viasna on patreon

Маці палітвязня Дзяніса Сальмановіча: «Сын трымаецца, нягледзячы на тое што яму пагражае вялікі тэрмін»

2022 2022-04-22T13:52:13+0300 2022-04-22T15:46:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salmanovich_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс з былой жонкай і сястрычкай 8 гадоў таму

Дзяніс з былой жонкай і сястрычкай 8 гадоў таму

30-гадовага палітвязня Дзяніса Сальмановіча затрымалі паўгода назад. Яго назвалі «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кібер-партызан» і выставілі абвінавачанне ўжо мінімум паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 290, ч. 2 арт. 289 і ч. 2 арт. 130.

«Вясна» пагутарыла з мамай палітвязня Галінай Міхайлаўнай. Яна распавяла пра захапленні сына, дзень яго затрымання і ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і Валадарцы.

Хвароба, любоў да камп'ютараў і прынцыповасць

— Як і для любой маці, мой сын для мяне — найлепшы. Яму лёгка давалася вучоба ў школе, пяць класаў ён скончыў з ганаровай граматай. Але, на жаль, Дзяніс сур'ёзна захварэў, і наступныя пяць гадоў мы змагаліся за ягонае жыццё. Ён быў на хатнім навучанні, увесь час ляжаў у лякарнях. Яму нельга было ні з кім мець зносіны, каб не падхапіць інфекцыйнае захворванне.

Сыну цяжка давалася гэтая ізаляцыя, і, каб яму было камфортней знаходзіцца дома, мы купілі яму камп'ютар. Так за гады хваробы ён упусціў вучобу, але вельмі пасябраваў з тэхнікай. Ён навучыўся разбірацца ў ёй, збіраць і разбіраць, а таксама захапіўся камп'ютарнымі гульнямі. Праз іх ён знайшоў сабе сяброў у розных краінах: калі яны даведаліся, што здарылася з Дзянісам, адразу звязаліся са мной, увесь час тэлефануюць і падтрымліваюць мяне.

У юнацтве сын разам са стрыечнымі братамі захапіўся рэпам: яны складалі тэксты, зачытвалі іх і запісвалі на сваёй міні-студыі. Калі Дзяніс пачаў працаваць, сабраў яе для гэтага: набыў мікрафоны, навушнікі, іншае абсталяванне.

Дзяніс у вольны час любіў паганяць на ровары, мы часта выязджалі на прыроду з намётамі. Сын любіць жывёл. Наш кот пражыў з намі 13 гадоў, Дзяніс не чуў у ім душы. Калі сябра сям'і не стала, ён вельмі перажываў, угаворваў мяне зноў узяць кацяня. Але сын працаваў па 12 гадзін на дзень, а я ўвесь час была на лецішчы, таму мы так і не наважыліся.

І ў працы, і ў жыцці мой сын вельмі прынцыповы: не прамаўчыць, калі робяць несумленна, несправядліва. На працы ён заўсёды меў добрую рэпутацыю, але былі выпадкі, калі праз сваю прынцыповасць даводзілася мяняць працу — такіх не вельмі любяць.

COVID-19 падчас затрымання

— Усю тэхніку, якой ён даражыў, у яго забралі ў дзень затрымання: камп'ютар, абсталяванне рэп-студыі, прынтар, планшэт і тэлефон сястры. Усе ягоныя працы, усё, у што ён укладваў, забралі падчас ператрусу. Хаця я не ведаю, якую інфармацыю могуць захоўваць мышкі ці навушнікі.

У дзень затрымання яны былі дома з малодшай сястрой Юляй, на той момант яна была непаўнагадовай. Яны ўварваліся ў дом раніцай, пачалі абражаць дачку рознымі словамі, спрасонку яна нічога не зразумела. Яна чула, як гэтыя нелюдзі ўварваліся ў пакой да Дзяніса, а ён тады хварэў на каронавірус. Юля бачыла, як сына вывелі з пакоя ў майтках, і ён стаяў з тэмпературай басанож на халоднай плітцы на балконе, пакуль яны чынілі пагром у доме.

salmanovich_5.jpg
Пасля вобшукаў у маці засталося няшмат фотаздымкаў Дзяніса

Дачка распавядала, што некаторыя з іх былі нібы звяры, яна вельмі іх баялася. Але адзін з іх увесь час перакрываў шлях, каб ніхто яе не чапаў, і нават прапанаваў пакінуць яе дома, не забіраць у пастарунак. Але Юлю забралі разам з Дзянісам. Хоць яна трымаецца, я разумею, наколькі моцны стрэс яна адчула. Юля моцная па характары і не дала выгляду, што спалохалася.

Увесь гэты час я спрабавала датэлефанавацца да сына, каб дазнацца, як ягонае самаадчуванне, але ні ён, ні дачка не бралі трубку. Мае дзеці ведаюць, што адно не адказанае тэлефанаванне — і я пачынаю хвалявацца, таму яны заўсёды стараюцца адразу адказваць ці ператэлефаноўваць. І калі я ўжо набрала СМС сыну, запытала, як ягонае самаадчуванне, супрацоўнікі ГУБАЗіКа з ягонага тэлефона напісалі: «Я не магу размаўляць, мне не стае паветра, я задыхаюся». Як могуць людзі напісаць такое маці? Ад сяброўкі дачкі я даведалася, што Юля не прыйшла на занятак і не адказвае на тэлефанаванні. Юля вельмі адказная дзяўчынка, яна ніколі б не прапусціла заняткі проста так. Я патэлефанавала суседзям, ад іх я даведалася, што вельмі рана побач з нашым домам стаяў чорны бус.

Мы з мужам прыехалі ў дом, дзе ўсё было рассыпана і развалена, і ўжо тады мы пачалі шукаць дзяцей у Заводскім РУУС. Калі там даведаліся, што дачка непаўнагадовая, яны сапраўды хацелі дапамагчы, але ніхто не даваў ніякай інфармацыі. І толькі а палове на дзясятую вечара патэлефанавала Юля, якую пратрымалі цэлы дзень і выпусцілі. Яна расказала, што ўбачыла Дзяніса толькі адзін раз: яны прывялі яго аддаць ёй пусты гаманец. Я зразумела, навошта, толькі калі пабачыла «пакаяльнае» відэа з ім: яго прымусілі даць прызнавальныя паказанні, вось тады я і зразумела, дзеля чаго ім трэба было трымаць там маю дачку. У майго сына з дачкой дванаццаць гадоў розніца, ён вельмі любіць сваю сястрычку.

Калі мы прыехалі на лецішча, аказалася, што і там таксама быў ператрус: брамка ўзламаная, замкі збітыя, усюды пагром. Суседка расказала, што яны бегалі вакол цяпліц і прыбіральні з аўтаматамі, а Дзяніс ляжаў на халоднай зямлі, пакуль яны ўсё абшуквалі.

Бетонная падлога, падвальнае памяшканне і прусакі

— Пасля затрымання мы шукалі сына яшчэ два дні. На трэція суткі на Акрэсціна нам распавялі, што сын там, і нават узялі лекі ад кавіду. Але пазней мы дазналіся, што яны нічога яму не перадалі. Я даведалася, што ў іх забралі абутак і цёплае адзенне, і так практычна басанож яны стаялі на бетоннай падлозе. На жалезных нарах ляжаць было невыносна. А яны ўсе былі хворыя, з тэмпературай. І вось яны клаліся ўсе на гэтую бетонную падлогу, а ў цэнтр клалі таго, каму было горш за ўсіх, каб сагрэць яго. Калі яны прасілі лекі, пару разоў ім маглі кінуць цытрамон.

Першую перадачу мы змаглі адвезці яму, калі ён ужо быў на Валадарскага. Умовы там лепшыя, чым на Акрэсціна. Дзяніс сядзіць у падвальным памяшканні з маленькім акенцам, на 25 квадратных метраў прыходзіцца 24 чалавекі палова з іх палітычныя. Там бракуе паветра. Я ведаю, што яны падтрымліваюць адзін аднаго, дзеляцца перадачамі, адзеннем, лекамі. Цяпер, збіраючы перадачку, мы ўжо разлічваем, што яна для ўсіх. Нашы дзеці сядзяць у такіх нечалавечых умовах — за што?

