viasna on patreon

"Ад далейшага лёсу гэтых маладых людзей залежыць і наш з вамі". У судзе па "справе студэнтаў" пачаліся спрэчкі бакоў

2021 2021-07-09T22:00:16+0300 2022-05-12T19:01:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/novy_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Фота spring96.org

Суд Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Фота spring96.org

9 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска пачаліся спрэчкі бакоў па "справе студэнтаў".

Нагадаем, студэнтак і студэнтаў сталічных ВНУ Ксенію СырамалотЯгора КанецкагаІллю ТрахтэнбергаТаццяну ЕкельчыкКасю БудзькоЯну АрабейкаВікторыю ГранкоўскуюАнастасію БулыбенкаМарыю КаленікГлеба Фіцнера, выпускніцу БДМУ Алану Гебрэмарыям і выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). 

З усіх фігурантаў справы сваю віну прызнае толькі Глеб Фіцнер, астатнія настойваюць на сваёй невінаватасці

Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляюць Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.

Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".

«Хацелася б пабачыць доказы». На працэсе па «справе студэнтаў» скончаны допыт абвінавачаных

7 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска працягнуўся допыт абвінавачаных па «справе студэнтаў».

Для Фіцнера абвінавачванне запрасіла два гады калоніі, для ўсіх астатніх фігурантаў справы – два з паловай 

На пачатку пасяджэння бокам абароны быў заяўлены шэраг хадайніцтваў, у тым ліку аб далучэнні да справы пісьмовых паказанняў Ксеніі Сырамалот, некаторых скрыншотаў з боку Аланы Гебрэмарыям.

Дзяржабвінаваўца зачытала абвінавачванне з пералікам дат і спосабаў парушэння функцыянавання розных ВНУ, у тым ліку згадвае страйк і зрыў заняткаў выкладчыкамі, парушэнне правілаў унутраных распарадкаў устаноў, "дэстабілізацыю клімату". Усе названыя дзеянні бокам абвінавачвання расцэньваюцца як дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Дапытанымі ў судзе сведкамі адзначалася найбольш актыўная роля ў акцыях Гранкоўская, Каленік, Екельчык, Трахтэнберга. Так, рэктар МДЛУ Наталля Лапцева заявіла, што на тэрыторыі ўстановы праходзілі мерапрыемствы, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама ствараліся перашкоды руху, зрыў вучэбных заняткаў:

"Студэнты павінны былі слухаць загады, распараджэнні і ўказанні дэканаў і старастаў".

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што віна па ч. 1 арт. 342 КК РБ ўстаноўленая. Зачытваюцца "доказы віны для кожнага фігуранта" справы.

Са слоў пракурора, Вікторыя Гранкоўская арганізоўвала і актыўна ўдзельнічала ў акцыях, якія праводзіліся на тэрыторыі БНТУ. Таксама, яна заклікала студэнтаў да акцый і ўдзельнічала ў закрытым чаце "Честного университета".

Ася Булыбенка рэгулявала акцыі на тэрыторыі ўніверсітэта.

Марыя Каленік не менш за тры разы правяла акцыі, таксама з'яўлялася ўдзельніцай зум-канферэнцый, дзе арганізоўваліся акцыі.

У спісе выкладчыкаў БДУІР, якія далучыліся да страйку, прысутнічае імя Вольгі Філатчанкавай.

Ілля Трахтэнберг прымаў удзел у забастоўцы на Мехмаце, сваімі дзеяннямі падпіхваў іншых студэнтаў на ўдзел у забастоўцы.

Бок абвінавачвання просіць прызнаць ўсіх фігурантаў справы вінаватымі і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Выключэнне складае Глеб Фіцнер, для якога пракурор запрасіла два гады пазбаўлення волі.

У спрэчках бокоў выступілі адвакаты

Абарона Іллі Трахтэнберга лічыць, што ніякіх дзеянняў, прадугледжаных арт. 342 КК, хлопец не здзяйсняў, яго віна ў судзе не даказаная. Ёсць пацверджанне актыўнага ўдзелу палітвязня ў акцыях, але фігурантам справы ставіцца арганізацыя, якая нічым не пацверджаная. На думку адваката, усё абвінавачванне можна апісаць адным словам – "здагадка". Але прысуд не можа быць заснаваны на здагадках.

Не было ніякіх зрываў або адмены заняткаў, а палітвязні не адносяцца наўпрост да прадмета абвінавачвання.

Абарона робіць акцэнт на моманце з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады: пры гэтым адміністрацыя і ахова ВНУ не трапляюць пад гэтае вызначэнне.

"Таму невыкананне іх патрабаванняў не трапляе пад гэты артыкул", – перакананы адвакат.

Іллю было незаконна прыцягваць нават да дысцыплінарнай адказнасці, а да крымінальнай – тым больш. Абаронца адзначае, што абвінавачаныя не былі знаёмыя паміж сабой, што робіць немагчымым факт змовы.

Таксама кажа, што незразумела, як студэнты маглі заклікаць да санкцый ЗША.

"Хіба студэнты маглі прадумаць такі план? Хіба 19-гадовы студэнт здольны на яго рэалізацыю? І ў прынцыпе, санкцыі і заклікі да іх сталі з'яўляцца ўжо пасля іх арышту", – разважае адвакат.

Было парушана права Трахтэнберга на абарону, бо на першы допыт Іллі запрасілі адваката, які патрапіўся першым.

З нагоды ўдзелу ў зум-канферэнцыі, абаронца адзначае, што ў справе ёсць толькі скрыншот, а ўдзел у канферэнцыі Ціханоўскай не з'яўляецца падставай для абвінавачвання.

"Такіх арганізатараў, як мой падабаронны, можна набраць, умоўна кажучы, тысячу чалавек", – разважае абаронца.

Кажа, што любое дзеянне любой асобы можа быць расцэнена як палітычна матываванае, хоць у Іллі ніякіх такіх мэтаў не было.

"Вывучаючы чат Мехмата [ММФ БДУ], становіцца зразумела, што Ілля проста ўдзельнічаў у абмеркаванні. Гэтак жа, як і іншыя ўдзельнікі. Але пры гэтым яны не сядзяць на лаве падсудных за гэтыя паведамленні. Следства забылася спытаць ва ўдзельнікаў акцый, як яны расцэньвалі паведамленні Іллі, і ці дакладна менавіта яны заахвоцілі іх паўдзельнічаць", – пакрэсліў бок абароны.

Адміністрацыя БДУ не змагла адказаць на пытанне, чаму Іллю Трахтэнберга не азнаёмілі з ПВР. Зрыву заняткаў, па іх словах, не было. Як не было лідараў у акцый: са слоў дэкана, Ілля і Таня Екельчык проста актыўна ўдзельнічалі.

Пісьмовыя паказанні большасці сведак нельга прызнаваць сапраўднымі, таму што яны разыходзяцца з тым, што яны казалі ў судзе. Пры гэтым, сведкі нават не змаглі растлумачыць, чаму іх паказанні пачалі так адрознівацца.

"Ілля не вінаваты ў тым, у чым яго абвінавачваюць. Ён вінаваты толькі ў тым, што быў за абарону правоў.

Ад далейшага лёсу гэтых маладых людзей залежыць і наш з вамі", – прыходзіць да высновы адвакат.

Абаронца просіць проста ўжываць закон і апраўдаць Іллю Трахтэнберга.

Адвакат Глеба Фіцнера мяркуе, што не ўвесь аб'ём абвінавачвання знайшоў пацвярджэнне ў ходзе следства, а само яно не ўтрымлівае апісання супрацьпраўных дзеянняў за жнівень 2020 года, хоць у разгляданы ў абвінавачванні перыяд здзяйснення злачынстваў пачынаецца са жніўня. Абаронца просіць выключыць з абвінавачвання перыяд да 20 верасня 2020 года, а таксама выключыць інфармацыю аб матэрыяльным забеспячэнні ўдзельнікаў акцый, абмеркаванні планаў супраціву органам улады, абмеркаванні санкцый і блакаванні праходаў і лесвіц у сценах універсітэта як тыя, што не знайшлі свайго пацверджання ў судовым следстве.

Адвакат просіць змякчыць пакаранне для Глеба Фіцнера да аднаго года пазбаўлення волі [з улікам пераліку тэрміну ўтрымання ў СІЗА, 1 год пазбаўлення волі скончыцца ў панядзелак 12 ліпеня].

Абаронца Вольгі Філатчанкавай адзначае, што выкладчыца сваю віну не прызнае, яна ведала, што студэнты маглі збірацца на пераменах.

"Дарэчы, студэнты заўсёды збіраюцца на ганку на перапынку, таму што там знаходзіцца месца для палення. Там яна магла пагаварыць са студэнтамі і папаліць. Крымінальную адказнасць па гэтым артыкуле нясуць дзеянні менавіта груба парушаючыя грамадскі парадак, але ў абвінавачванні няма пацверджання адносна такіх дзеянняў Вольгі. Кажучы пра канферэнцыю, там ёсць толькі абмеркаванне спосабаў мірнага адлюстравання свайго меркавання.

На працоўны працэс падабароннай заявы сваёй пазіцыі ёю не паўплывалі".

Адвакат просіць таксама ацаніць факты пра асобу Вольгі і ўлічыць, што ў яе малалетняе дзіця:

"Вольга не ўяўляе ніякай небяспекі для грамадства, пры гэтым ужо доўгі тэрмін знаходзіцца ў больш жорсткіх умовах, чым простае пазбаўленне волі".

Абаронца просіць суд улічыць усе гэтыя абставіны і вызваліць яе з-пад варты.

Адвакат Анастасіі Булыбенка заявіў, што падтрымлівае сваю падабаронную ў частцы непрызнання ёю віны. Ён лічыць, што следства не зрабіла ўсіх патрэбных ад іх мер, а абвінавачванне пабудавана на здагадках. У дзеяннях Асі адсутнічаў факт злачынства. На страйк Булыбенка паўплываць не магла, таму што была затрыманая яшчэ за дзевяць дзён да яго.

Фактычна, студэнты збіраліся на перапынках, г. зн. у свой вольны час, разыходзіліся самі, зрыву заняткаў не было. Гэта пацвярджалі і сведкі ад БНТУ. Віна Асі не даказаная, таму што дзеянняў, што ставяцца ёй у віну, яна не здзяйсняла.

У лісце адміністрацыі БНТУ ад 10 лістапада 2020 года пазначаныя тры акцыі, якія, на іх думку, груба парушаюць парадак. Пры гэтым, акцыя, дзе ўдзельнічала Ася, да іх не адносіцца.

Бокам абвінавачвання не прадстаўлена ніводнага сведкі, які б сказаў, што выйшаў на акцыю ў сувязі з паведамленнямі Асі. Абаронца ўказвае, што Ася ўдзельнічала ў масавых мерапрыемствах, а ў  страйку ўдзел прымаць не магла ў сувязі з адміністрацыйным арыштам.

Бок абароны кажа, што Ася выступала супраць гвалту, і гэта не можа крымінальна карацца:

"Акцыі праходзілі таксама як рэакцыя на падзеі 4 верасня, калі ў МДЛУ былі жорсткія затрыманні ў сценах універсітэта.

Падабаронная знаёмая толькі з Вікай і Іллём, больш ні з кім, што азначае – ні пра якую змову гаворкі быць не можа".

Анастасія паехала для падпісання яўкі з павіннай пасля ператрусу толькі таму, што ў яе не было іншага выбару. Следчая дапамагала ёй фармуляваць выразы, г. зн. яўка з павіннай была як допыт, а для допыту павінен быў быць прадастаўлены абаронца. Але яго не было. Прымаючы гэта да ўвагі, адвакат просіць прызнаць яўку з павіннай несапраўднай.

Да арганізацыі акцый падабаронная не мае дачынення.

"І наогул, што яны павінны былі такое арганізаваць, каб гэта кваліфікавалася крымінальным артыкулам?" – задаецца пытаннем адвакат.

Яна згодная з калегамі, якія перакананыя, што "за гэтымі людзьмі будучыня", і просіць апраўдаць Анастасію Булыбенка.

На думку адваката Ягора Канецкага, абвінавачванне палітвязня з'яўляецца неабгрунтаваным: у ім утрымліваюцца толькі абагульненыя фармулёўкі, што пазбаўляе магчымасці як пацвердзіць іх, так і абвергнуць.

Адвакат указвае на наяўнасць арфаграфічных і маўленчых памылак у пастанове.

Паводле абвінавачвання, змест дзеянняў, якія груба парушаюць парадак, – гэта свіст, спевы песень, а адвакат нават не можа ўявіць сабе сітуацыю, калі песні могуць быць крымінальна каральныя.

Указвае, што няяўка студэнтаў на занятак, на жаль, з'ява частая, але гэта можа стаць прычынай максімум для дысцыплінарнага спагнання, але ніяк не крымінальнага пераследу.

Фактаў зрыву заняткаў і блакавання праходаў у будынкі ВНУ не ўстаноўлена. Немагчымасць праходу была толькі ў сувязі з перакрыццём уваходу прадстаўнікамі сілавых структур.

Паводле абвінавачання, дзеянні непасрэдна Ягора заключаліся ў пастах на каналах "БГУ Роща 97" і "БДУ асацыяцыя 97". Следства сцвярджае, што палітвязень размяшчаў інфармацыю пра страйк, але пры гэтым няма дадзеных ні аб часе размяшчэння, ні аб дакладным змесце такіх пастоў. Пры вывучэнні тэлефона Канецкага наогул не было знойдзена такога канала, як "БГУ Роща 97".

Папярэдняя змова, на думку абароны, таксама не даказаная: Ягор Канецкі чуў пра Іллю і Алану, але быў знаёмы толькі з Ксеніяй, астатніх абвінавачаных – не ведаў.

Адвакат сцвярджае, што абвінавачванне грунтуецца на падмене паняццяў. У справе няма яўкі з павіннай, пра якую ёсць згадка. Падчас дачы паказанняў ні разу Ягор не згадваў сваёй датычнасці да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць парадак.

Абарона лічыць, што віна Ягора не выяўлена як у 36 тамах справы, так і на працягу пасяджэнняў. Кажа, што некалькі збянтэжаная мерай, якую абраў бок абвінавачвання для яе падабароннага, і не можа прыняць гэтак "неабгрунтавана строгага рашэння для таленавітага маладога юнака, які пажадаў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і не змог застацца абыякавым да падзей жыцця грамадзянскай супольнасці".

Яшчэ раз просіць пастанавіць справядлівы і законны прысуд, які, на яе погляд, можа быць толькі апраўдальным.

Абарона Касі Будзько таксама настойвае, што віна дзяўчыны не даказаная. Кася была знаёмая толькі з Янай Арабейка і ўскосна з Ксеніяй Сырамалот.

"Аб якой змове можа быць гаворка, калі яна пра астатніх даведалася толькі ўжо пасля завядзення крымінальнай справы?" – пытаецца адвакат.

Кася ўдзельнічала толькі ў адной акцыі сумесна з Янай, але няма доказаў аб іх узаемадзеянні па пытаннях іншых акцый і размяшчэння інфармацыі пра іх. Тэхніка Касі была старанна дагледжаная, але пацверджанняў, што яна была адміністратарам нейкага з чатаў, так і не было знойдзена. Акрамя факту наяўнасці ў Касі ўлётак, следства не валодае доказамі, што яна іх стварала або распаўсюджвала.

Да акцый па-за БДПУ Кася дачынення не мае, а самі акцыі, адзначае адвакат, у прынцыпе не могуць разглядацца па ч. 1 арт. 342 КК. З відэаматэрыялаў бачна, што ўдзельнікі імкнуцца максімальна не загароджваць праход, расступацца, а самі акцыі праводзяцца на перапынках.

Згодна з заканадаўствам, асоба, якая ўчыніла злачынства, лічыцца невінаватай, пакуль яе вінаватасць не была даказаная. Абаронца просіць для Касі Будзько апраўдальны прысуд.

Адвакат Марыі Каленік кажа, што яго падабаронная віну не прызнала і да пачатку навучальнага года ні ў якіх акцыя на тэрыторыі БДАІ не ўдзельнічала. Сцвярджае, што да арганізацыі акцый яна таксама дачынення не мае, ні з кім з абвінавачаных не знаёмая.

Марыі Каленік прапанавалі быць адміністратарам телеграм-канала, яна пагадзілася, але інфармацыю пра акцыі не публікавала. Незадоўга да затрымання яе запрасілі ў чат "Честный университет", дзяўчына таксама пагадзілася.

Абаронца сцвярджае, што прадстаўнікамі дзяржабвінавачання наогул не дадзеная ацэнка яўкі з павіннай і, па сутнасці, яна не змяшчае доказаў віны.

Пры гэтым у зум-канферэнцыях не было абмеркавання акцый, і няма доказаў таго, што ў чатах, прыведзеных у справе, ёсць заклікі да ўдзелу ў акцыях або выхаду на страйк.

Акцыі, якія праходзілі ў БДАМ, не прыводзілі да зрыву заняткаў. Прэтэнзій па якасці і колькасці прадастаўляемых ВНУ адукацыйных паслуг не было. Правілы ўнутранага распарадку БДАІ пачалі ўтрымліваць пункт пра масавыя мерапрыемствы толькі з 7 кастрычніка 2020. Няма доказаў, што Каленік была азнаёмленая з абнаўленнямі ў ПУР.

Ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з боку Марыі не было. Абвінавачванне не змагло знайсці ні аднаго пацярпелага ад дзеянняў студэнтаў у ходзе акцый. Таксама няма фактаў, якія пацвярджаюць, што Марыя Каленік кіравала чыімі-небудзь дзеяннямі. Абаронца прасіў суд цалкам апраўдаць палітзняволеную.

Адвакат Яны Арабейка сцвярджае, што з боку дзяўчыны не было дзеянняў, якія можна кваліфікаваць паводле арт. 342 КК. Канкрэтных заклікаў да такіх дзеянняў ад яе следства таксама не ўказала.

Няма пацверджання, што Яна ўдзельнічала ў канферэнцыі 7 лістапада 2020 года, а толькі па ўдзелу ў канферэнцыі нельга сцвярджаць аб змове фігурантаў справы. Арганізацыі акцый з яе боку не прасочваецца.

Адвакат перакананы, што арганізатарамі Яна з Касяй не з'яўляліся. Акрамя таго, зрыву навучальнага працэсу не было, функцыянаванне ўстановы адукацыі парушана не было.

"Акцыі можна аднесці толькі да адміністрацыйнай адказнасці, а не крымінальнай", – сцвярджае адвакат.

Абаронца нагадвае, што аўтарам шэрагу фармулёвак у паказаннях сведкаў быў следчы. Ён просіць вынесці для Яны Арабейка апраўдальны прысуд.

Судовае пасяджэнне працягнецца ў панядзелак – 12 ліпеня ў 10:30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства