Кафкіянскія абвінавачванні ў адрас супрацоўнікаў «Вясны» напярэдадні яе 26-й гадавіны
Парыж-Жэнева-Осла, 25 красавіка 2022 года
У Мінскім гарадскім судзе пачынаюцца слуханні па справе супрацоўніцы «Вясны» Марфы Рабковай і валанцёра арганізацыі Андрэя Чапюка. Абвінавачванні ў дачыненні да іх палітычна матываваныя, палітвязням пагражае да 20 гадоў і 8 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Судовыя разгляды адбываюцца напярэдадні 26-й гадавіны заснавання праваабарончага цэнтру, ва ўмовах надзвычай жорсткіх рэпрэсій у Беларусі. Арганізацыі, што падпісалі зварот, яшчэ раз заяўляюць пра поўную падтрымку «Вясны» і заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх яе сябраў, а таксама ўсіх адвольна зняволеных у беларускіх турмах праваабаронцаў.
Сёння, 25 красавіка 2022 года, у Мінскім гарадскім судзе пачынаецца судовы працэс па справе каардынатаркі валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыі (Марфы) Рабковай і валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка. Яны былі адвольна затрыманыя 17 верасня 2020 года і 2 кастрычніка 2020 года адпаведна ў помсту за сваю мірную і законную праваабарончую дзейнасць. Марфа Рабкова заклікала валанцёраў займацца праваабарончай дзейнасцю, каардынавала назіранне за выбарамі і мірнымі акцыямі пратэсту, дапамагала збіраць і адносіць перадачы для палітвязняў. За апошнія 19 месяцаў утрымання пад вартай здароўе Марфы Рабковай рэзка пагоршылася праз адсутнасць адэкватнай медыцынскай дапамогі.
Марфе Рабковай выстаўленыя абвінавачванні паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключаючы «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 і 2 арт. 342), «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285). Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. У сваю чаргу, Андрэй Чапюк абвінавачваецца ў «масавых беспарадках» (арт. 293 КК) і «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Судовы працэс супраць Марфы і Андрэя пачынаецца ўсяго за дзень да 26-й гадавіны праваабарончага цэнтру. Заснаваная 26 красавіка 1996 года пасля разгону масавых пратэстаў, прымеркаваных да 10-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, «Вясна» з'яўляецца вядучай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі, якая змагаецца з беспакаранасцю, адсочваючы і дакументуючы парушэнні правоў чалавека і падтрымліваючы ахвяр рэпрэсій. На працягу ўсяго свайго існавання «Вясна» сутыкалася з пераследамі і ўмяшаннем з боку беларускіх улад. На працягу ўсіх 26 гадоў свайго існавання арганізацыя зазнавала пераслед і напад з боку ўлад, ёй было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, а кіраўнікоў не раз арыштоўвалі. У выніку большасць праваабаронцаў, якія супрацоўнічалі з арганізацыяй, цяпер знаходзяцца ў турме ці ў выгнанні.
Рэпрэсіі супраць «Вясны» і яе сябраў з'яўляюцца часткай маштабнай кампаніі па ціску на грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Толькі ў 2021 годзе ўлады закрылі з палітычных прычынаў больш як 275 праваабарончых і іншых незалежных арганізацый, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай легальна дзеючай праваабарончай арганізацыі. Акрамя таго, прынятыя ў снежні 2021 года папраўкі ў Крымінальны кодэкс вяртаюць крымінальную адказнасць за «дзеянні ад імя незарэгістраваных ці ліквідаваных арганізацый». Ліквідацыя ўладамі ўсіх незалежных праваабарончых арганізацый прывяла да фактычнай крыміналізацыі праваабарончай дзейнасці. У апошнія гады ўлады Беларусі ўвесь час груба парушаюць правы на свабоду выказвання меркавання, асацыяцыі і мірных сходаў, замацаваныя ў міжнародных дакументах па правах чалавека, уключаючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю, што аказала застрашлівае ўздзеянне на грамадзянскую супольнасць у краіне.
Арганізацыі, якія падпісалі заяву, асуджаюць адвольнае ўзяцце пад варту Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, сябра Рады «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, юрыста і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча, юрыста Гомельскай філіі «Вясны» Леаніда Судаленкі, а таксама валанцёркі Таццяны Ласіцы, і заклікаюць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і спынення адвольнага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў
Нарвежскі Хельсінкскі камітэт
Фонд «Дом правоў чалавека»
Right Livelihood
Östgruppen
Civil Rights Defenders
Human Rights Watch
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Front Line Defenders