З лістамі цяпер таксама праблемы. Яму не даходзяць лісты сяброў, а мы атрымалі ўчора першы ліст за месяц. Сыну лісты таксама даходзяць дрэнна. Я ведаю, якая гэта маральная падтрымка для іх! Калі хтосьці бачыў карціну ў дзіцячым садку, як дзеткі падбягаюць да Дзеда Мароза атрымаць падарунак такі самы настрой у хлопцаў у камеры, калі прыносяць лісты. Усе чакаюць, калі адчыняцца дзверы і ім прыйдзе ліст, а потым яны чытаюць уголас тыя, што даходзяць, каб падтрымаць і тых, каму нічога не дайшло. Таму трэба пісаць! Хай дойдзе хоць адзін ліст з дзесяці!

salmanovich_3.jpg
Віншаванне жанчынам з 8 сакавіка, якое Дзяніс даслаў з СІЗА
salmanovich_1.jpg
Ліст Дзяніса, які нядаўна атрымала ягоная сям'я

Дзяніс заўсёды клапаціўся пра мяне, хваляваўся. Калі яшчэ да ягонага затрымання ў ліпені мне пачалі тэлефанаваць з Заводскага РУУС і запрашаць для гутаркі, ён настойваў, каб я з'язджала. Але да апошняга я не верыла, што ў маім узросце мне давядзецца сутыкнуцца з усім гэтым. Калі сына затрымалі, я прыняла рашэнне з'ехаць, разумела, што хавацца я доўга не змагу і на волі я магу хоць неяк дапамагчы.

Дзяніс вельмі перажывае за сястру цяпер і нават спрабуе дамагчыся таго, каб следчы вярнуў ёй тэхніку. Аднаго разу ён нават напісаў мне, што рады, што яны хаця б паслухалі і вярнулі Юлі тэлефон, хоць насамрэч ёй ніхто нічога не аддаваў! Вось так яго падманваюць нават там. Але гэтаму не выпадае дзівіцца: у нас не засталося ніякіх дакументаў ці пратаколаў аб вынятых рэчах пасля ператрусаў, яны проста прыйшлі і абакралі нас. Я прасіла адваката атрымаць нейкія дакументы, але пакуль нічога. Больш не спрабую дазнацца нейкую інфармацыю ў адваката, таму што ён пад падпіскай і не можа нічога расказваць.

Я ведаю, што майго сына хочуць абвінаваціць паводле ч. 2 арт. 290, ч. 2 арт. 289 і ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Але яшчэ на Акрэсціна сын, ведаючы, які тэрмін яму пагражае, падтрымліваў хлопцаў, якія сапраўды былі спужаныя. Сын трымаецца, нягледзячы на тое што яму пагражае вялікі тэрмін. Хоць ён трохі скептык, таму настроены на горшае, каб потым не было расчаравання. Не так даўно хлопцы даведаліся праўду пра Украіну. Я ўвесь час нагадваю сыну ў лістах, што ўсе іх падтрымліваюць, ніхто на іх не забыўся, каб не вешалі нос.

Хлопцы расказваюць, што штодня прыводзяць новых «бчб-шнікаў», як яны называюць палітычных. Яны думаюць, што людзі на волі не ведаюць, што людзей затрымліваюць штодня і ўвесь СІЗА перапоўнены палітычнымі. Таму калі хтосьці думае, што ўсё заціхла, — гэта не так. Яны працягваюць пераследваць нашых дзяцей, родных, блізкіх, сяброў.

Так і ахвота ім сказаць:

О, БОЙТЕСЬ МАТЕРИНСКИХ СЛЁЗ:

ОНИ СИЛЬНЕЕ ВСЕХ ПРОКЛЯТИЙ.

ЗА НИХ НАКАЖЕТ САМ ГОСПОДЬ,

И ОТВЕРНЕТСЯ БОГОМАТЕРЬ!   

Падтрымаць Дзяніса лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і пасылкамі можна па адрасе: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Дзяніс Валянцінавіч Сальмановіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства