viasna on patreon

«Мяне тут лічаць іншаземцам». Адміністрацыя калоніі цісне на палітвязня Алега Кулешу за беларускамоўнасць

2022 2022-02-14T16:31:55+0300 2022-02-21T09:15:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kulesha_aleh.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

50-гадовага пружанца Алега Кулешу асудзілі да 19 месяцаў калоніі па берасцейскай «справе карагодаў». За кратамі яго ўтрымліваюць ужо восем месяцаў. Палітвязня абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за падзеі 13 верасня 2020 года на Маршы герояў у Брэсце, калі пратэстоўцы на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а потым узбудзілі крымінальную справу. У пачатку лютага Алег даслаў на волю вялікі ліст, у якім распавёў, што адміністрацыя калоніі фактычна забараняе яму размаўляць на беларускай мове. За гэта яго нават выклікалі на размову, падчас якой казалі, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-расейску. «Вясна» публікуе вытрымкі з ліста палітвязня Кулешы і дзеліцца яго першым вершам, які ён напісаў падчас знаходжання ў СІЗА-7.

Алег Кулеша
Алег Кулеша

Алегу казалі, што ён ужывае неіснуючыя словы

«Каб вы толькі ведалі, як гэта хвалююча трымаць паштоўку альбо ліст са зваротам да сябе, асабліва на роднай мове. Шчыры вам дзякуй за тое! Тым больш, што паштоўка ваша першая, раней мне не прыходзілі. Мо я і паўтаруся, але за мову вельмі ўдзячны вам! Мае асяроддзе не ведае яе. Людзі, што побач, мяне не крыўдуюць за мову, нават маюць жаданне ведаць яе, што нельга сказаць пра іншы бок.

Мяне тут лічуць іншаземцам. Гэта вельмі смешна, але і вельмі сумна. Першая праверка валодання моваю, была ў выглядзе перакладу з рускай мовы слова «сковорода», потым мне нагадалі, што я карыстаюся неіснуючымі словамі: гадзіннік, напрыклад. Бо зараз такога слова не існуе, а на мой запыт, як жа павінна быць, адказалі: «Часы».

Але жарты скончыліся, калі мяне выклікалі на нейкую пасадную сустрэчу. Там ужо быў вымушаны весці справаздачу па-руску. У асаблівым выглядзе пазначылі мне, дзе я знаходжуся, і таму павінны карыстацца рускаю.Шкада толькі, што слоў забыўся, як павінна быць па-руску, таму чакаў падказак. Але знайшоўся нейкі жаўнер, які засутпіўся за мяне — то было прыемна».

У зняволенні палітвязень пачаў пісаць вершы

«У астатнім жыццё як жыццё. Стан здароўя нармальны, але дзякую, што пацікавіліся. Шмат чытаю, бібліятэка ёсць, шкада, што беларускамоўных амаль няма. Вось цяпер чытаю «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч. Захапіўся вершамі і мне гэта падабаецца. 

У СІЗА нават сам пачаў складаць вершы. Ня ведаю ці годныя яны, ці не, але адзіны дасылаю вам. Ён пра мясціны маёй радзімы, пра тое, што калі паглядзець у вочы зубровыя, то спасцігнем веліч нашай гісторыі і нашай мовы. Вось я яго так і назваў. 

Ліст Алега

Я маю разумення праз вільготныя зрэнкі зубры!

Як прасціна белага лою

Снег пакрыў па ўзгорках палі,

Я цябе запрашаю з сабою

У тэй кут, дзе вандруюць зубры.

Вунь яны капытом уздымаюць

Па ўзлеску сівой снегавы,

І як нібыта нас заклікаюць

У ту казку з часоў даўніны.

У тэм абшары, сярод сасён і зёлак,

Асілка позірк мо сустрэнеш ты

Праз зрэнкі зразумееш веліч зорак

Ад тых вякоў, што пражылі дзяды.

Але абудзяць продкаў мроі

Душу і сэрца да жыцця.

І покліч з нэтраў роднай мовы

Пачуеш з вуснаў дзяцюка».

Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці можна па адрасе:

ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1

Алегу Антонавічу Кулешу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства