viasna on patreon

Год калоніі — за ўдары пластмасавым флагштокам па машыне з аўтапрабегу «За адзіную Беларусь»

2022 2022-04-29T10:18:22+0300 2022-04-29T10:18:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/za_belarus.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім раённым судзе ў лістападзе 2021 года да аднаго года пазбаўлення волі асудзілі 34-гадовую Святлану Саўчанка. Яе абвінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса) за тое, што 2 верасня 2020 года на праўладным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у Новай Баравой яна сарвала з адной машыны пластмасавы флагшток і некалькі разоў стукнула па машыне Land Rover, якая ўдзельнічала ў ім. Пацярпелай па справе прызнаная адна з арганізатарак праўладных аўтапрабегаў пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 Вольга Маршаловіч (Сышчанка). Шкоду ад дзеянняў ацанілі на суму 647 рублёў 53 капейкі. Справу разглядала суддзя Анжаліка Казлова. 29 лістапада жанчыну ўзялі пад варту ў зале суда — цяпер яна ў калоніі. Падрабязнасці справы і судовага працэсу сталі вядомыя толькі цяпер — распавядаем пра іх.

za_belarus.jpeg
Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» 2 верасня 2020 года ў Новай Баравой

«Нанесла пластыкавым флагштокам не менш за чатыры ўдары па кузаве аўтамабіля Range Rover». У чым абвінавацілі Саўчанка?

Паводле версіі абвінавачвання, каля 20:35 2 верасня 2020 года Святлана Саўчанка ў раёне Новая Баравая, дзейнічаючы наўмысна, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, беспадстаўна, з хуліганскіх памкненняў, нанесла пластыкавым флагштокам не менш за чатыры удары па кузаве аўтамабіля Land Rover 0057 IX-7 белага колеру з чорным дахам, у выніку чаго пашкодзіла лакафарбавае пакрыццё пярэдняга левага крыла, накладкі пярэдняга левага крыла, корпуса левага люстэрка задняга віду, дзвярэй кіроўцы, ручкі ад дзвярэй кіроўцы і задніх левых пасажырскіх дзвярэй, а наогул пашкодзіла маёмасць пацярпелай Вольгі Сяргееўны Маршаловіч (Сышчанка) на агульную суму 647 рублёў 53 капейкі.

На судзе Святлана віну не прызнала.

«Я адчувала душэўныя і маральныя стрэсы», — пацярпелая

Вольга Сяргееўна Маршаловіч (Сышчанка)
Вольга Сяргееўна Маршаловіч (Сышчанка)

У адкрытых інтэрнэт-крыніцах паведамляецца, што пацярпелая па гэтай справе Маршаловіч (Сышчанка) па стане на 5 сакавіка 2021 гады мела рамантычныя сувязі з начальнікам мінскага АМАПа Дзмітрыем Балабам. Па стане на 17 верасня 2021 года яна працавала ў Мінгарвыканкаме. Прозвішча з Сышчанка на Маршаловіч яна змяніла ў лютым 2021 года.

У судовым пасяджэнні пацярпелая Маршаловіч расказала, што 2 верасня 2020 года на аўтамабілі, што ёй належыць, удзельнічала ў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». Каля 20-й гадзіны аўтакалона прыехала ў вёску Копішча, дзе рух калоны быў заблакаваны. На абочыне дарогі, тратуарах, а таксама на праезнай частцы сабралася вялікая колькасць грамадзян, якія выкрыквалі абразы, патрабавалі пакінуць гэты раён. У пэўны момант пачула гукі ўдараў па задняй частцы корпуса машыны, убачыла побач з машынай злева дзяўчыну, якая нанесла нейкім прадметам удары па машыне, кінула гэты прадмет на капот, пасля чаго хутка сышла.

Паводле слоў пацярпелай, усяго па машыне было нанесена не менш за шэсць ўдараў. Калі Маршаловіч выйшла з машыны, то ўбачыла на капоце пластыкавы трымальнік для флагштока, які да гэтага быў замацаваны на шкле задніх левых дзвярэй, сам сцяг адсутнічаў. Дзяўчыны, якая наносіла ўдары, каля машыны ўжо не было.

Яшчэ некаторы час калона працягвала стаяць, да машыны падыходзілі мужчыны, з кімсьці яна размаўляла. Удараў па машыне больш не чула і не бачыла.

Ранкам наступнага дня агледзела машыну, выявіла пашкоджанні на левых дзвярах кіроўцы і на пасажырскіх дзвярах у выглядзе драпін лакафарбавага пакрыцця, сколу на пластыкавым элеменце, размешчаным на левым крыле, драпіны на корпусе левага люстэрка задняга віду і на левым крыле. 3 верасня яна напісала заяву ў міліцыю.

Пацярпелая прасіла спагнаць з абвінавачванай кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 4 000 рублёў. На судзе Саўчанка пазоў не прызнала.

«Я адчувала жудасны стрэс, таму што такая сітуацыя. Тое, што адбылося са мной, адбылося са мной упершыню. Ніколі раней са мной падобнага не адбывалася. У свой працоўны час я вымушана была ездзіць то на вочную стаўку, то да следчага, то на агляд, то бок я марнавала свой асабісты час, якога ў мяне і так вельмі мала. Апроч усяго іншага, наогул тое, што абвінавачаная паводзіла сябе некарэктна ў дачыненні да мяне і ў дачыненні да псавання маёй маёмасці, я адчувала душэўныя і маральныя стрэсы. Дагэтуль я знаходжуся ў стрэсавым стане, узгадваючы гэтую сітуацыю.

Я сама не чула, што яна выказвалася [нецэнзурна], але іншыя казалі. Я не выключаю, што так і было», — растлумачыла свае маральныя пакуты на судзе Маршаловіч.

Пацярпелая на судзе абуралася, што відэа было апублікаванае ў чаце «Новая Баравая 98%».

Выказвала патрабаванні пакінуць раён. Што казала на судзе абвінавачаная??

На судзе Святлана распавяла, што ўвечары 2 верасня вярталася дадому з крамы. Яна звярнула ўвагу, што на праезнай частцы ў вёсцы Копішча ўтварыўся затор з аўтамабіляў, у вокнах і на кузаве якіх знаходзіліся дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь, з машын раздавалася музыка. Каля машын, на тратуарах, на абочыне праезнай часткі сабралася вялікая колькасць грамадзян, якія абураліся прыбыццём аўтакалоны. Яна таксама лічыла, што дзеянні ўдзельнікаў аўтакалоны парушалі спакой і стваралі небяспеку для грамадзян, якія жывуць у гэтым раёне, таму таксама выказвала на адрас удзельнікаў аўтакалоны патрабаванні пакінуць раён. Пераходзячы праезную частку, прайшла ўздоўж некалькіх машын з калоны, накіравалася дадому.

Святлана на працэсе настойвала, што флагштокі з машын, якія знаходзіліся ў калоне, не зрывала, удары па аўтамабілях не наносіла.

«Паводзілі сябе агрэсіўна». Што казалі сведкі? 

Прабег
Аўтапрабег "За адзіную Беларусь" 2 верасня 2020 года ў Новай Баравой

На судзе дапыталі двух удзельнікаў праўладнага аўтапрабегу. Першая сведка, якая знаходзілася ў адной машыне з Маршаловіч, на судзе расказала, што 2 верасня 2020 года ўдзельнічала ў аўтапрабегу. Каля 20-й гадзіны прыехалі ў Новую Баравую, дзе рух калоны быў заблакаваны.

«Вакол аўтамабіляў іхняй калоны пачалі збірацца грамадзяне, выказвалі сваю незадаволенасць на адрас удзельнікаў аўтапрабегу, паводзілі сябе агрэсіўна».

У пэўны момант яна звярнула ўвагу на дзяўчыну, «якая прайшла перад іх машынай справа налева па ходзе руху», пасля чаго сведка адразу ж пачула гукі ўдараў па левай частцы аўтамабіля. Чула не менш за два ўдары.

Як менавіта з іх машыны быў сарваны флагшток, яна не бачыла.

Яшчэ адзін сведка-ўдзельнік аўтапрабегу расказаў на судзе амаль тое самае: сабралася шмат грамадзян, якія «паводзілі сябе агрэсіўна, выкрыквалі розныя лозунгі, правакавалі ўдзельнікаў аўтапрабегу на канфлікт».

У нейкі момант ён убачыў, што да машыны, што стаяла перад ім, падышла жанчына, сарвала з задніх левых дзвярэй флагшток, некалькі разоў нанесла ім удары па машыне, пасля чаго накіравалася ў бок, зваротны руху калоны.

На судзе дапыталі мужа абвінавачанай. Суддзю Казлову цікавілі, у тым ліку, палітычныя погляды Святланы пасля 9 жніўня 2020 года:

«Скажыце, яна падтрымлівала тых, хто мітынгаваў, ці сілавыя структуры?»

Муж адказваў, што ягоная жонка выступала супраць гвалту.

«Здзяйсняе сцягам нейкія рухі». Доказ — відэа

У якасці доказу віны Саўчанка на судзе даследавалі відэазапіс ад 2 верасня 2020 года, на якім былі бачныя ўчасткі мясцовасці, размешчаныя зблізку в. Копішча, і рух па вуліцы транспартных сродкаў з дзяржаўнымі сцягамі, у тым ліку аўтамабіля Land Rover 0057 IX-7 белага колеру з чорным дахам.

Паводле відэазапісу, у 20:35 да паказанага аўтамабіля з левага боку падыходзіць жанчына, апранутая ў кофту аранжава-чырвонага колеру, на плячы якой знаходзіцца торба (пакет), зрывае сцяг, размешчаны з левага боку кузава аўтамабіля, пасля чаго праходзіць уздоўж калоны ў адваротны руху транспартных сродкаў бок, на апошнім у калоне аўтамабілі цёмнага колеру спрабуе вырваць дзяржаўны сцяг, здзяйсняе ім нейкія рухі, пасля чаго сыходзіць, пры гэтым бачна, што жанчына вядзе на ланцужку сабаку. У 20:38 дзяўчына ўваходзіць у дом, апранутая ў кофту аранжава-чырвонага колеру, у светлых штанах, з торбай на плячы, з сабакам на ланцужку.

Штраф год таму за абразу Сышчанка

za_belarus_9.jpeg
Машына пацярпелай Маршаловіч

Адметна, што паводле дадзенага інцыдэнту Святлану Саўчанка ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Суд Мінскага раёна аштрафаваў яе 30 кастрычніка 2020 года паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што 2 верасня яна ў 20:30 наўмысна з хуліганскіх памкненняў выкрыквала абразы ў адрас Сышчанка, сарвала з кузава аўтамабіля сцяг, які парвала, спрабавала справакаваць бойку, на заўвагі не рэагавала. Справу разглядаў Віктар Шаўцоў.

Таксама 1 лістапада 2020 года Саўчанка асудзілі яшчэ раз паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за абразу яшчэ аднаго ўдзельніка дадзенага аўтапрабегу, а таксама зрыў з кузава ягонага аўтамабіля сцяга, які парвала, правакаванне бойкі. 

Чым усё скончылася?

Суддзя Анжаліка Казлова вынесла прысуд 29 лістапада 2021 года — справа разглядалася з верасня. На працэсы абвінавачаная прыходзіла сама, бо была не пад вартай. Мера стрымання — падпіска аб нявыездзе.

Непрызнанне абвінавачванай віны суд расцаніў «як абраны ёю спосаб абароны з мэтай сысці ад крымінальнай адказнасці, а таксама ад абавязку па кампенсацыі нанесенай ейнымі супрацьпраўнымі дзеяннямі шкоды».

У выніку суд прызнаў Святлану Саўчанка вінаватай паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама з Саўчанка спагналі на карысць Маршаловіч кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 1 000 рублёў.

25 лютага 2022 года судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда пад старшынствам суддзі Сяргея Епіхава разгледзела апеляцыйную скаргу Саўчанка. Пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ёй пакінулі ў сіле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства