Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN). А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.
(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).
Анонс праграмы на 15 сакавіка:
Праваабарончы слоўнік: Жыццё і ўдзел чалавека ў вайне, ваеннапалонныя і абыходжанне з імі — усё гэта рэгулюецца Міжнародным гуманітарным правам. Падрабязней з гэтым разбіраемся разам з праваабаронцай “Вясны” Наталляй Сацункевіч.
Падзея: Бежанцы… Украінка Ала Ярмолава пакінула Барыспаль пасля абстрэлу, а Маргарыта выехала з прыгарада Марыупаля разам з пяццю дзецьмі. А для Алісы Восіпавай гэта ўжо другая ў жыцці эвакуацыя — з Беларусі ад рэпрэсій і з Украіны ад вайны. Многія выехалі ў Польшчу, але Сейм адхіліў папраўку Сената, якая дазваляла беларусам, што ўцякаюць з Украіны, скарыстацца спецыяльным законам аб дапамозе бежанцам…
Асоба: Дар’я Траяновіч — беларуска, якая амаль 15 гадоў жыве ў Лондане. З Беларусі яна з’ехала праз недахоп асабістай свабоды і абароны — яна з’яўляецца прадстаўніцай ЛГБТ-супольнасці. У 2020 годзе Дар’я прыязджала на радзіму, каб дапамагаць у назіранні за выбарамі, а ў 2022-м яна адправілася на польска-ўкраінскую мяжу, каб дапамагаць бежанцам. У рубрыцы пачуем асабістую гісторыю Дар’і, яе лайфхак і пра сустрэчу з украінцамі, якія толькі-толькі выехалі з пекла.
Каментар: У Беластоку прайшло ўжо некалькі акцый падпісання паштовак палітвязням. Каму пішуць, што пішуць і ці прыходзяць адваротныя адказы? Распавядае арганізатарка акцыі Кацярына.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні жаночага гурта KRIWI. Яны збіраліся ладзіць канцэрт у гонар 25-годдзя свайго гурта. Але… вайна змяніла іх планы, а святочны канцэрт 8 сакавіка ператварыўся ў імпрэзу салідарнасці.
*Аўдыязапіс выпуску: