viasna on patreon

Псіхалагічная дапамога: Наступствы для псіхікі агрэсараў і саўдзельнікаў гвалту

2022 2022-05-12T13:45:27+0300 2022-05-12T13:45:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/psiholog_pomosch11.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.


Калі мы абмяркоўваем гвалт, звязаны з рэпрэсіямі ў Беларусі, звычайна мы згадваем ахвяр, але амаль ніколі не гаворым пра тых, хто яго ажыццяўляў. Ці адбіваецца на псіхіцы суддзі вынясенне несправядлівых прысудаў? Ці можна перавыхаваць амапаўца, які збіваў дзяўчын падчас мірных маршаў? На гэтыя пытанні мы паспрабуем адказаць разам са спецыялістамі.

«Расстрэльная каманда»

У сваёй кнізе пра тых, хто выносіў смяротныя прысуды ў Беларусі, былы начальнік СІЗА на Валадарскага Алег Алкаеў расказваў, што пасля першага ўдзелу ў выкананні смяротнага прысуду ў яго былі галюцынацыі: мроіўся расстрэл, здавалася, хтосьці стогне.

«Такі стан доўжыўся тры дні, — пісаў ён. — Я наўмысна абраў сабе дзяжурства на Новы год, каб сваякі не заўважылі зменаў у маіх паводзінах. Толькі пасля Новага года, прыняўшы ладную дозу алкаголю, я ўпершыню за трое сутак заснуў з выключаным святлом і без кашмарных сноў. З'явілася жаданне ўсё кінуць і больш ніколі не ўдзельнічаць у мерапрыемствах падобнага кшталту».

Псіхатэрапеўт, які спецыялізуецца на працы з суб'ектамі гвалту, упэўнены: гэты выпадак — хутчэй выключэнне, чым заканамернасць.

«Апісаны вышэй выпадак адбыўся, таму што падзеі развіваліся рэзка, без падрыхтоўкі. Такое яшчэ бывае ў людзей з моцным унутраным супрацівам таму, што адбываецца. Калі жабу кінуць у гарачае малако, то яна паспрабуе выскачыць, выратаваць сябе. Калі жабу пакласці ў халоднае малако і паставіць на газ, малако будзе награвацца паступова і жаба не западозрыць нядобрае ды зварыцца. Тое самае адбываецца і з чалавечай псіхікай.

Таму для большасці супрацоўнікаў эскалацыя гвалту адбывалася паступова. Спачатку я дазволіў сабе абразіць падазраванага, потым груба затрымаць, стукнуць — і вось надыходзіць момант, калі я гатовы весці яго на расстрэл».

Былы начальнік СІЗА таксама распавядаў, што ў побыце ўдзельнікі «расстрэльнай каманды» былі абсалютна мірнымі людзьмі, некаторыя з іх былі не здольныя сварыцца ці скандаліць. Гэтак жа і былы вязень Аўшвіца К. Сікоўскі ўспамінаў, што, увойдучы ў залу судовага пасяджэння, ён не мог адшукаць у ёй брутальных эсэсаўцаў, якія прынеслі яму столькі пакут. Толькі праз некаторы час у тварах «звычайных людзей», якія сядзяць у зале, у яго атрымалася распазнаць сваіх катаў. Псіхатэрапеўт тлумачыць гэта тым, што агрэсары практычна заўсёды ствараюць вакол сябе ілюзію, што «яны такія, як усе», звычайныя прыстойныя людзі. Але ў той жа час час яны працягваюць выяўляць агрэсію, апраўдваючы яе разнастайнымі прычынамі.

Якія псіхалагічныя наступствы найболей імаверныя?

Журналісты, сваякі палітвязняў, праваабаронцы, актывісты часта здзіўляюцца: як можна настолькі па-зверску збіваць мірных людзей — сваіх жа суграмадзян? Як можна не прапускаць лісты ў СІЗА і калоніі, выносіць несправядлівыя прысуды ці казаць хлусню з тэлеэкранаў? Але ў людзей, якія датычныя да гвалту ў пенітэцыярнай сістэме Беларусі, зусім іншая логіка.

«Наша псіхіка ўладкаваная так, што ёй патрэбны пункт апоры, нават дэструктыўны, — распавядае псіхатэрапеўт. — Іх думкі прыкладна такія: каб не з'ехаць з глузду, я павінен сабе патлумачыць, чаму так раблю. Але для эфектыўнага разгляду ім бракуе інтэлекту і ўнутраных маральна-этычных арыенціраў — таму яны звяртаюцца да самых простых і зразумелых рэчаў. Напрыклад, яны могуць быць наступнымі. «Усе, хто не згодзен са мной, — ворагі. Я знаходжуся сярод ворагаў, а значыць, калі я мацнейшы, я іх караю, калі слабейшы — хаваюся і маскіруюся, чакаю. Тады я вымушаны дзяліць свет толькі на чорнае і белае. Тыя людзі, якія не ворагі, проста ашуканыя ворагамі, але надыдзе час — і яны ўсё зразумеюць і будуць узносіць мяне, як героя, услаўляючы мае ўчынкі».

Гэта гучыць абсурдна, але прыкладна такія думкі ў іх у галаве. І шмат хто лічаць, што ўжо надышоў той самы момант, калі яны героі. Таму яны так любяць спяваць дыфірамбы адно аднаму, чытаюць толькі «правільныя» матэрыялы, глядзяць «правільныя» каналы. Свет поўны ілюзій, калі так можна сказаць — «матрыца» ў рэальнасці». 

Сузаснавальніца Цэнтра псіхалагічнай дапамогі беларусам у Вільні Вольга Вялічка дадае:

«У беларускую міліцыю ідуць юнакі з адукацыяй ніжэй за сярэднюю, якія адслужылі ў войску і ім быў прапанаваны вельмі прывабны для іх узросту кантракт. Такі ж афіцэр прыходзіць у сістэму МУС, дзе ад яго патрабуюць маўчаць і быць выканаўчым. Але любы загад трэба прапускаць праз прызму крытычнага мыслення, а яго ў іх няма таму вельмі мала супрацоўнікаў міліцыі разумеюць, калі загад робіцца злачынным».

Магчыма, таму сярод найболей распаўсюджаных прычынаў, якімі прыкрываюцца тыя, хто ажыццяўляў гвалт, — «я ўсяго толькі выконваю загад» і «я выкараняю злачыннасць».

«Пры ідэальным збегу акалічнасцяў гэтыя людзі павінны прызнаць свае памылкі і выпрацаваць новую мадэль паводзін, — распавядае псіхатэрапеўт. — Але часцей за ўсё наступствамі робяцца алкагалізм, гвалт над блізкімі, сталае пачуццё віны, страху, што пакараюць, сардэчна-сасудзістыя захворванні, дэпрэсія, парушэнні сну, апетыту, сэксуальная дысфункцыя. Пералічаць можна доўга».

Нават падчас практычна поўнай адсутнасці інфармацыі пра стан супрацоўнікаў пенітэцыярнай і судова-выканаўчай сістэм Беларусі ўжо вядома, што ў тых, хто разганяў пратэсты ў 2020 годзе, з'явілася боязь суседзяў, цяга да алкаголю, суіцыдальныя думкі. Некаторыя сапраўды канчалі жыццё самагубствам. Былы начальнік Ганцавіцкага РАУС, які кіраваў разгонам акцыі пратэстоўцаў, трапіў на абследаванне ў псіхіятрычную лякарню праз суіцыдальныя думкі. Летась у траўні пакончыў з сабой начальнік ізалятара Полацкага РАУС; трошкі раней быў знойдзены павешаным палкоўнік у адстаўцы, які ў жніўні 2020 года адказваў за падаўленне пратэстаў у Брэсце.

«Разам з гэтым для псіхікі чалавека, які здзяйсняў гвалт, цалкам можа не быць наступстваў, калі казаць у звычайным разуменні гэтага слова, — разважае псіхатэрапеўт. — Ён можа пражыць усё жыццё і выглядаць з боку цалкам нармальным. Але варта зразумець адну важную рэч. Большасць людзей ацэньвае ўчынкі і паводзіны іншых з боку сваіх маральна-этычных нормаў і пастулатаў: калі для мяне недапушчальна зневажаць іншага чалавека, мне здаецца гэта дзікасцю, то я лічу, што іншы чалавек, здзяйсняючы такія ўчынкі, пераступае праз сябе, прымушае сябе гэта зрабіць, разумее, што ён здзяйсняе, і таксама думае, што робіць дрэнна, але — робіць. А гэта зусім не так.

Напрыклад, калі мы сталі сведкамі ўжывання гвалту аднаго чалавека да іншага і кажам агрэсару: «Не рабі так, гэта няправільна», — то ў гэты момант мы звяртаемся да ягонага спачування, спагады, павагі. Але калі б усе гэтыя якасці былі досыць развітыя, то чалавек першапачаткова не ўжываў бы гвалту. Ягоны маральны компас гэтага не дазволіў бы. Але ён здзейсніў гвалт, а значыць, гэтых якасцяў няма і наш пасыл сыходзіць у нікуды».

Хто вінаваты і што рабіць?

Тэарэтычна ў сілавых структурах павінна быць самая моцная і развітая сістэма аказання псіхалагічнай дапамогі ў краіне: гэтыя людзі маюць зброю, мы давяраем ім свае жыцці.

«На практыцы ж зварот супрацоўніка да псіхолага фіксуецца ў асабістай справе і служыць тормазам падчас пасоўвання на службе, — распавядае псіхатэрапеўт. — Гэта прымушае супрацоўніка хаваць свае праблемы, якія выліваюцца ў праяву агрэсіі ў дачыненні да падначаленых, затрыманых, чальцоў сям'і. Спробы развіцця службаў псіхалагічнай дапамогі для агрэсараў рабіліся неаднаразова, але пакуль не прывялі да поспеху».

Эфектыўнасць працы псіхолага ў сілавых падраздзяленнях Беларусі роўная нулю, пацвярджае Вікторыя Мельнікава, якая займала гэту пасаду ў адной са структур МУС, а пазней пакінула краіну. Спецыялістка бачыць праблему ў сфармаванай іерархіі. Псіхолаг, паводле яе, успрымаецца шараговымі супрацоўнікамі МУС як сродак дадатковага ціску, нейкі карны орган ці як «дадатковая перашкода падчас уладкавання на службу, якую трэба пераадолець; да яго проста няма даверу».

Спецыяліст таксама ўпэўнены, што прымусовая псіхатэрапія як частка прадпісання суда, бясспрэчна, можа быць эфектыўнай: гэта паказвае досвед усяго свету. Вядома, што шэраг падобных праграм дэманструюць да 70% эфектыўнасці — гэта добры вынік нават пры добраахвотнай тэрапіі. Складаней сітуацыя з інтэграцыяй людзей, якія здзяйснялі гвалт, у грамадства.

«Калі мы гаворым пра здаровае грамадства, у якога сфармаваныя каштоўнасці і прысутнічае мараль, то такія людзі без адмовы ад сваіх дэструктыўных усталёвак не могуць інтэгравацца ў яго, — тлумачыць псіхатэрапеўт. — На жаль, калі грамадства не валодае вышэйпералічаным, то такія індывіды лёгка займаюць пануючыя пазіцыі і інтэгравацца ўжо даводзіцца «звычайным» людзям».

Спецыяліст упэўнены: «прышчэпкай» ад шырокага распаўсюду гвалту ў грамадстве можа зрабіцца адукацыя і асабістая адказнасць.

«Адукаваны чалавек не прымае навязаныя агрэсіўныя мадэлі паводзін і ведае, як ім супрацьстаяць. Асабістая адказнасць прымушае дзейнічаць самому, а не чакаць, што гэта зробяць іншыя ці праблема вырашыцца сама», — падсумаваў псіхатэрапеўт.

Псіхалагічная дапамога: Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў

Сённяшнія рэпрэсіі часта пакідаюць беларусаў сам-насам з сабой і, на першы погляд, невырашальнымі сітуацыямі. Так адбываецца, калі палітвязняў саджаюць у карцар, ШІЗА ці ПКТ. Так адбываецца, і калі людзі вымушаны экстрана ўцякаць у іншую краіну, і калі пасля эміграцыі вымушаны адаптоўвацца ў новай краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства