viasna on patreon

"Таму і па сотні іншых прычын маім апошнім словам будзе – свабода". Палітвязні па "справе студэнтаў" выступілі з апошнім словам

2021 2021-07-12T23:00:32+0300 2021-07-12T23:20:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/studenty_in_prison_.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Калаж з сайта dumka.me

Калаж з сайта dumka.me

12 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска прайшлі спрэчкі бакоў у працэсе па "справе студэнтаў", пасля чаго палітвязні выступілі з апошнім словам.

"Прад'яўленае абвінавачванне складана разабраць нават юрысту". У судзе па "справе студэнтаў" працягнуліся спрэчкі бакоў

12 ліпеня ў судзе Савецкага раёна г. Мінска працягваюцца спрэчкі бакоў у працэсе па "справе студэнтаў".

Ілля Трахтэнберг у сваім апошнім слове адзначаў, што абвінавачванні ў яго дачыненні маюць вялікую колькасць працэсуальных парушэнняў, "а значыць не могуць мець юрыдычную сілу і з'яўляцца доказам па крымінальнай справе". Ён не лічыць свае дзеянні злачынствам.

Абвінавачаны зачытваў фармулёўкі са справы: указваў час пачатку акцый, кропку збору, рэкамендацыі па пропуску заняткаў, удзельнічаў у страйку.

"Дзе тут ідзе гаворка пра дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак? Знойдзеныя на маіх прыладах перапіскі, фатаграфіі, відэазапісы таксама не пацвярджаюць тэорыі следства, а пацвярджаюць мае словы пра тое, да чаго я сапраўды датычны. Абаронца падрабязна аргументаваў і абгрунтаваў адсутнасць у маіх дзеяннях складу злачынства з пункту гледжання прававых нормаў і здаровага сэнсу", – заявіў Ілля.

Не было фактычнага пацверджання яго дзеянняў і па папярэдняй змове.

"У чым жа тады матыў ва утрыманні пад вартай студэнтаў і выкладчыкаў з розных устаноў і ўзбуджэнні крымінальнай справы як такіх? Я думаю, што мэта такая: вось, маўляў, купка злодзееў запудрыла вам мазгі, прымусіла дзейнічаць згодна нейкаму злачыннаму плану, а самі вы не здольныя арганізавацца і пра нешта заявіць".

Ілля Трахтэнберг сказаў, што лічыць крымінальную справу выключна палітычна матываванай, а мець свае погляды і перакананні – гэта нармальна.

"Я адкрыта выказваў сваё меркаванне. Незалежна ад таго, што мяне чакае, я застануся вольным чалавекам, таму што я магу самастойна думаць і прымаць рашэнні".

Палітвязень падзякаваў родным і блізкім, і ўсіх неабыякавым, што яго падтрымлівалі ўвесь гэты час, і пажадаў поспеху ўсім астатнім фігурантам справы.


Вольга Філатчанкава прамаўляла апошняе слова на беларускай мове. Яна дзякуе ўсім, хто яе падтрымлівае:

"Я адчуваю вашу любоў кожную хвіліну, і менавіта яна дапамагла мне прайсці праз выпрабаванні лёсу, быць сёння тут з вамі і сумленна глядзець вам у вочы".

Палітзняволеная кажа, што ганарыцца тым, што мела магчымасць выкладаць у адным з лепшых універсітэтаў краіны, і "рабіла гэта не за грошы, а па сумленні".

"Сённяшнія студэнты – гэта будучыня нашай краіны. Я бачу ў іх велізарны патэнцыял: разумныя, сумленныя, смелыя, неабыякавыя маладыя людзі, зацікаўленыя ў тым, каб жыццё ў Беларусі было шчаслівым і свабодным".

Абвінавачаная спадзяецца, што наступіць дзень, калі ўсе змогуць жыць у новай, свабоднай краіне. Ёй вельмі шкада, што такія таленавітыя і смелыя людзі ўжо восем месяцаў правялі ў турме, не зрабіўшы нічога супрацьзаконнага, і пацярпелі толькі за тое, што не згодныя з той несправядлівасцю, якая адбываецца цяпер паўсюль.

"Я веру, што рана ці позна прыйдзе дзень, калі яны і мы ўсё зможам жыць у свабоднай і шчаслівай краіне, пабудаванай нашымі ўласнымі рукамі. У краіне, дзе талентам будзе адкрыты шлях, дзе сумленнасць, дабрыня і розум будзе шанавацца ў першую чаргу. Хочацца пажадаць, каб гэты час надышоў хутчэй".

Вольга Філатчанкава перадала прывітанне і падзяку сваім родным і сябрам. Яна таксама павіншавала сваю дачку Машу з надыходзячым Днём нараджэння і сказала, што абавязкова вернецца. Слухачы ў зале плакалі.


Анастасія Булыбенка ў сваім апошнім слове адзначала, што правяла восем месяцаў у СІЗА за тое, што імкнулася зацвердзіць правы і свабоды ўсіх грамадзян Беларусі, за тое, што жадала зрабіць краіну лепш.

Дзяўчына распавядае, што лета 2020 года падзяліла жыццё на «да» і «пасля».

"Я – беларуска. І я маю права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Карыстаючыся гэтым правам, я ніколі не выходзіла за рамкі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. І я не злачынца!"

Яна кажа, што ёй усяго 19 гадоў, але ёсць рэчы, для разумення якіх узрост не мае значэнне.

"Я выйшла не супраць улады, я выйшла супраць гвалту, знявагі, беззаконня і хлусні. Таму што мяне немагчыма прымусіць глядзець і не бачыць", – сказала Анастасія.

Яна таксама падкрэсліла:

"Мы будучыня! Мы пакаленне талерантнасці, свабоды і жадання змяніць свет да лепшага. І гэта не злачынства. Гэта мы!"

Пасля гэтага дзяўчына звярнулася да сваёй маме, падзякавала ёй і сказала:

"Я ведаю, што я ўсё зрабіла правільна. Мне ўсё яшчэ балюча, але мне ўжо не страшна. Я не веру людзям, але я ніколі не перастану верыць у людзей. Я ў зняволенні, але мая свабода ўнутры. У маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства і адзіны справядлівы прысуд будзе – апраўданне".


Ягор Канецкі адмовіўся ад апошняга слова.


Глеб Фіцнер яшчэ раз прызнаў сваю віну і прасіў не выносіць суровае пакаранне.


У апошнім слове Таццяны Якельчык сказала:

"Усе апісаныя і не апісаныя ў абвінавачванні дзеянні я рабіла згодна са сваімі сумленнем, неабыякавасцю і спачуваннем. Гэтыя ўчынкі не злачынныя. Ніколі сваімі дзеяннямі я не парушала заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

На лаве падсудных цяпер сядзяць вельмі таленавітыя і разумныя маладыя людзі. Яны ёсць і могуць стаць высакакласнымі спецыялістамі. За намі будучыня нашай краіны! Таму я прашу суд не пазбаўляць нас свабоды, даць магчымасць працягнуць атрыманне вышэйшай адукацыі. І я прашу вынесці адзіна верны апраўдальны прысуд".


Кася Будзько адзначыла, што ёй неўласціва выступаць на публіцы з маналогам, і загадзя просіла прабачэньня за тое, што будзе хвалявацца.

Адразу яна звярнулася да сваіх "так званых змоўшчыкаў":

"Сёння роўна восем месяцаў з дня арышту, і я хачу пажадаць усім вам шмат сіл, фізічнага і псіхічнага здароўя, і, вядома ж, свабоды!"

Яна таксама выказала хвалу ў адрас абвінавачаных за праяўленую стойкасць, сказала, што "ўсе вельмі цікавыя, разумныя і класныя маладзёны і павінны заставацца такімі ў далейшым, працягваць развівацца на злосць нягодам".

Кася Будзько адзначыла, што апошнія восем месяцаў моцна змянілі яе жыццё:

"Я ўбачыла ўсе заганы нашага грамадства адным махам і засталася пад вялікім уражаннем. Праз мяне прайшло столькі лёсаў, гісторый людзей, што часам становіцца страшна.

Мне здаецца, што наша грамадства баіцца праблем, часцяком закрывае на іх вочы. Думае, што яны вырашацца самі па сабе".

Дзяўчына разумее, што вырашаць усе гэтыя праблемы занадта доўга і складана, значна прасцей павесіць на нязгоднага цэтлік "злосны парушальнік", які заслугоўвае самага горшага стаўлення, і ізаляваць. Але чалавек вернецца з турмы яшчэ больш раззлаваным і няшчасным.

Кася адзначыла, што ёй крыўдна за тое, што адбываецца ў нашай краіне, што самыя годныя і перспектыўныя студэнты вымушаныя сядзець у турме.

"Але я люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі нават праз восем месяцаў у турме", – падкрэсліла Кася Будзько.

Дзяўчына сказала, што больш за ўсё перажывае за сваіх родных, блізкіх і сяброў, таму што яна адчувае сваю віну перад імі. Яна выказала ім сваю падзяку.


Сваё апошняе слова Марыя Каленік казала ціха:

"Мае бацькі выхоўвалі мяне чалавекам, які імкнецца да сумленнасці і справядлівасці. Мы вырашылі змагацца за сваю будучыню і будучыню іншых".

Дзяўчына падзякавала сваёй сям'і за падтрымку, сказала аб тым, што іх любіць. Дзякавала студэнтам Акадэміі мастацтваў, валанцёрам і ўсім, хто ёй пісаў лісты і словы салідарнасці.


Яна Арабейка звярнулася да "змоўшчыкаў" і прысутных "гасцей" у зале:

"Сёння я адзначаю восем месяцаў з дня нашага затрымання. 243 дня мы, 12 маладых людзей, якія падаюць надзеі, правялі ў СІЗА – у месцы паўзмроку, страху і жаху. Як ні дзіўна ў гэтым змроку былі прасветы, імгненні шчасця і радасці. І гэта стваралі людзі, блізкія, знаёмыя і тыя, каго мы не ведалі да таго самага лета".

Яна распавядала, з кім пазнаёмілася ў СІЗА, як яны размаўлялі, чаму вучылі адзін аднаго.

"Хтосьці навучыў мяне рабіць масачкі для твару з падручных сродкаў; хтосьці беспаспяхова спрабаваў навучыць мяне танцаваць. < ... > А хтосьці падарыў мне найлепшую віншавальную паштоўку з Днём нараджэння на свеце. Увогуле, гэта зусім розныя людзі, іх шмат, настолькі шмат, што я не змагу зараз расказаць пра ўсіх. І кожны з гэтых людзей – гэта надзея на тое, што лепшая будучыня магчыма. Кожнаму з іх я ўдзячная! За восем месяцаў я сустрэла шмат розных людзей з рознымі перавагамі, прынцыпамі і ідэаламі, рознымі лёсамі. І гэтыя восем месяцаў рэжымных мерапрыемстваў не змаглі пераканаць мяне ў тым, што страх бурыць давер і ўсё тое, без чаго не можа існаваць і функцыянаваць здаровае грамадства. Таму і па сотні іншых прычын маім апошнім словам будзе – свабода".


Аланы Гебрэмарыям сказала, што яна не разумее, як яе могуць вінаваціць у тым, у чым абвінавачваюць: у матэрыялах справы няма ніводнага фактычнага доказу; ні пра якую папярэднюю змову і гаворкі быць не можа, бо асабіста яна знаёмая толькі з Ксеніяй Сырамалот; яна ніколі і нікому не давала ніякіх указанняў, не размяркоўвала ролі, не планавала масавыя мерапрыемствы.

"Я дакладна не заклікала да парушэння грамадскага парадку і заўсёды выкарыстала фармулёўкі – "я лічу", "я думаю", "мне хацелася б". Ні пры якіх абставінах эфір Каардынацыйнага савета не можа быць расцэнены як кіраўніцтва да дзеяння".

Яна падкрэсліла:

"Я шчыра расказала ўсё, як было. Мне не было патрэбы хлусіць, хавацца. Я знаходзілася ў Беларусі і ніколі не хацела з'язджаць, перапісвалася з асабістага акаўнта з маім імём, фатаграфіяй".

Дзяўчына сказала, што з дзяцінства хацела прысвяціць сябе дапамозе людзям, таму абрала прафесію лекара.

"За свае рашэнні і выбары я адказвала сама, думала сваёй галавой, паступала па сумленні. Відавочна, я не магу і не павінна адказваць за чужыя ўчынкі, не маю маральнага права браць на сябе такую адказнасць

Я досыць мірны чалавек, і ў сілу розных жыццёвых абставін не прымаю абразаў, знявагі годнасці іншых. А дыскрымінацыя і распальвання варожасці па расе, рэлігіі, сацыяльнаму становішчу або іншых прыкметах – гэта роўна пераступіць праз усе мае прынцыпы. Для мяне важна заставацца чалавекам у розных сітуацыях".

Яна не прызнала сваёй віны і ні аб чым не шкадуе. Алана мяркуе, што ні пры якіх абставінах студэнты не павінны знаходзіцца ў турме або СІЗА, бо гэта шлях у нікуды. Яна пазнаёмілася з астатнімі фігурантамі справы на азнаямленні са справай і ацэньвае іх як разумных, крэатыўных і моцных духам людзей, сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Гебрэмарыям кажа, што ні яны, ні яна – не злачынцы, і не хацелі нічога дрэннага для сваёй краіны.

Дзяўчына лічыць прадстаўленыя доказы недастатковымі і неаб'ектыўнымі, а запытаны дзяржабвінаваўцам тэрмін – несуразмерным. Прасіла вынесці апраўдальны прысуд за недаказанасцю віны.

Алана падзякавала родным і сябрам за падтрымку, клопат і любоў, а таксама папрасіла прабачэння за тыя выпрабаванні, якія ім даводзіцца праходзіць з-за яе зняволення:

"Праўдзівыя толькі тыя, чые сэрцы б'юцца для ўсіх. Я ганаруся тым, што я беларуска. І што такіх вялікіх людзей сярод нас большасць".


У апошнім слове Ксеніі Сырамалот сказала, што бацькі вучылі яе не хлусіць, дапамагаць сябрам у бядзе, вучылі, што трэба шмат старанна вучыцца і працаваць, каб стаць добрым чалавекам. Яна ганарыцца сваімі бацькамі і тым, што яе выхавалі менавіта так.

"Мая сям'я – сапраўдныя героі для мяне", – сказала дзяўчына.

Ксенія адзначыла, што з матэрыялаў справы становіцца зразумела, што яна менавіта такая, якой выхавалі яе: творчая, спагадлівая, старанна вучыцца, добрая сяброўка. Аднак там не знайсці доказаў яе віны. Дзяўчына каментуе некаторыя моманты з абвінавачвання, якія "з'яўляюцца так званымі доказамі". Яна кажа, што ў яе знайшоўся б каментар да кожнага пункта з матэрыялаў справы, аднак, "па ўсёй бачнасці, гэта пустая трата часу".

Ксенія Сырамалот падкрэсліла:

"Калі вы, Высокі суд, у прыватнасці і Рэспубліка Беларусь, імём якой выносіцца абвінаваўчы прысуд, у цэлым, лічыце, што злачынна прытрымлівацца Канстытуцыі, злачынна не хлусіць, злачынна старанна вучыцца, злачынна дапамагаць людзям, злачынна тварыць, злачынна быць чалавекам, то я зразумею матывацыю любога абвінаваўчага прысуду. Я разумею, што восем месяцаў знаходзілася ў СІЗА і яшчэ 1,5 года буду знаходзіцца ў калоніі за ўсё мной вышэй названае.

Гэта справа паказальна ва ўсім. Я спынюся толькі на адным з аспектаў: калі калі-небудзь у шпіталі не знойдзецца лекараў, здольных аказаць належную дапамогу, калі апынецца, што ў школах засталіся толькі тыя настаўнікі, якія нудна пераказваюць падручнік, калі ўсе таленавітыя работнікі сферы IT будуць выбіраць замежныя кампаніі, а не беларускія, калі не застанецца здольных аналітыкаў, архітэктараў, навукоўцаў – ніхто не павінен пытацца, чаму так адбылося. Адказ перад вамі! Ён ва ўсім, што звязана з гэтай справай: у кайданках, у запыце абвінавачвання, у супярэчлівых паказаннях сведак. Ён у тым, што мы наогул знаходзімся тут, хоць павінны вучыцца, развівацца і будаваць лепшую будучыню".


Вікторыя Гранковской вельмі хвалявалася падчас сваёй прамовы. Яна падзякавала ўсім прысутным, сваёй сям'и, родным, сябрам і ўсім тым, хто падтрымліваў палітвязняў на працягу ўсяго гэтага часу. Падзеі жніўня 2020 года моцна паўплывалі на яе, яна баялася за сваё жыццё, жыццё сваіх родных і ўсіх беларусаў.

Дзяўчына спасылаецца на артыкул 33 Канстытуцыі, якім кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў і перакананняў і іх свабоднае выказванне.

"Але ў мінулым годзе, як і цяпер, у нас хацелі забраць гэта права. Сапраўдная крымінальная справа гэтаму прыклад. Я не магла і не буду мірыцца з неабгрунтаваным гвалтам у дачыненні да мірных грамадзян, закрываць на гэта вочы і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку.

Мая бабуля, якая выхоўвала нас з братам, заўсёды казала, што нельга трываць гвалт, прыніжэнне і хлусню ў сям'і. Беларусь для мяне –гэта дом, а людзі ў ёй – вялікая сям'я".

Яна падкрэсліла, што 2020 год паказаў, наколькі дружны народ. Дзяўчына вырашыла дапамагчы такім жа студэнтам, як яна сама.

"Я нікога не заклікала і ўжо тым больш не паказвала, што рабіць. Адзінае, за што я ўзялася – гэта быць пасярэднікам паміж студэнтамі і адміністрацыяй".

Дзяўчына стала адчуваць страх і безабароннасць. Вікторыя распавяла, што калі яе затрымалі 1 верасня на студэнцкім маршы, ніхто не звярнуў увагу, хоць яна крычала і клікала на дапамогу:

"Я ніколі не думала, што буду баяцца людзей у форме. Мой брат – афіцэр".

За тры гады навучання ў універсітэце Вікторыя часта чула:

"Пабольш бы такіх актыўных і мэтанакіраваных студэнтаў, як я. Але 2020 год паказаў адваротнае. Нас, 11 лепшых студэнтаў і аднаго выкладчыка, судзяць за тое, што мы не пабаяліся адкрыта сказаць «не» гвалту, «не» пагрозам, «не» адлічэнням, «не» звальненням і выказаць альтэрнатыўную кропку гледжання.

Нас судзяць за парушэнне ўнутраных правілаў універсітэта. Але пакаранне ў выглядзе васьмі месяцаў СІЗА – ужо занадта вялікая плата".

Вікторыя кажа, што нягледзячы на тое, што яна правяла восем месяцаў у зневажальных умовах утрымання, у поўным інфармацыйным вакууме, не атрымліваючы многіх лістоў ад сваякоў, ёй хочацца верыць, што яна і іншыя абвінавачаныя будуць пачутыя.

"Я таксама веру ў гонар, годнасць і справядлівасць людзей. Я не збіраюся прызнаваць тое, чаго не рабіла".

Звяртаючыся да суда, яна прасіла вынесці справядлівае рашэнне ў дачыненні да ўсіх фігурантаў судовага працэсу – апраўдальны прысуд.

Прысуд па справе будзе агучаны 16 ліпеня ў 11.30 гадзін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства