгляду. Было ясна, што цікавасць уяўляюць толькі тэхніка і я. Пасля пачаўся пералік грошай, канфіскаваных з маіх канвертаў. Таксама рэчы, якія былі падрыхтаваныя для канфіскацыі былі перакладзеныя на канапу. Хачу абвергнуць словы панятых аб тым, што я адмаўляў прыналежнасць рэчаў. Гэта не праўда. Я адразу сказаў, што відэакамера і грошы належалі мне. Сярод канфіскаваных рэчаў на канапу была выкладзеная камера Canon, штатыў і наручныя гадзіны Casio. Усяго гэтага я не знайшоў у вопісу канфіскаваных рэчаў, гаспадыня кватэры іх таксама не знайшла. Таксама ў дакументах я не знайшоў прыкладна адной тысячы рублёў. Мяркую, што ўсё гэта — камера, штатыў, гадзіннік, 1000 рублёў — скралі супрацоўнікі ГУБАЗіК, скарыстаўшыся тым, што я, па-першае, большую частку часу нічога не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу, па-другое, быў дэзарыентаваны і падаўлены, каб уважліва чытаць спіс канфіскаванага. З гэтай нагоды маім адвакатам была пададзеная скарга.

Пасля пераліку грошай супрацоўнікі паставілі мяне аднаго ў нацюрморт: чорна-чырвонага сцяга, анархісцкага плаката, паляўнічага нажа і падкінутых "кактэйляў Молатава" і знялі ўсё гэта на смартфон. Тады адпусцілі панятых. Было каля 00:30. Мяне паставілі тварам да сцяны, я паспрабаваў завязаць з супрацоўнікамі размову, пытаўся, навошта ім мяне біць. Алёкса адказаў, што я ім ужо не патрэбны, бо я адпрацаваны матэрыял. Тарасік адказваў: "Каб атрымаць маральнае задавальненне". Астатнія жартавалі і смяяліся. Мяне перыядычна працягвалі біць, наносячы ўдары рознай сілы па галаве, па спіне, па нагах і ў грудзі. Як я зразумеў, іх тактыкай было пастаянна трымаць мяне ў напрузе, каб я не ведаў, калі і ў якое месца мне прыляціць чарговы ўдар, не мог расслабіцца ні на секунду.

Супрацоўнікі адышлі ў канец вялікі пакоя, а адзін САХРавец вывеў мяне ў калідор, каб я не чуў, аб чым яны раяцца. Наогул з моманту затрымання супрацоўнікі ў цывільным безупынна тэлефанавалі і давалі справаздачу начальству, альбо ім тэлефанавалі. Асабліва Алёкса не выпускаў з рук тэлефон.

Параіўшыся мяне вярнулі ў пакой, дзе Алекса сказаў, што мне цяпер трэба сказаць на камеру, што яны скажуць. Дадаў: "Гэта відэа мы запішам з болем або без", пасля чаго ўдарыў мяне кулаком у грудзі. Я стукнуўся патыліцай аб сцяну і ўпаў. Спыталі, ці буду я гаварыць на відэа. Я маўчаў. Тады малады супрацоўнік завёў мяне ў каморку – памяшканне памерам 1 на 0,5 метра, пусціў туды слёзатачывы газ з балончыка, падпёр дзверы сабой. Я адчуў, што не магу дыхаць і сказаў, што скажу на відэа, што трэба. Тады той жа супрацоўнік вывеў мяне на вуліцу разам з САХРаўцам. Пры гэтым іншы супрацоўнік ГУБАЗіК стаяў у двары і здымаў мой маршрут з пад'езда на смартфон. Але тут жа сказаў, што трэба зрабіць другі дубль: весці мяне мацней з заломленымі рукамі за спіной. Тады мяне вярнулі ў пад'езд. І па сігнале з двара павялі зноў, заламаўшы рукі мацней так, што тулава было практычна гарызантальна. Калі мяне вывелі ў двор дома, САХРавец трымаў мяне ззаду за кайданкі, а ўсё той жа малады супрацоўнік дастаў пярцовы балончык "Шок" і стаў распыляць яго мне ў твар, імкнучыся трапіць у вочы. Ён зрабіў гэта чатыры разы. Распыляў так доўга, што я адчуваў струмень пярцовага спрэю ў твар <нрзбрлв>. Пасля мяне вярнулі ў кватэру і некаторы час – каля хвіліны – не чапалі. Як я зразумеў, чакаючы максімальнага эфекту ад пярцовага балона. Пасля гэтага супрацоўнік, якога іншыя называлі "следчы", сказаў, што калі я ўсё правільна скажу, то мне дадуць памыцца. Я пераказаў усё, што ад мяне патрабавалі. Алёкса пры гэтым здымаў на свой тэлефон. Пасля мне далі памыцца, расшпіліўшы адзін бранзалет кайданкоў. Пакуль я мыўся, малады супрацоўнік у мяне за спіной трашчаў электрашокерам, распытваў, ці ведаю я, што такое «дыскатэка»? Гэта калі затрыманага б'юць электрашокерам па кайданках. Пасля мне сцягнулі адзін бранзалет, далі сабрацца і апрануцца, але гадзіннік узяць з сабой не дазволілі. Як я казаў вышэй, іх наогул нідзе не аказалася. Пакуль я апранаўся, мяне не білі, але абражалі і здзекаваліся. Сыходзячы з кватэры адзін з супрацоўнікаў прапанаваў мне ўзяць з сабой ваду, але я адмовіўся. Ад стрэсу піць я не мог. Адкрыўшы халадзільнік, ён здзівіўся таму, што ў мяне так мала прадуктаў.

Пасля мяне павезлі ў мікрааўтобусе, які быў прыпаркаваны ў двары. Там мяне пасадзілі на падлогу і павезлі ў Мінск, па дарозе мяне не білі. Супрацоўнікі спрабавалі ўступіць са мной у палітычную дыскусію, у прыватнасці, малады супрацоўнік сказаў, што «мы, актывісты, блогеры, самі ствараем у краіне нестабільную абстаноўку, а потым скардзімся, што нас б'юць і арыштоўваюць». Астатнія казалі, што народ у Беларусі падзяліўся, што большасць прагаласавала за Лукашэнку, а хто сцвярджае адваротнае – той хлусіць.

Калі мяне высадзілі, я ўбачыў па вул Рэвалюцыйнай будынак ГУБАЗіК, куды мяне завялі, нагнуўшы галаву і надзеўшы на яе капюшон. Было каля 1:30 ночы. Павялі ў кабінет, які знаходзіцца ў правым калідоры, калі стаяць спіной да цэнтральнага ўваходу, чацвёрты кабінет ад пачатку калідора па правым яго баку. Паставілі на калені тварам да сцяны, сталі зноў пытацца пароль ад жорсткага дыска. Я называў пароль ад аперацыйнай сістэмы. Яны казалі, што ён не падыходзіць. Супрацоўнік сказаў: "Коля, цяпер будзе балюча".

Праз некаторы час я папрасіўся ў туалет, і супрацоўнікі САХРа мяне завялі. Пасля вярнуліся ўжо ў іншы кабінет: трэці ад пачатку калідора, таксама па праваму яго баку. Верагодна, кабінет Тарасіка, як я зрабіў выснову з размяшчэння яго працоўнага стала. Там было, акрамя Тарасіка, яшчэ тры супрацоўнікі, усе за сваімі працоўнымі сталамі. Супрацоўнік з маім ноўтбукам сядзеў таксама, як у тым, пазней ён даваў каманду, калі біць мяне, а калі перастаць. Супрацоўнікаў САХРа ГУБОПаўцы адпусцілі дадому. Усе прысутныя былі ў масках і вельмі стараліся не дазволіць мне ўбачыць іх твары нават у масках. Мяне паклалі тварам на падлогу, хтосьці <нрзбрлв> прайшоў, супрацоўнік увесь у чорным і з дубінкай. Мяне спыталі пароль ад жорсткага дыска, я сказаў, што не памятаю. Тады мяне сталі біць дубінкамі. Супрацоўнік у чорным, паміж сабой яны называлі "Гена" – хутчэй за ўсё выдуманае імя. Білі па лытках, сцёгнах, ягадзіцах, спіне і баках. Пасля некалькіх адмоваў Тарасік сказаў, што будзе біць мяне па геніталіі і згвалціць дубінкай. Пагражалі біць электрашокерам, казалі, што будуць мачыцца на мяне. У прамежках паміж падыходамі перыядычна біў трэці супрацоўнік. Пасля чатырох ці пяці збіванняў я даў пароль ад жорсткага дыска. Запісалі яго на лісціку паперы, але кампутаршчык яго няправільна ўвёў, і мяне сталі біць зноў. Так як адна рука ў мяне была адшпіленая, я спрабаваў ёю закрывацца, мне адбілі некалькі пальцаў. Супрацоўнік у чорным падняў маю нагу і стаў мяне біць дубінкай па пятках. І так некалькі разоў, пакуль кампутаршчык не ўвёў пароль правільна.

Увесь час гучала <нрзбрлв>. У нейкі момант з дыялогу супрацоўнікаў я зразумеў, што ў кабінет зазірнуў хтосьці з прэтэнзіямі або пытаннямі з нагоды крыкаў. Мяркую, што гэта быў дзяжурны, бо нікога ў будынку больш не бачыў. Тарасік паслаў яго матам і сказаў, цытата: "Калі гэты дабрак яшчэ раз прыйдзе, я сам яго разарву [нецэнзурна]".

Пасля таго, як яны атрымалі доступ да ноўтбука, сталі патрабаваць пароль ад двайной аўтэнтыфікацыі да акаўнта тэлеграма. Я яго не памятаў на памяць, таму давялося ім сказаць шлях да файла, дзе ён быў запісаны. За гэты час мяне збілі яшчэ некалькі разоў.

Я заўважыў, што яны змянілі тактыку: спачатку збівалі, а потым адразу задавалі пытанне. Калі яны білі, я стараўся адхінацца, таму ў нейкі момант Тарасік пачаў наступаць нагой мне на твар, і толькі тады я стаў <нрзбрлв> лепш адхінацца. Калі яны атрымалі доступ да майго акаўнта, то сталі ўслых разважаць, як распарадзіцца маім телеграм-каналам, пыталіся, калі мае таварышы падымуць кіпыш з нагоды маёй адсутнасці. Кампутаршчык сказаў, што цяпер напіша маёй дзяўчыне, што ў мяне ўсё добра. Потым я даведаўся, што ён сапраўды гэта зрабіў, імітуючы мой стыль на беларускай мове.

У прамежках паміж гэтым мяне білі проста так. Напрыклад, Тарасік, пасля таго, як яму прынеслі запараную вермішэль, сказаў: «Цяпер даем Ролтан і буду цябе біць [нецэнзурна]». Стараліся біць у адно і тое ж месца па шмат разоў, каб было больш балюча. Пасля чарговага збіцця Тарасік сказаў, што ўжо стаміўся, і са словамі "старасць – не радасць" сеў на сваё працоўнае месца. Астатнія супрацоўнікі засмяяліся. Таксама мне пагражалі, што калі я не скажу патрабаванае, то а 6 раніцы пачнуць прыходзіць іншыя супрацоўнікі ГУБАЗ і мяне будуць біць усе па чарзе. Я зноў спытаў, за што мяне б'юць, калі я даў патрабаваную інфармацыю, на што Тарасік адказаў: "За тое, што ты ёсць".

Пасля Тарасік прынёс бутэлькі, падкінутыя ў кватэру, і стаў засоўваць горлышкі бутэлек мне ў рот. Я спачатку не зразумеў, што ён робіць, а потым ён сказаў пляваць у рыльца і прыкладваў бутэлькі да маіх далоняў, кажучы сціскаць. Тады да мяне дайшло, што гэта робіцца для дактыласкапічнай экспертызы. Так ён зрабіў відавочна з кожнай бутэлькай, я ўжо не супраціўляўся. Потым кожную бутэльку ён спакаваў у асобны чорны пакет <нрзбрлв>.

Тым часам іншы супрацоўнік працягваў працаваць над тэлеграмам, пытаўся пра людзей з майго спісу кантактаў і пра адмінаў іншых каналаў. А таксама, хто з дзейных супрацоўнікаў МУС мне дапамагае, хто фінансуе акцыі пратэстаў. Спыталі, навошта я апублікаваў адрас супрацоўнікаў міліцыі. Я сказаў, каб выклікаць грамадскае асуджэнне. Тады мяне сталі <нрзбрлв> збіваць ўсе ўтрох. Потым мяне паднялі і сказалі падпісаць паперы, якія надрукаваў адзін з супрацоўнікаў. Я падпісаў усе не гледзячы. Тым часам іншыя працягвалі здзекавацца:

– Давайце яго абасцым!
– Ну што, Мікола, не хочаш стрым правесці?

Тарасік прапанаваў: "А давайце на яго сяду, а вы сфоткаеце". Але астатнія не падтрымалі яго прапанову. Потым мяне паставілі каля чырвона-зялёнага сцяга і сказалі папрасіць прабачэння перад супрацоўнікамі за тое, што я выкладваў іх дадзеныя, і параіць іншым так не рабіць. Тарасік сказаў: "Калі ўсё правільна скажаш, я цябе біць не буду". Супрацоўнік у чорным сказаў: "А я за сябе не адказваю". Тут жа Тарасік стаў патрабаваць, каб я сказаў на камеру, што я чмо і лайно.

[Тут суддзя зрабіла заўвагу не выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку. Мікола сказаў, што цытуе].

Я гэтага казаць не стаў. Здымаў мяне на камеру ўсё той жа малады супрацоўнік, што быў на затрыманні. Тарасік яшчэ ж хацеў, каб я заплакаў на відэа. Ён кажа: «Пусці слязу, а то зараз мы пусцім». Але я не плакаў. Пазней я даведаўся, што гэта відэа паказвалі па БТ, як доказ таго, што я раскайваюся ў сваёй анархісцкай дзейнасці. Адразу пасля здымкі іншы супрацоўнік прапанаваў: "А давайце сцяг <нрзбрлв> спалім у двары. На яго смартфон адкруцім час запісу і заўтра здымем". Як я зразумеў, каб павесіць на мяне яшчэ адзін артыкул. Але астатнія пасмяяліся і не падтрымалі <нрзбрлв>. Мяне зноў паклалі на падлогу і сталі весці прафілактычную гутарку. Так я зразумеў, што катаванні хутчэй за ўсё з большага скончыліся. Ад мяне патрабавалі, каб я даў слова гонару, што я больш ніколі не напішы, не скажу нічога дрэннага пра супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Потым мне сказалі, што калі я камусьці скажу ці паскарджуся аб тым, што тут са мной адбылося, то яны прыедуць у ІЧУ і ўсё тое, што адбылося падасца мне дробяззю. Я з усім пагаджаўся.

Сілавікі казалі, што мне тут ужо жыцця не будзе, што мне прыйдзецца з’ехаць з краіны. Таксама ж казалі, што я атрымаю 7-9 гадоў, дый тое, калі буду супрацоўнічаць са следствам. А калі буду скардзіцца на тое, што было тут, то будзе мне 411-ы артыкул (непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі), у калоніі мне не дадуць жыцця і зробяць «пеўнем».

Тарасік казаў: «Ёсць у калоніі асуджаныя, што з намі супрацоўнічаюць, ты ж і сам сядзеў, усё ведаеш. Калі яшчэ адкрыеш рот пра супрацоўнікаў, то я прыеду на зону і асабіста цябе дубінкай кончу, а пасля ўтаплю ў парашы. Ты не тых зрабіў ворагамі, з намі змагацца няма сэнсу».

Яны ўдакладнілі, што я ў ІЧУ буду казаць пра сляды збіцця. Я адказаў, што буду казаць, што ўпаў. Тады мяне вывелі і адвезлі на Акрэсціна. У машыне мяне пачало калаціць. Адзін з сілавікоў пачаў пытацца, што са мной, і хвалявацца, каб мяне не званітавала ў машыне. «Мандраж у яго, што, не бачна», — адказаў іншы сілавік. 

На гадзінніку машыны было 5:24 раніцы. 

Сілавік, які вёў машыну, яшчэ раз нагадаў, каб я маўчаў пра ўсё, што адбывалася. Сказаў: будзеш пісаць скаргі, раскажаш адвакату ці на судзе — не выйдзеш ніколі. 

У ІЧУ супрацоўнік ГУБАЗіК сышоў толькі пасля майго асведчання, каб упэўніцца, што не буду скардзіцца. 

Да ўсяго сказанага дадам: з моманту выхаду на волю ў 2015 годзе мяне 4 разы затрымлівалі, 9 разоў судзілі за экстрэмісцкія матэрыялы — за мае допісы ў сацыяльных сетках. Усё апісанае я разглядаю як барацьбу са свабодай слова і асабістую помсту супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

І пазней мне стала вядома, што пагрозы паступаюць маім блізкім. Пасля майго затрымання ім пісалі ананімы ў мэсэнджарах, што ў турме мяне чакае самае страшнае, што мяне зробяць апушчаным, што ў калоніі мяне заб’юць і спішуць на праблемы з сэрцам. 

Нягледзячы на гэта ўсё, я не прызнаю сябе вінаватым. Мая дзейнасць носіць і будзе насіць асветніцкі характар, мая мэта — пабудова свабоднага грамадства».

Інфармацыя дапаўняецца.

Cуд працягнецца 5 ліпеня.

У Мінгарсудзе пачалі судзіць палітзняволенага Мікалая Дзядка. Ён не прызнае віну

Мікола будзе дапытаны напрыканцы судовага следства пасля допыту сведак і даследвання ўсіх матэрыялаў справы.

У чым абвінавачваюць палітвязня?

Па дадзеных следства, днём 23 жніўня 2020 года Мікалай Дзядок прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску, падчас якога, "усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ён разам з неўстаноўленымі асобамі парушаў грамадскі спакой і блакаваў руху транспарту".

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Мікалай Дзядок на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал "Мiкоlа". Па матэрыялах справы, "для прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь Дзядок неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму". Такія заклікі пачаліся з 4 жніўня.

Падчас затрымання ў ходзе ператрусу жылля выяўленыя і канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія згодна з заключэннем эксперта ГКСЭ з'яўляюцца прадметамі, якія дзейнічаюць на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Такім чынам, Мікалаю Дзядку прад'яўленае абвінавачванне па:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту);
  • ч. 2 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт);
  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.

Як затрымалі Міколу?

Мікола Дзядок быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца ў на камеру для роліку МУС.

Пасля затрымання адвезлі ў Мінск ў ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі – збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на вул. Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства