viasna on patreon

Затрыманні, новыя абвінавачанні, заблакаваныя сайты: хроніка пераследу ў Беларусі 18-21 снежня

2021 2021-12-21T18:25:04+0300 2021-12-21T18:29:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kapucki_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Капуцкі

Алесь Капуцкі

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца і 18-21 снежня: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

15 сутак — праваабаронцы

17 снежня у Маладзечне быў затрыманы праваабаронца “Вясны” Алесь Капуцкі. Абставіны затрымання невядомы. Выходныя ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а ў панядзелак 20 снежня яго асудзілі на 15 сутак арышту па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Навагоднія святы праваабронца правядзе за кратамі.

25 сутак — гаспадару бел-чырвона-белай хаты

У Полацку на 25 сутак па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) асудзілі гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка. Яму пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе яе. Жыхар Полацка Анатоль Каханчык быў затрыманы, калі прыйшоў па позве ў міліцыю. Па папярэдняй інфармацыі, ён трымае сухую галадоўку. 

Нагадаем, год таму жыхар Полацка пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценак дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. Праз пэўны час яго асудзілі за гэта як за правядзенне несанкцыянаванага пікету, а потым сталі пагражаць крымінальнай справай як за нібыта злоснае хуліганства.

Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў

20 снежня стала вядома, што ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі тэлеграм-канал і чат палітыка Валерыя Цапкалы, тэлеграм-канал і ютуб палітыка Паўла Латушкі, сацыяльныя сеткі “Народнага антыкрызіснага ўпраўлення”, тэлеграм Каардынацыйнай рады.

У Беларусі знік доступ да сайта "Гомельскай Вясны"

У карыстальнікаў з Беларусі перастаў адкрывацца сайт «Гомельскай Вясны». Зайсці на яго можна толькі з дапамогай VPN. Чытаць навіны ад гомельскіх праваабаронцаў можна ў іх тэлеграм-канале. Таксама былі заблакаваныя сайты газет «Свободные новости Плюс» і «Витебский Курьер news»

Палітзняволенай Сафіі Сапега выставілі канчатковае абвінавачанне па сямі артыкулах

Палітзняволенай грамадзянцы РФ Сафіі Сапега прад'яўлена канчатковае абвінавачанне па сямі артыкулах

  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб);
  • ч. 4 арт. 16 і 364 (арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да міліцыянтаў);
  • ч. 4 арт. 16 і 365 (пагрозы, паклёп ці распаўсюд звестак пра міліцыянтаў);
  • ч. 4 арт. 16 і 366 (арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да службовых асоб);
  • ч. 4 арт. 16 і 389 (арганізацыя пагрозы забойствам ці гвалту ў дачыненні да суддзяў);
  • ч. 4 арт. 16 і 198 (перашкода дзейнасці журналістаў з пагрозай ужывання гвалту);
  • ч. 1 і 2 арт. 203-1 (наўмысны збор інфармацыі і персанальных звестак іншай асобы).

Яе справа перададзена пракурору для накіравання ў суд

Вядома, што яна напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. «Нейкае рашэнне можа быць прынятае толькі пасля суда. Але мы ўсё ж такі спадзяёмся на памілаванне Лукашэнкам. Я ведаю, што Сафія напісала прашэнне аб памілаванні. Будзем чакаць», — паведаміў айчым дзяўчыны Сяргей Дудзіч у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Палітвязень Эдуард Бабарыка — падазраваны па новай крымінальнай справе

Яму можа пагражаць да 20 гадоў калоніі. Паводле папярэдняй інфармацыі тэлеграм-канала Віктара Бабарыкі, палітвязень не выйшаў на свабоду пасля заканчэння 18 месяцаў утрыманьня пад вартай па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, так як цяпер ён з'яўляецца падазраваным па новай крымінальнай справе.

У чым падазраецца Эдуард:

  • ч.3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч.1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Абвінавачанне яму яшчэ не прад'яўлена.

Адвакат Ілля Салей даў каментар тэлеканалу "Дождь": 

— На сённяшні момант гэта толькі папярэдняя інфармацыя. Абвінавачванне не прад'яўленае. Статус Эдуарда па крымінальнай справе, звязанай з меркаваным ухіленнем ад выплаты падаткаў таксама застаецца невядомым. Чакаем афіцыйных каментароў СК, пракуратуры і адвакатаў.

Затрыманні студэнтаў

Стала вядома, што 20 снежня быў затрыманы студэнт юрфака БДУ Ілля Сіўцоў. Хлопца выклікалі на факультэт для таго, каб напісаць тлумачальную, але дахаты ён так і не вярнуўся. Зараз Ілля чакае суд на Акрэсціна. 

"Нашай Ніве" таксама стала вядома пра ранейшыя затрыманні студэнтаў у сераду, 15 снежня. Так, 20-гадовага студэнта Інстытута бізнэсу БДУ Данілы Дарафеева. У «пакаянным відэа», якое апублікавалі праўладныя каналы, студэнт кажа, што стаяў у счэпках і ўдзельнічаў у галасаванні за план «Перамога». Наколькі вядома, справу завялі па 342 артыкуле. «Цяпер ён на Акрэсціна, на гэтым тыдні перавядуць на Валадарку. Трымаецца бадзёра. Адвакат сказаў, што ад двух да чатырох месяцаў усё адно будзе сядзець да суда», — тлумачаць сітуацыю родныя.

Таксама паведамляецца пра затрыманне за мінулагодні марш студэнтаў 22-гадовага Канстанціна Шульгі. Ён скончыў мінскі кулінарны каледж, працаваў і граў у аматарскім тэатры. У праўладных каналах напісалі, што хлопец перакрываў дарогі і блакаваў рух транспарту. У «пакаянным відэа» Канстанцін кажа, што быў падпісаны на экстрэмісцкія каналы, скідваў відэа. Па словах маці, сына будуць пераводзіць на Валадарку. Раней па пратэсных артыкулах хлопца не судзілі.

У Мазыры за здзек з дзяржаўнага сцяга затрымалі выхавацельку дзіцячага садка

У кастрычніку ў адным з тэлеграм-чатаў з'явілася фота, на якім чырвона-зялёны сцяг вісіць на кантэйнеры для смецця. Міліцыя высветліла, што дачыненне мае 50-гадовая жанчына, выхавацелька садка, якая павесіла сцяг на смеццевы кантэйнер і зрабіла фота. Супраць яе завялі крымінальную справу за здзек з дзяржаўнага сцяга. Жанчыну змясцілі ў ізалятар.

21 снежня ў Мінску таксама быў затрыманы Вячаслаў Курыльчык.

Ліквідацыя няўрадавых арганізацый працягваецца

Ліквідаваная чарговая няўрадавая арганізацыя — Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці. Пра гэта фонд паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства