БХК звярнуўся ў Генпракуратуру з нагоды парушэнняў на Акрэсціна
19 ліпеня Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў пракуратуру Мінска з нагоды праверкі ўмоў утрымання ў ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама законнасці ўвядзення абмежаванні на прыём перадач для затрыманых і якія адбываюць адміністрацыйны арышт. Праваабаронцы прасілі пракуратуру прыняць у межах кампетэнцыі неабходныя меры пракурорскага рэагавання (у прыватнасці, адмяніць як незаконнае абмежаванне прыёму перадач), а таксама правесці праверку ўмоў утрымання адміністрацыйна затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных асоб у ІЧУ і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама.
Пракуратура Мінска пакінула гэты зварот без разгляду па сутнасці.
Паводле адказу, падпісанага начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Мінска Уладзімірам Крукоўскім, БХК не можа ставіць падобныя пытанні ў сваіх зваротах, паколькі ў яго няма паўнамоцтваў накіроўваць звароты ў інтарэсах грамадзян (заўвага БХК — суадносна з арт. 20 Закона «Аб грамадскіх аб'яднаннях» усё працуе не так).
У адказ на гэтую адпіску Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў Генеральную пракуратуру.
У сваім звароце праваабаронцы адзначаюць, што на іх думку "пракуратура г.Мінска ўхіляецца ад выканання асноўных задач, ускладзеных на яе дзяржавай, – а менавіта: забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў".
БХК просіць Генпракуратуру:
- прызнаць адказ пракуратуры Мінска незаконным і неабгрунтаваным;
- абавязаць ніжэйстаячую пракуратуру: разгледзець па сутнасці зварот БХК, правесці праверку ўмоў утрымання адміністрацыйна арыштаваных і адміністрацыйна затрыманых асоб у ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама; правесці праверку на прадмет законнасці прынятага рашэння аб абмежаванні прыёму перадач да аднаго разу на тыдзень; прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання па ліквідацыі парушэнняў законнасці ў названых установах; прыцягнуць да ўстаноўленай законам адказнасці асоб, вінаватых у парушэнні законнасці;
- прыняць меры ў дачыненні да службовых асоб пракуратуры Мінска, якія ўхіляюцца ад разгляду звароту па сутнасці, што супярэчыць заканадаўству і патурае працягванню парушэння правоў грамадзян.
Нагадаем, што ў гэтыя ж дні, адказваючы на пытанне журналіста, як спыніць катаванні на Акрэсціна, прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў, паведаміў: "Мы, безумоўна, таксама адсочваем сродкі масавай інфармацыі, і магу падзякаваць Вам за гэты маячок, звернем увагу. Але калі журналіст звяртаецца — гэта крыху не тое. Зараз любую інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў. А закон аб звароце грамадзян ніхто не адмяняў, ён працуе. І той, хто канкрэтна пацярпеў, можа накіраваць зварот у адпаведныя органы. Іншае пытанне, чаму не адпраўляе. Не хоча ці няма падстаў? Трэба разбірацца... Я, вядома, паведамлю пра гэта сваім калегам, якія нагляд ажыццяўляюць. Але і самі людзі павінны паказаць, калі, у які перыяд часу, што ім не далі, у чым канкрэтна парушылі іх правы".
За гэтым журналісты zerkalo.io апублікавалі гісторыі людзей, якія пісалі скаргі на ўмовы ўтрымання ў Мінску і Жодзіне: па гэтых скаргах таксама нічога не было зроблена.
P.S. У сваю чаргу, БХК рэкамендуе грамадзянам, якія былі на Акрэсціна і сутыкнуліся з невыноснымі ўмовамі, пісаць скаргі ў пракуратуру і патрабаваць правесці праверку адпаведнасці закону ўмоў утрымання.
Таксама БХК звяртае ўвагу, што заяўнік мае права знаёміцца з матэрыяламі праверкі па сваёй скарзе. Праваабаронцы рэкамендуюць карыстацца гэтым правам, каб разумець, ці была праверка: для гэтага, напрыклад, можна звярнуцца з пісьмовым запытам аб тым, дзе і ў якім парадку можна азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. На такі запыт павінен быць афіцыйны адказ.
У выпадку грубых парушэнняў, у тым ліку прымянення фізічнага гвалту, варта патрабаваць распачынання крымінальнай справы.
БХК гатовы дапамагчы з складаннем падобных скаргаў. З падобнай просьбай можна звярнуцца на office@belhelcom.org